13 снежня, серада

Вы тут

Чым небяспечныя цёплыя зімы і трапічнае лета?


Сёння сусветны клімат змяняецца — і гэта бясспрэчны факт, упэўнены спецыялісты. Ці можна прыстасавацца да гэтых змен або знізіць уплыў негатыўных прыродных фактараў на жыццядзейнасць нашай краіны?


— Калі прасочваць змяненне тэмпературы на тэрыторыі Беларусі (а першыя інструментальныя назіранні тут былі распачаты яшчэ ў першай палове XІX стагоддзя), то пачынаючы прыкладна з 1989 года, тэмпература паветра пастаянна расце, — канстатуе Віктар МЕЛЬНІК, начальнік службы навукова-метадычнага забеспячэння гідраметэаралагічнага і радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу і фондаў даных Белгідрамета. — За гэты час (з 1989 па 2015 гады) у краіне сярэднегадавая тэмпература паветра перавысіла кліматычную норму на 1,3 °С. Гэта значыць, мы жывём у час, калі клімат змяняецца ў бок пацяплення, і пакуль, паводле ацэнак спецыялістаў, гэты працэс будзе працягвацца.

Пацяпленне клімату ў нас праяўляецца праз цёплыя зімы, ранні надыход вясновых працэсаў, павелічэнне працягласці і цеплазабяспечанасці вегетацыйнага перыяду. Разам з тым расце і паўтаральнасць засух, хваль цяпла, высокіх тэмператур паветра, павялічваецца колькасць новых інфекцыйных і паразітарных хвароб, лясных пажараў і інш. Усё гэта істотна ўплывае на дзейнасць розных сфер эканомікі краіны.

Па ацэнках экспертаў Сусветнага банка (2005 г.), штогадовая страта ад уздзеянняў небяспечных гідраметэаралагічных з'яў на тэрыторыі Беларусі складае каля 90 млн долараў. З іх на сельскую гаспадарку прыпадае 42%, паліўна-энергетычны комплекс — 19%, будаўніцтва — 12%.

Цеплыня і засуха ідуць побач

Па словах Віктара Мельніка, сельскагаспадарчыя арганізацыі паступова пачынаюць выкарыстоўваць станоўчыя вынікі змянення клімату. Так, сёння Беларусь поўнасцю забяспечвае сябе насеннем кукурузы, што пры тэмпературах да пацяплення практычна не было магчыма. Акрамя таго, у гаспадарках Брэсцкай і Гомельскай абласцей укараняецца ў вытворчасць азімы ячмень, высяваецца соя, пашыраюцца пасевы сланечніка, спаржавай фасолі. У Пінскім раёне вядзецца прамысловае вырошчванне вінаграду. Паколькі апошнім часам другая палова лета пераважна сухая і спякотная, сельгаспрадпрыемствы больш выкарыстоўваюць раннія цеплалюбівыя сарты бульбы.

Але трэба не забываць, што разам з павелічэннем цеплазабяспечанасці на тэрыторыі краіны ўсё часцей здараюцца і засухі — адзін з галоўных негатыўных фактараў змянення клімату для сельскай гаспадаркі. Асабліва адчувальныя яны таксама на поўдні Беларусі, дзе знаходзяцца лёгкія пясчаныя землі. Самыя моцныя засухі, па інфармацыі Белгідрамета, адбыліся ў 1992 і 2015 гадах.

— Выкарыстанне кліматычнай інфармацыі, безумоўна, вельмі важнае для сельскай гаспадаркі — яна можа служыць рэзервам павышэння прадукцыйнасці, — адзначае кліматолаг, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, акадэмік Уладзімір ЛОГІНАЎ. — Але без паляпшэння тэхналогій, павышэння культуры земляробства будзе складана дасягнуць значных поспехаў. Даследаванні паказваюць, што на найбольш развітыя ў гэтым плане рэгіёны краіны, напрыклад Гродзенскую вобласць, менш уплываюць кліматычныя фактары.

Здавалася б, цёплыя зімы, якія сталі звычайнымі для Беларусі, павінны станоўча ўплываць на эканомію паліўных рэсурсаў і дзейнасць камунальнай гаспадаркі. Аднак разам з цяплом у краіну прыходзяць і рэзкія перапады тэмператур, якія выклікаюць небяспечныя галалёдныя з'явы. Яны ж негатыўна ўздзейнічаюць і на будынкі, якія былі пабудаваны некалькі дзесяцігоддзяў таму. Прадстаўнікі розных галін эканомікі павінны ўважліва вывучаць усе фактары і быць гатовымі на іх рэагаваць адпаведна: пазітыўныя — актыўна выкарыстоўваць, а ў негатыўных — зніжаць страты.

