13 снежня, серада

Вы тут

Таццяна Цвірка. Радаўніцкія свечкі


Калі пагадзіцца з тым, што па лірычных творах (а «Радаўніцкія свечкі» — апавяданне, якое мае ў сабе яўныя прыкметы такога твора) можна меркаваць пра характар іх аўтара і нават пра род яго заняткаў — апроч уласна літаратурнай творчасці, то Таццяна Цвірка ўяўляецца чалавекам светлым, шчырым, інтэлігентным, які тонка адчувае хараство і любіць дзяцей. Хто па прафесіі? Думаю, многія (зноў-такі, прачытаўшы сённяшняе конкурснае апавяданне) захочуць уявіць яе настаўніцай. Ці супрацоўніцай дзіцячага садка. І будуць мець рацыю: Таццяна Канстанцінаўна працавала і загадчыкам дзіцячага сада-ясляў, і настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе, і ў Клецкім дзіцячым доме. Апошнія дзесяць гадоў паспяхова займаецца прыватным бізнесам. А хто сказаў, што бізнес падпарадкоўваецца толькі людзям жорсткім і па сваёй натуры далёкім ад лірыкі?..

Алесь Бадак


Аўтобус крута павярнуў метраў за трыццаць ад магазіна і спыніўся. Задаволена прасіпеў, расчыняючы дзверы, выпусціў апошніх пасажыраў на канцавым прыпынку. Нягуста іх было: мужчына інтэлігентнага выгляду ў чорным плашчы з капелюшом на галаве, што саскочыў з прыступкі і адразу пашыбаваў у магазін, ды маладая жанчына з дачушкай-школьніцай. Яны выйшлі, агледзеліся, накіраваліся паўз агароды, па полі, у бок мясцовых могілак.

Аніта, паўнагрудая сімпатычная жанчына гадоў трыццаці, у цёмна-вішнёвай балоневай куртцы, джынсах і скураных красоўках, несла ў руцэ чорную торбу. Торба, відаць, была няцяжкай, бо ішла Аніта хутка, не зважаючы на палявую гразкаватую яшчэ сцежку, краем вока назіраючы, ці паспявае за ёй дачушка Людка.

Паспявала! Сямігадовае дзяўчо дробна перабірала ножкамі ў зялёненькіх гумавых боціках, пэўна, баючыся хоць на крок адстаць ад матулі. За спінай у Людкі ў такт яе хадзе падскокваў аліўкавы, з жоўценькімі замочкамі, заплечнік — падарунак Дзеда Мароза.

Гаманіла вясна. Тут, у полі, яе гоман быў асабліва гучны, але неразборлівы. Ён то разліваўся звонкай паднябеснай песняй жаўранка, то рэзаў слых непрыемным карканнем варон, то даносіўся ледзь улоўным шумам палявога раўчука, што бег уздоўж агародаў.

Вясна пахла свежай падталай раллёй, прэлай перазімаванай саломай, гаркаватым дымком ад спаленай старой травы.

Хоць не вельмі ахвотна раздорваў цёплыя дні сярэдні сын вясны — красавік, яна прыхарошвалася. Нацягвала бялюткія панчохі на старыя яблыні, разліла салатавую фарбу на маладую траўку, сыпнула з дзясятак добрых жменяў жоўтых пацерак падбелу на прыгоркі.

Аніта спынілася. Крыху перавяла дух ад шпаркай хады, скінула куртку — сонейка добра прыпякала ў спіну. Услед папрасілася і Людка: «І я скіну, мне горача!» — на носіку блішчалі малюсенькія кропелькі поту.

— Пацярпі, дачушка, амаль прыйшлі. А то ўвагрэлася, вецер падзьме — зноў кашляць пачнеш.

Вясковыя могілкі сустрэлі панура. На невысокім плоце, што іх агароджваў, можна было разгледзець плямы даўнішняй блакітнай фарбы. Праслы плота пахіліліся, сям-там упалі на зямлю. Леташні няскошаны асот ды сівыя дубцы лебяды амаль у чалавечы рост адчувалі сябе гаспадарамі каля старых штыкецін.

