Вы тут

Як вайскоўцы дапамагаюць аграрыям збіраць ураджай


Міністэрства абароны высаджвае свой «дэсант» на хлебныя палеткі ўжо не першы год. На некалькі тыдняў вайскоўцы становяцца хлебаробамі ў пагонах. Вядома, на камбайны іх не садзяць — сучаснай тэхнікай кіруюць толькі прафесіяналы. А вось быць за рулём грузавых аўтамабіляў — акурат у ваеннай кампетэнцыі.


Штогод Мінабароны выдзяляе на ўборку ўраджаю не толькі спецыялістаў, а і сваю тэхніку. Сёлета, напрыклад, вайскоўцы дапамагаюць збіраць збожжа ў Мінскім, Старадарожскім, Асіповіцкім і Мсціслаўскім раёнах краіны. Дзеля гэтых патрэб вылучана каля 50 адзінак аўтамабільнай тэхнікі.

Да вайскоўцаў — ніводнай заўвагі

На прыбліжаных да сталіцы палетках аграрыям дапамагаюць ваеннаслужачыя 65-й аўтамабільнай і 30-й чыгуначнай брыгад. Працоўны дзень для іх пачынаецца з усходам сонца — падчас уборкі кожная хвіліна на вагу золата. Не спыняецца ў іх работа і пасля таго, як наступіла цемра. Некалькі гадзін сну — і зноў у поле.

Для старшыны кантрактнай службы Сяргея Свірскага такі распарадак дня не новы. Нарадзіўшыся ў вёсцы, пра жніво ён ведае не па чутках. Цікава, што абодва яго браты ў гэты час таксама працуюць на агульны каравай краіны.

— Адзін з братоў — камбайнер, пакуль лепшы па Брэсцкай вобласці, — з гонарам кажа Сяргей. — Малодшы працуе механізатарам: на жніве не менш адказная пасада. Я ж перавожу сабраны ўраджай.

Ужо каторы год, нягледзячы на пагоны, Сяргей Свірскі ў гэты перыяд — на палетках. Пяць разоў запар удзельнічаў ва ўборцы ўраджаю ў Віцебскай вобласці, прычым у адным калгасе. Сёлета дапамагае аграрыям агракамбіната «Ждановічы». Прычым не толькі ва ўборцы збожжа. На давераным яму аўтамабілі перавозіць і салому, і кармы.

— Наша гаспадарка адна з найбуйнейшых у краіне, таму дапамога, якую аказваюць вайскоўцы, нам вельмі неабходная, — расказвае галоўны інжынер прадпрыемства Уладзімір ПЯКАРЧЫК. — Міністэрствам абароны выдзелена шэсць аўтамабіляў. У нас хапае і сваёй тэхнікі, але паколькі адлегласці вялікія (ва ўласнасці гаспадаркі — 8200 гектараў на тэрыторыі Мінскага і Дзяржынскага раёнаў), патрэбна больш: камбайн чакаць машыну не павінен. Мы вельмі задаволеныя работай ваеннаслужачых: яны працуюць бездакорна. Ніводнай заўвагі!

Кіламетры вопыту

Па словах начальніка ўчастка «Чачкава» агракамбіната «Ждановічы» Пятра НАВУМЧЫКА, з-за дажджлівага надвор'я першыя камбайны выйшлі ў поле толькі 1 жніўня, таму, каб навярстаць упушчанае, працуюць і днём, і ноччу, без выхадных. «На цяперашні момант (на раніцу 10 жніўня. — Аўт.) убрана 30% ураджаю, — удакладняе аграрый. — Ураджайнасць на ўзроўні мінулага года — у сярэднім 60 цэнтнераў на гектар. Паколькі ў пачатку лета было холадна, а потым увогуле залівала, мы на такія лічбы нават не разлічвалі. Не паспеем сабраць збожжа, як пачнём капаць бульбу. Год у нас заканчваецца 31 снежня. Новы пачынаецца адразу ж на наступны дзень. Адпачываць няма калі: як толькі ўсё сабраў, трэба закладваць новы ўраджай».

Нягледзячы на малады ўзрост, радавы кантрактнай службы Дзяніс Цыцуля ўжо не раз удзельнічаў у жніве. Вядома, такіх сучасных і вялікіх машын, адной з якіх ён кіруе, у гаспадарцы, што ў Клецкім раёне (а менавіта адтуль родам хлопец), не было.

— Мой самазвал, напрыклад, умяшчае каля 30 тон зерня, — гаворыць Дзяніс. — За дзень робім па чатыры-пяць рэйсаў. З кожным кіламетрам набіраешся вопыту.

Пакуль размаўлялі, вайскоўцу паведамілі, што на полі... яго бацькі. Аказваецца, Галіна Іванаўна і Іван Піліпавіч, будучы па ўласных справах у Мінску, не маглі не павітацца з адзіным сынам. «Даўно не бачыліся, — прызнаюцца бацькі. — Ён сам з вёскі, таму ведае гэтую работу добра. Вельмі ганарымся, што наш сын таксама ўносіць свой уклад у такую важную справу, як збор ураджаю».

...Раптоўна на поле заварочвае невялічкі аўтамабільчык. Глушаць маторы камбайны, спыняюцца грузавікі — вячэру прывезлі.

— Сёння будзем сілкавацца бульбяным пюрэ, смажанай рыбай, сырнікамі, памідорамі і кісялём, — расказвае Марына Капойка, якая прывозіць хлебаробам яшчэ і абеды, таксама забяспечвае іх ссабойкамі. — Кожны дзень — у нас новае меню. Трэба ж, каб хлебаробы былі задаволены: нездарма ж кажуць, як падсілкуешся, так і папрацуеш!

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Мінскі раён

Загаловак у газеце: Хлебаробы ў пагонах

Каментары

Якія класныя здымкі! Дарэчы, як і заўсёды. Анатолькі, дзякуй вам вялікі за вашу працу і талент!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

«...бярэш чалавека і яго лёс, а потым у касцюме едзеш на фестываль».

Грамадства

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Гэтых дзвюх сябровак у кіналагічным цэнтры Узброеных Сіл ведаюць усе.

Грамадства

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Быць у працэсе пошуку — нармальны стан любога дзіцяці.