Вы тут

Наколькі будучы ўраджай залежыць ад дзеянняў агранома?


І ўсё ж такі несправядліва лічыць героямі жніва толькі камбайнераў ды кіроўцаў, кожная тысяча намалочанага або перавезенага збожжа якіх сёння ўспрымаецца як подзвіг. Яны, вядома, героі, але ёсць яшчэ і байцы нябачнага фронту. Напрыклад, аграномы, якія ў гэтыя гарачыя дні каардынуюць і рэгулююць працэс усіх без выключэння сельскагаспадарчых работ. Пасля сумеснага працоўнага дня з галоўным аграномам СВК «Калгас «Радзіма» Бялыніцкага раёна Аляксандрам Лейбуціным кажу з поўнай адказнасцю: ад кваліфікаваных дзеянняў гэтых спецыялістаў шмат што залежыць.


Ні хвіліны пакою

Працоўны дзень летам у агранома пачынаецца рана. А 7-й гадзіне ўжо планёрка на машынным двары, дзе збіраюцца ўсе спецыялісты. Вызначаюцца аб'ём і маштаб работы з улікам надвор'я, размяркоўваецца тэхніка, выпісваюцца пуцёўкі. Механізатары забіраюць гэтыя лісты, спецыялісты тлумачаць ім, што рабіць.

— Мне трэба арганізаваць работу так, каб працэс ішоў, як той казаў, без сучка і задзірынкі, — кажа галоўны аграном. — Неабходна кожнаму растлумачыць, каб усё было зроблена правільна, а потым і пракантраляваць. З поля іду амаль апошні, пасля 8 гадзін вечара. А ў галаве ўжо прыкідваю, які аб'ём работ на наступны дзень запланаваць. І так — з сакавіка па кастрычнік, пакуль усё на палетках не ўбярэцца. У адпачынак мы ходзім у асноўным толькі ў снежні або студзені.

Зараз усе сілы кінуты на жніво. Але акрамя гэтага, на плошчах гаспадаркі поўнай хадой ідзе ўборка саломы, унясенне ўгнаенняў, падрыхтоўка глебы да сяўбы азімых.

Перш-наперш едзем паглядзець, што адбываецца на полі каля вёскі Ермалавічы. Там скасілі на сянаж шматгадовыя травы і рыхтуюць участак пад азімы рапс. Механізатар Сяргей Гаўрыленка на трактары МТЗ 3022 ушчыльняе глебу, каб пасля зімы яна не асела і не пашкодзіла каранёвую сістэму расліны. А яго калега Аляксандр Фралоў на яшчэ адным трактары раскідвае па полі азотныя ўгнаенні.

Як па­еў, так і па­пра­ца­ваў.

— Сёлета ўсё зацягнута, уборка пачалася на тыдзень пазней, і зараз трэба спяшацца, каб укласціся ў тэрміны, — тлумачыць галоўны аграном.

Пасля кароткіх перамоў з трактарыстамі накіроўваемся ў бок вёскі Рафалава, дзе ўжо сабрана збожжа і ідзе прасаванне саломы. Час ад часу прыходзіцца перарываць гаворку, каб галоўны аграном адказаў на чарговы тэлефонны званок.

У адной руцэ руль, у другой мабільны тэлефон — вось так і імчым з Аляксандрам Лейбуціным па прасёлачных дарогах, падскокваючы на ўхабах, ад аднаго пункта да другога. Калгасная гаспадарка вялікая, раскінулася на землях ажно чатырох былых калгасаў, амаль 7,5 тысячы гектараў раллі, адных толькі фермаў — восем штук. А трэба быць адначасова ўсюды. За дзень галоўны аграном накручвае на сваім «жыгулёнку» каля 200 кіламетраў.

Аляк­сандр Лей­бу­цін за­да­во­ле­ны ўра­джа­ем.