Каля ўвахода Аніта падняла закіданую смеццем адарваную брамку, прыставіла да плота. Неяк трывожна пераклікнуліся думкі, зашчымела ўспамінамі сэрца. Гэтыя могілкі ў яе памяці з дзяцінства. Штогод яны з матуляй прыязджалі сюды перад Вялікаднем. Тут спачывае маміна мама, Аніціна бабуля Зіна. Рана пайшла яна з жыцця. Не раз расказвала Аніце мама пра трагічны лёс бабы Зіны.

У далёкія пяцідзясятыя прыехала яна з мужам у невялікую вёску, куды паслалі яго працаваць аграномам. І хатку далі ім сваю, і дачушку праз год яны нарадзілі, і лёс абяцаў сыпаць шчасце прыгаршчамі... Ды прыглядзела, мабыць, прыгажуню Зінку лупавокая смерць, прыдумала ей раптоўны канец: маладая жонка, маці двухгадовай малечы, поўная надзей на бурлівае і шчаслівае жыццё, так недарэчна падавілася хлебнай крошкай, якая заскочыла ў дыхальны праход... І праз колькі хвілін Зінка сканала. Пахавалі Зінку на старых могілках, а праз нейкі час яе муж з немаўляці, Аніцінай мамай, ажаніўся з іншай жанчынай і з'ехаў у другі раён. Так вось і засталася яе магілка ў гэтай далёкай вёсцы, сярод старых аднавяскоўцаў, дзе сёння, напэўна, калі кладзецца спаць сонейка, цьмяна свецяцца вокны не больш дзясятка хатак-пенсіянерак.

Асцярожна, праз помнікі і агароджы ішла да знаёмай магілкі, ведучы за руку дачку. Дзіўна — маўчала гаваркая Людка, напэўна, стамілася ад хады. Падышлі бліжэй. Спалохана затрапяталася Аніціна сэрца, падкасіліся ногі: над самым помнікам звесілася тоўстае галінастае дрэва. Надламаны з паўметра ад зямлі ствол ледзь трымаўся за падтрухлелы пень. Здавалася, некалькі дотыкаў — і дрэва ляжа на невысокі граніт, разаб'е яго і самне прыгожы крыжык.

— Божа, божа, як дрэва зламалася! Стой, Людачка, не ідзі бліжэй, а то яшчэ на цябе зваліцца, — самой жа захацелася расплакацца: ні сякеры, ні пілы, хто б мог падумаць пра такое? Вядома ж, дрэва ёй не пад сілу... Агледзелася вакол. Як кінуць вокам — амаль усе могілкі прыбраныя, пасыпаныя пясочкам, стракацяць вяночкі, штучныя кветкі. У тутэйшых мясцінах традыцыя — прыбірацца на могілках да Вялікадня. На Радаўніцу сюды прыходзяць лічаныя людзі. Непадалёку Аніта заўважыла яшчэ некалькі пахіленых дрэў. Воддаль — такі ж малюнак. «Пэўна, бура іх так скалечыла», — падумала ўслых.

Вуха ўлавіла шум крокаў, нос адчуў пах цыгарэтнага дыму. Азірнулася. Адразу і не пазнала дзеда Васіля. Стары зусім стаў, няголены, з-пад кепкі выбіваліся сівыя валасы.

— А-а-а, унучачка, сяброўку маю прыехала пераведаць? Ну то здарова была!

— Добрага дня, дзед Васіль, рада бачыць вас здаровага ды вясёлага!

— Старэю, дзіця, хутка і я дамоў пайду, месца вось каля свае Кацярыны апратаў. А то твая чарнавочка? — кіўнуў на дзяўчынку.

— Ага, Людка мая.

— Добры дзень, — нясмела прывіталася малая.

— Дзед Васіль, вось стаю ды гарую. Глянула — дрэвы па ўсіх могілках да зямлі прыхіліліся, пападаюць здаецца вось-вось. І гэтае во, да бабулінага помніка зараз прытуліцца.

— Э, Аніта, гэта ж летась, як улетку бура была, пакасіла іх. Вось і ліпяць. Пакутуюць, зажыва паміраюць. Ліпа старая ўпала, Сямёніхі помнік пабіла, то Іван прыехаў, зрэзаў бензапілою на дровы. А гэтыя во чакаюць пары, грымнуцца і яны.

— Дзед Васіль, то амаль год ужо часу прайшло з таго лета, няўжо няма каму дрэвы пазрэзваць?

Стары дакурыў папяросу, затушыў яе, прысеў на невялікі камень каля плота.

