Вы тут

Выйшла кніга кітайскага паэта Сюй Чжымо на беларускай мове


Напярэдадні чарговай кніжнай выстаўкі ў Пекіне, у якой прымуць удзел і беларускія кнігавыдаўцы, арганізатары беларускага кнігагандлю ў Беларусі, у Мінску пабачыла свет асобная кніга вершаў кітайскага паэта першай паловы XX стагоддзя Сюй Чжымо на беларускай мове.


Зборнікам вершаў “Лілеі тварык чароўны” (укладальнік Юлія Алейчанка) Выдавецкі дом “Звязда” прадоўжыў серыю кніг “Светлыя знакі: паэты Кітая” , якая выдаецца з 2014 года. Да гэтага часу ў серыі былі выдадзены наступныя кнігі кітайскіх паэтаў у перакладзе на беларускую мову: “Альтанка ля возера” Ван Вэя, “Адзінота горных вышынь” Ду Фу, “Флейты сумныя гукі” Лі Бо, “Водар стоенага лесу” Ай Ціна, “Песня бамбукавай флейты” Лі Хэ, “Мост цераз Млечны Шлях” Лі Цінчжаа, “Мелодыі адкрытага сэрца” Ван Гачжэня, “Мудрасць гор маўклівых” Мэн Хаажаня. Сярод перакладчыкаў – Уладзімір Дубоўка, Мікола Мятліцкі, Рыгор Барадулін, Рагнед Малахоўскі, Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Бадак, Навум Гальпяровіч, Юлія Алейчанка, Вольга Іпатава, Анэля Тулупава, Валянціна Коўтун, Ніна Загорская, Таццяна Сівец, Валерыя Радунь, Алена Раманоўская, Дар’я Нечыпарук… Над пераўвасабленнем вершаў Сюй Чжымо на беларускую мову працавалі Навум Гальпяровіч, Юлія Алейчанка, Дар’я Нечыпарук, Марыя Мішкінь, Аляксандра Беразняцкая, Кацярына Валадзько, Вольга Антоненка, Анастасія Галаган, Дар’я Шарэйка, Ксенія Галкоўская.

Паэт Сюй Чжымо нарадзіўся ў 1897 годзе. І беларускую кнігу вядомага ў свеце паэт аможна смела лічыць падарункам да яго 120-гадавога юбілею. Паэт пражыў кароткае жыццё: у 1931 годзе загінуў у авіяцыйнай катастрофе. Некалькі зборнікаў, некалькі эсэ і апавяданняў – вось і ўся яго творчая спадчына. Несумненна, мог бы і згубіцца яго, Сюй Чжымо, след у хаатычнай мітусні, розныхпякучых мітрэнгах XX стагоддзя. Мог бы згубіцца…

Пакідай жа хутчэй, пакідай!

Сярод розных людзей пакідай!

Я адзін на вышыні гары!

Пакідай жа хутчэй, пакідай!

 

Нада мною адзін небасхіл,

Я адзін, пакідай, маладосць!

І знікай у высокай траве.

Пакідай жа мяне, маладосць!

Біяграфія Сюй Чжымо досыць насычаная, надзвычай цікавая. Вучыўся на банкіра ў ЗША і Англіі. Але ніколі не пакідаў сваіх паэтычных, літаратурных зацікаўленняў. У час вучобы малады чалавек пазнаёміўся з такімі знакавымі літаратурнымі персанажамі, як пісьменнікі Томас Гардзі, Кэтрын Мэнсфілд. Нагадаем: англійскі пісьменнік Томас Гардзі быў сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію… Чым ён, аўтар “Вершаў на гібель “Тытаніка”, быў найперш цікавы Сюй Чжымо? Пэўна, кітайскі паэт у асобе англійскага мастака слова адчуў яго ўнутраную суладнасць з вопытам кітайскай паэзіі на працягу многіх стагоддзяў, на працягу як мінімум двух тысячагоддзяў. Канешне ж, Сюй Чжымо, які імкнуўся прыўнесці еўрапейскасць ва ўласныя мастацкія вышукі, добра ведаў гісторыю кітайскай паэзіі, яе філасофію на розных этапах развіцця прыгожага пісьменства. Канешне ж, ён ведаў кошт, цану традыцыям сваіх вялікіх папярэднікаў. І для размовы з імі на шляху да новых адкрыццяў яму патрэбен быў чулы, шматвопытны настаўнік, які ўсё светаўладкаванне мог асэнсаваць з розных кропак назірання.