Добры аграном — на вагу золата

Аляксандр Лейбуцін працуе ў «Радзіме» шосты год. Прыехаў сюды па запрашэнні кіраўніка гаспадаркі з Касцюковіцкага раёна. Адразу ж забяспечылі жыллём, далі службовы аўтамабіль, годны заробак. Прафесія агранома вельмі адказная. Беларусь знаходзіцца ў зоне рызыкоўнага земляробства, ураджай вельмі залежыць ад надвор'я. І прамая задача агранома гэту рызыку мінімізаваць: у тэрмін унесці ўгнаенні, зрабіць апрацоўку, паклапаціцца пра тое, каб расліны не пацярпелі ад маразоў, каб зярняты паспяхова перазімавалі і далі добры ўраджай.

— А наколькі ахвотна ідзе ў аграномы моладзь? Вось вы на месцы кіраўніка, узялі б на такую адказную работу ўчарашняга выпускніка ВНУ? — спрабую даведацца наколькі востра сёння стаіць кадравае пытанне.

— Галоўнае, каб у чалавека было жаданне працаваць. Вышэйшую адукацыю можна атрымаць, а прыйсці і наогул не разумець, што трэба рабіць, і нават не імкнуцца ўнікаць у справу. А ёсць людзі, якія не маюць вышэйшай адукацыі, але ў іх ёсць жаданне працаваць і абавязкова — кемлівасць.

У Лейбуціна аграномаўскі стаж больш за 20 гадоў. Работа падабаецца, хоць у школе зусім не марыў пра гэта. «Памятаю сваё школьнае сачыненне на тэму, кім вы хочаце стаць, — смяецца ён. — Гэта была сярэдзіна 80-х, і ўсе пісалі, што мараць быць касманаўтамі, адзін я — напісаў, што... кіроўцам. А вось паступіў у сельскагаспадарчую акадэмію, атрымаў спецыяльнасць, папрацаваў і спадабалася. Калі ёсць вынік і атрымліваеш задавальненне ад работы, гэта заўсёды радуе. Цяпер нават не ўяўляю, кім мог бы працаваць, калі б не аграномам. Была справа, змяніў прафесію на прыродаахоўнага інспектара, але хутка зразумеў: гэта не маё. І вярнуўся».

Ура­джай доб­ры, вось толь­кі віль­гот­насць вы­со­кая.

Будзем з кармамі — будзем з малаком і хлебам

«Калгас «Радзіма» ў раслінаводстве спецыялізуецца на вырошчванні элітнага насення яравых пшаніцы, ячменю, аўса і гароху, азімых пшаніцы, жыта, трыцікале, яравога і азімага рапсу, вырошчвае на кармы кукурузу і шматгадовыя травы. Кожная культура вельмі важная для гаспадаркі.

Прыпыняемся каля плантацыі з яравым рапсам. Лейбуцін глядзіць, дайшло зерне да кандыцыі ці яшчэ не. Бачна, што аграном задаволены. Стручкі поўныя, але яшчэ зялёныя. Трэба крыху пачакаць.

— Хутка будзем ціснуць рапсавае масла і атрымліваць макуху, так званую халву з рапсу. Галоўная для нас менавіта макуха, яна ідзе на корм жывёле для павелічэння бялковага складальніка корму, яго збалансаванасці, — тлумачыць ён.

Гаспадарка мае больш за 9 тысяч галоў жывёлы, з якіх больш за 2 тысячы — дойнага статка. І іх удой залежыць як ад якасці кармоў, так і ад іх колькасці.

— Такога, каб кармоў не хапіла, у нас наогул не бывае, — завярае Аляксандр Лейбуцін. — Пазалеташніх засталося столькі, што яшчэ да будучай вясны хапіла б.

Наступны наш прыпынак — на нядаўна скошаным полі, дзе тэхніка збірае салому ў акуратныя цюкі. Амаль пастаральны пейзаж: жоўтыя бясконцыя палеткі, зялёныя пералескі і... буслы. Пыл, грукат ад працуючай тэхнікі, а птушкам — хоць бы хны. Нават, калі трактар едзе ледзь не на іх.

— Адзін бусел наогул жыў у нас на машынным двары. Крыло параніў, не мог лятаць. Мы яго падкормлівалі, — кажа галоўны аграном.