— От, унучка, адным махам дрэва не ўпарадкуеш. У нас у вёсцы Алесь самы малады, а яму за шэсцьдзясят. Дзеці-ўнукі прыедуць, адно што падграбуць, а астатняе — не маё гарыць, не мне тушыць. Унь у суседняй вёсцы сабралі людзі грошай трохі з кожнай хаты, нанялі нейкую брыгаду з райцэнтра, то тыя прыехалі, паспілоўвалі, паскладалі, дый ляжаць каля плота на могілках, бо на вываз грошай не хапіла. Там таксама амаль усе пенсіянеры жывуць. А ў нас... Адны «грыбы» старыя, па сваіх падворках ледзь соваюцца.

— То ёсць жа ўлада, старшыня калгаса, сельсавета, дэпутаты.

— Ой, любачка, гэта пакуль выбрацца, яны мех і торбу наабяцаюць, потым мы і галасы іх забыліся, добра, як праскочыць каторы калі па сяле ды галавою кіўне. А да цэнтра хто пацягнецца? Хто туды свае жальбы панясе?

Дзед працяжна цмокнуў, нібы набіраў паветра, каб прадоўжыць гаворку.

— Ты, Аніта, праўды не шукай. Сярод варон жыўшы — варонай і каркай. Ты ж таксама на пару гадзінак, пакуль аўтобус назад ісці будзе... Давай вось лепш памагу звярнуць дрэва ўбок, каб помнік не дзёўбнула. Пайду, унь, Андрэя клікну, ён тут у Мані агароджу фарбуе, бо хварэў, ужо думаў не ўстане, але бач, прышкандыбаў паціху, адпусціла, мабыць, хвароба.

Аніта пачала выграбаць лісце грабелькамі без чаранка, маленькім драпачыкам пасвяжыла зямлю. Побач мітусілася Людка. Чытала надпісы на суседніх помніках:

— «Семянчук Людміла Пятроўна. Ж. 68 г. Памяць мужа». Ой, мамачка, тут пахавана нейкая цёця Людміла, у нас імёны аднолькавыя.

— Людміла! Прыгожае імя. Гэта значыць людзям мілая, спагадлівая.

— А мая бабуля Зіна таксама была спагадлівай? — пачала сыпаць пытанні дзяўчынка.

— Зіна — гэта мая бабуля, а твая — прабабулька. Бабуля твая Ірына, што ў Іванаве жыве.

— А мая прабабулька Зіна якая была? Добрая і спагадлівая? — не супынялася Людка.

— Добрая, вельмі добрая, мо і памерла маладая таму, што божанька самых лепшых забірае. А ты ідзі во там пахадзі, дзе дрэў няма. На фотаздымкі паглядзі, пачытай, тут нашы продкі ляжаць.

Утраіх ледзьве ссунулі дрэва ўбок. Яно нягучна, па-старэчы крэкнула, быццам робячы апошні ўздых, лягло на зямлю, прыкрыўшы галінамі некалькі помнікаў, але ствалом не чапіла.

— Якраз во лягло між магіл, тут яму і вечны спачын. Як ніхто не даўмеецца на дровы парэзаць, то, можа, я зяця ўгавару, як прыедзе на майскія.

— Дзякуй вам, дарагія памочнікі, а то я ўжо ці не плакаць сабралася.

— А ты паплач. Паплач сабе, унучка, — зноў палез у кішэню па цыгарэту дзед Васіль. — Па ўсіх нас гаротных паплач, па гэтым кладзьбішчы занядбаным, па долі нашай старэчай, адзінокай. Бо смерць не пытае і не перапрашае — усіх яна зраўняе. Усіх зямелька прыме і накрые. Толькі вось шкада, што дзяцей сваіх мы не навучылі, што самае святое быльнягом ды лебядой зарастае, што во, плота новага няма каму паставіць. А ў дваццаць першым стагоддзі жывём!.. — зацягнуўся цыгаркай дзед, закашляўся, бы дымам падавіўся, а гэта крыўда запяршыла ў горле, заціснула... — Хадзем, Андрэй, паціху!