Узнаўляльная энергетыка — супраць змянення клімату

Наша краіна з'яўляецца ўдзельнікам Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату, а таксама адной з першых, хто далучыўся да Парыжскага пагаднення аб клімаце.

У Плане мерапрыемстваў па рэалізацыі гэтага пагаднення складзены рэкамендацыі для розных галін эканомікі, якія скіроўваюць на зніжэнне выкідаў парніковых газаў.

— Сёння Беларусь, як і іншыя бакі пагаднення, рыхтуе дакументацыю па выкідах парніковых газаў — дыяксіду вугляроду, метану, аксіду азоту, — расказаў галоўны навуковы супрацоўнік аддзела міжнародных праектаў БелНДЦ «Экалогія» Іван НАРКЕВІЧ. — Наш цэнтр збірае інфармацыю па ўсіх прамысловых аб'ектах, уключаючы такія сектары эканомікі, як сельская і лясная гаспадаркі, энергетыка, будаўніцтва, транспарт, утылізацыя адходаў, каб знізіць выкіды парніковых газаў згодна са сваімі абавязацельствамі.

Па словах навукоўцы, у краіне ідзе распрацоўка стратэгіі нізкавугляроднага развіцця. Дакументам прадугледжана большае выкарыстанне ўзнаўляльных крыніц энергіі: ветру, вады, геатэрмальнай энергіі. «Пакуль мы на пачатковым этапе. Але за імі — будучыня», — упэўнены Іван Наркевіч.

Адаптавацца разам

Сёлета была зацверджана Праграма «Развіццё сістэмы гідраметэаралагічнай бяспекі Саюзнай дзяржавы» на 2017—2021 гады, адным з кірункаў рэалізацыі якой з'яўляецца развіццё сістэмы кліматычнага абслугоўвання насельніцтва і галін эканомікі.

Адаптацыя да змянення клімату можа сыграць ключавую ролю ў зніжэнні пагроз галінам эканомікі абедзвюх краін — Беларусі і Расіі, жыццядзейнасці і здароўю людзей, — гаворыцца ў дакуменце.

Спецыялісты Саюзнай дзяржавы прааналізуюць кліматазалежнасць галін эканомікі з вывучэннем нарматыўна-метадычнай базы, якая рэгулюе дзейнасць у галінах эканомікі з улікам пагодных і кліматычных умоў, прыцягваючы існуючыя даныя аб эканамічных стратах. На іх аснове будуць падрыхтаваныя рэкамендацыі па адаптацыі да змянення клімату ў сельскагаспадарчай, будаўнічай, энергетычнай і транспартнай галінах эканомікі сумежных тэрыторый Беларусі і еўрапейскай часткі Расіі. Сярод такіх мер — новыя будаўнічыя нормы і правілы, нормы падачы цяпла і электрычнасці, стварэнне ў будучым сістэм папярэджання і апавяшчэння аб небяспечных з'явах надвор'я і інш.

Дзякуючы рэалізацыі Праграмы, гідраметэаролагі абедзвюх краін плануюць павялічыць да 2021 года апраўдвальнасць штармавых папярэджанняў пра небяспечныя прыродныя з'явы да 90—92%, а таксама апраўдвальнасць сутачных прагнозаў надвор'я па суб'ектах еўрапейскай часткі Расіі і абласных цэнтрах Беларусі — да 94—96%.

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Клімат і эканоміка: змагацца ці прыстасавацца?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Якім чынам вяртаць на радзіму страчаныя культурныя каштоўнасці?

Якім чынам вяртаць на радзіму страчаныя культурныя каштоўнасці?

І чаму ў музеях нашай краіны павінны быць арыгіналы рарытэтаў?

Грамадства

Домік для Бобіка і не толькі могуць змайстраваць слуцкія бытавікі

Домік для Бобіка і не толькі могуць змайстраваць слуцкія бытавікі

«Будка для сабакі — для нашых майстроў не праблема».

Эканоміка

Як тэхналогіі і час змяняюць рынак працы?

Як тэхналогіі і час змяняюць рынак працы?

Расказваем пра змены, якія адбываюцца ўжо цяпер.