Чарговая машына з саломай накіроўваецца ў бок фермы, і мы адпраўляемся следам. Там якраз прыехала перасовачная кухня і людзі снедаюць без адрыву ад вытворчасці.

— На сёння ў нас суп гарохавы і каша рысавая, — рапартуе раздатчыца Іна Васільева і налівае суп кіроўцу Сяргею Мельнікаву. — Асабіста ў мяне 4 кропкі, трэба 20 чалавек накарміць. Наогул такіх кропак у гаспадаркі шмат.

Збож­жа са­бра­лі, чар­га за са­ло­май.

Ураджайнасць — за 80 цэнтнераў з гектара

Нягледзячы на складанае надвор'е, ураджай добры.

— Колас наліўся, зерне буйное, — радуецца інспектар па кадрах Наталля Гарбуз, якая падчас уборачнай вядзе яшчэ і ўлік збожжа. — Ураджайнасць — 65 цэнтнераў з гектара, а месцамі нават і за 80. А летась была ў сярэднім 55.

Адзіная праблема — высокая вільготнасць. На збожжатоку «Усход», куды звозіцца ўраджай з палёў, працуе дзве сушылкі.

Аляксандр Лейбуцін спрабуе зерне на зуб, навобмацак, правярае спецыяльным прыборам. Прыбор паказвае 19,8%. «Вельмі многа, павінна быць не больш за 14%», — тлумачыць спецыяліст. Гэта значыць, што без дадатковай сушкі не абысціся. Толькі потым ачышчанае і высушанае зерне пойдзе на элеватар хлебазавода і часткова — у засекі гаспадаркі. І дзеля таго, каб гэты момант наступіў як мага хутчэй, работнікі «Радзімы» робяць усё магчымае. Тут ужо вынік залежыць не толькі ад намаганняў галоўнага агранома. Але тое, што менавіта механізатары СВК «Калгас «Радзіма» першымі ў Бялыніцкім раёне намалацілі 1000 тон збожжа, сведчыць, што тут кожны чалавек на сваім месцы. Дарэчы, героямі жніва стаў экіпаж Мікалая Дарэчкіна і Валянціна Якушава.


Але­на Кар­пе­чан­ка, на­мес­нік на­чаль­ні­ка ад­дзе­ла ка­мі­тэ­та па сель­скай гас­па­дар­цы і хар­ча­ван­ні Ма­гі­лёў­ска­га абл­вы­кан­ка­ма:

— Пра аг­ра­но­маў ка­жуць «во­сень — ра­бот во­сем». Ця­пер яшчэ не во­сень, але на па­ды­хо­дзе. Для аг­ра­но­ма са­мая што ні на ёсць га­ра­чая па­ра. Трэ­ба са­чыць за тым, каб кам­бай­ны не пра­стой­ва­лі, каб зер­не не пе­ра­гра­ва­ла­ся, каб суш­кі пра­ца­ва­лі, раз­лі­чыць ма­шы­ны на ад­воз­цы збож­жа, пра­кант­ра­ля­ваць за­сып­ку на­сен­ня пад бу­ду­чую сяў­бу, пад­рых­тоў­ку гле­бы для па­се­ву рап­су. Плюс пра­цяг­ва­ец­ца на­рых­тоў­ка кар­моў. Ад во­пы­ту і па­ва­рот­лі­вас­ці аг­ра­но­ма сён­ня шмат што за­ле­жыць. Во­пыт­ныя ў нас на ва­гу зо­ла­та. Ка­лі яшчэ ма­ла­дая зме­на пад­рас­це. СВК «Кал­гас «Ра­дзі­ма» — ад­на з леп­шых гас­па­да­рак воб­лас­ці. Вы­дат­ны кі­раў­нік, во­пыт­ны аг­ра­ном — і вы­ні­кі цу­доў­ныя. Ліч­бы ка­жуць са­мі за ся­бе. Пры ся­рэд­няй ура­джай­нас­ці па воб­лас­ці 34,7 ц/га да­сяг­нуць вы­шэй за 65 ц/га трэ­ба бы­ло яшчэ па­ста­рац­ца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ад ранку да золку

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.