Аніта прысела на зламанае дрэва, шкрабала маленькім венічкам аб зямлю. Яе душылі слёзы. Ад роспачы, што яна нічым не можа дапамагчы гэтым нямоглым старым, а яны, дзяды, выручылі яе. Ад сораму, што забыты мясцовай уладай сцежкі да зарослых магіл сваіх продкаў, ад горычы, што людзі, якія ўсё сваё жыццё аддалі зямлі, працы ў родным калгасе, не заслужылі гонару ляжаць у дагледжаным месцы, прыбраных магілах, каля пафарбаванага плота ды прыгожага вялікага крыжа ў бялюткіх ручніках і агністых кветках... Праўда, не навучыліся мы і дагэтуль рабіць бескарыслівыя справы, прымаць чужы боль, як свой, не акультурыліся, водзім у сябрах сквапнасць, зайздрасць ды сябелюбства...

Думкі перабіла Людка:

— Мама, мама, а я там магілку знайшла, яна ўся зарасла, адно драўляны крыжык стаіць на маленькім грудку. Можа, падмяцём яе?

На бабулін крыж Аніта павесіла яркі вяночак, разам з дачкой запалілі свечку. Жанчына ўкленчыла, пачала шаптаць малітву. Стала побач на каленкі і малая, перажагналася, мыляла губкамі разам з мамай «Ойча наш».

— Мамачка, а кветку туды пакладзём? На той гурбячок, ну хоць адненькую-ю-у? — працягла спытала Людка.

Аніта асцярожна адарвала ад вялікага штучнага букета галінку з чатырма кветачкамі, укінула ў сумку грабелькі, венічак, драпач. Людка ўзяла матулю за руку, павяла, амаль пацягнула яе да знойдзенай магілкі. Сама старанна грабелькамі зграбла перапрэлую лістоту. Ручкамі абарвала траву. Аніта намацала пад лісцем невялікі кавалак пліты. Акуратна з Людкай пачысцілі яе, нават заўважнымі сталі выбітыя літаркі і лічбы. Прозвішча не разглядзелі, прачыталі імя Мікалай, добра была відаць і лічба 8.

— Восем гадкоў пражыў Мікалайка, — уздыхнула жанчына. — Напэўна, яго мама і тата даўно ўжо не жывуць...

— Значыць, тут пахаваны маленькі хлопчык, амаль як я... — Людка неяк сцялася ўся, прыціхла на хвілінку. Затым рухавенька пачала скідаць са спіны свой шыкоўны заплечнічак, пакорпалася крыху ў ім і дастала невялікую свечку. — Во, мамулька, я ж узяла з дому. Давай запалім.

Аніта чыркнула запалкай. Полымя лізнула тонкую нітку свечкі, ціхенька затрашчала. Паставіла свечку на ачышчаны грудок.

— Глядзі, глядзі, мамачка, буслік! — раптам закрычала Людка, падняўшы голаў, пільна праводзячы поглядам вялізную чорна-белую птушку, якая, старанна махаючы крыламі, паляцела ў вёску.

— Буслік! — як дзіця, зарадавалася і Аніта. — Добра першы раз вясной убачыць бусліка на ляту. Шчаслівым год абяцае для нас быць!

Да аўтобуснага прыпынку пайшлі не спяшаючы. Аніта, перасыпаючы, нібы ў пясочным гадзінніку, невясёлыя думкі, спынілася на рашэнні — найперш наведаць калгасную кантору і сельсавет.

Людка — радуючыся, што яны прыбралі хлопчыку яго хатку (хай яму хораша спіцца), ловячы сябе на здагадцы: а можа, гэты бусел і не просты бусел зусім, а можа, гэта той Мікалайка праляцеў? І сама сабе міла ўсміхнулася.

А ззаду, на старэнькіх вясковых могілках, з удзячнасцю і надзеяй пазіралі сваімі гарачымі палымянымі вочкамі радаўніцкія свечкі.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Якім чынам вяртаць на радзіму страчаныя культурныя каштоўнасці?

Якім чынам вяртаць на радзіму страчаныя культурныя каштоўнасці?

І чаму ў музеях нашай краіны павінны быць арыгіналы рарытэтаў?

Грамадства

Домік для Бобіка і не толькі могуць змайстраваць слуцкія бытавікі

Домік для Бобіка і не толькі могуць змайстраваць слуцкія бытавікі

«Будка для сабакі — для нашых майстроў не праблема».

Эканоміка

Як тэхналогіі і час змяняюць рынак працы?

Як тэхналогіі і час змяняюць рынак працы?

Расказваем пра змены, якія адбываюцца ўжо цяпер.