Асновай для паэтычнага грунту ў Сюй Чжымо сталі рамантызм, амерыканскі і англійскі эстэтызм. Стыль маладога кітайскага творцы выпрабоўваўся ў далечыні ад роднай старонкі. Але ж ён, Сюй Чжымо, жыў перакананнямі, што гэты вопыт можна прыўнесці ў кітайскую мастацкую, літаратурную прастору. Паэтам кіравала  і ранейшая практыка тлумачэнняў, калі ён яшчэ зусім юным напісаў артыкул “Развагі пра сувязі соцыуму і мастацкай прозы” у школьным часопісе “Гук сяброўства”.

Вярнуўшыся на радзіму з замежных вандровак, Сюй Чжымо стварыў арганізацыю “Малады месяц”, заснаваў штотыднёвае выданне “Сучасная паэтычная крытыка”. Пачаў займацца драматургіяй. І ўсё гэта адбывалася на фоне досыць драматычныхх падзей кітайскага жыцця. Войны, рэвалюцыйныя, грамадзянскія міжусобіцы, здзекі і гвалт над безабароннымі людзьмі… Канешне ж, паэзія стала для маладога рамантыка інструментам у пошуку адказаў на пытанне, як пераабсталяваць свет, як зрабіць мірныя, міралюбівыя памкненні асновай жыццядзейнасці літаральна для ўсіх…

І нават у вершах пра каханне чуцен галоўны матыў паэзіі Сюй Чжымо – дайце чалавеку святла! Збаўце чалавека ад хмар над галавою!

Ні ты, ні я не пагубляем шчасця

                                                        словы,

Што як прысягу светлую далі.

Тваёй пяшчоты мне недастаткова,

Хоць лашчыць промнем майго лёсу

                                                             дні.

Мне трэба моц і чысціня твайго

                                                       кахання,

Ў жыцці зямным збудуем мы сцяну.

Згадаем ціха восеньскае ранне,

Сцяну у фрэсках, сумныя палі …

 

І нават выбух, знішчыць што Сусвет,

          “Сцяны кахання” нам пакіне след.

(“Збудуем разам сцяну”).

… Кніга Сюй Чжымо на беларускай мове – яшчэ і выразны пачатак засваення паэзіі легендаранага творцы ў славянскім свеце. Дагэтуль асобных кніг Сюй Чжымо ў перакладзе на славянскія мовы не існавала. Можа быць, следам за беларусамі Сюй Чжымо прачытаюць па-свойму і рускія, і славакі, і чэхі, і палякі, і ўкраінцы..?

Работа Выдавецкага дома “Звязда” над засваеннем кітайскай паэзіі з’яўляецца своеасаблівым фундаментам для развіцця навуковай працы ў плане перакладазнаўчым. На глебе мастацкіх шуканняў, велізарнага практычнага вопыту, набытага беларускімі перакладчыкамі кітайскай паэзіі варта ўжо зараз правесці семінар ці канферэнцыю. Да ўдзел у такім навуковым і творчым праекце ў Мінск след запрасіць найперш расіян, украінцаў… Беларусь, Мінск маглі б стаць цэнтрам фарміравання славянскай школы па стварэнню маста паміж паэзіяй Еўропы і Кітая, Захада і Кітая. Чаму б і не?..

Алесь Карлюкевіч

Ілюстрацыі Каміля Камала

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.