Вы тут

Адам Мальдзіс: Чалавек-Інстытут


Неяк вядомая пісьменніца і журналістка Людміла Рублеўская параўнала асобу вучонага культуролага Адама Іосіфавіча Мальдзіса з каменем… Чытаем у яе артыкуле «Чалавек Адраджэння»: «У Беларускай Энцыклапедыі ёсць артыкул “Адам Мальдзіс”. Той, хто жадае, зможа прачытаць, дзе і калі ён нарадзіўся і працаваў, і спіс яго навуковых даследаванняў.


Але слова “Мальдзіс” у сённяшняй беларускай культурнай прасторы стала гэтакім жа архетыпам, як слова “камень”. Яго можна не тлумачыць. Яго ведаюць усе, і кожны ўяўляе па-свойму. Знакавая постаць… Чалавек, чыё меркаванне важнае для ўсіх — правых і левых, усходнікаў і заходнікаў, рамантыкаў і прагматыкаў… Ён старшыня камісіі “Вяртанне”, якая клапоціцца пра звезеныя, скрадзеныя нашы культурныя каштоўнасці. Ён лідар міжнароднай супольнасці беларусаў. Ён дзед Адам з калонкі дзяржаўнай газеты “Советская Белоруссия”. Усё, што ён робіць, успрымаецца як належнае і вартае павагі…»

Неаднойчы параўноўваў работу Адама Іосіфавіча, ініцыятыўную, часцей за ўсё самім жа ім і падказаную, альбо работу, складзеную з суб’ектыўных запатрабаванняў калег, арганізацый, рознага кшталту ўстаноў, з работай Інстытута… І справа нават не ў колькасным вымярэнні зробленага і здзейсненага, напісанага і прамоўленага Адамам Іосіфавічам Мальдзісам. Справа — у яго выключнай здольнасці ўласныя глыбокія веды сумясціць з уласнай грамадзянскай пазіцыяй, настойлівым, рашучым імкненнем давесці гэтую пазіцыю да ўсяго грамадства. Справа — у яго паслядоўным эвалюцыйным развіцці, уменні навакольную рэчаіснасць не толькі асэнсаваць праз гісторыю, але і гісторыю з розных стагоддзяў далучыць да нашай сённяшняй сучаснасці.

Мо таму ён усім і патрэбны? Мо таму без прафесара Адама Мальдзіса не можа абысціся ніводная вартая ўвагі беларуская ініцыятыва ў культуры, асветніцтве, літаратуры?..

«Творчае пабрацімства: Беларускапольскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.» (1966), «Падарожжа ў XIX ст.: З гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры» (1969), «Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX ст.» (1972), «Таямніцы старажытных сховішчаў» (1974), «На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду: другая палавіна XVII — XVIII ст.» (1980), «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя: Нарысы быту і звычаяў» (1982), «Восень пасярод вясны: Аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў» (1984), «З літаратуразнаўчых вандраванняў: Нарысы, эсэ, дзённікі» (1987), «Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў» (1988), «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека» (1990), «І ажываюць спадчыны старонкі» (1994), «Як жылі продкі ў XVIII стагоддзі» (2001), «Выбранае» (2007), «Белорусские сокровища за рубежом» (2009), «Соотечественники» (2013)… І процьма публікацый, раскіданых па зборніках, энцыклапедыях, перыядычным друку…

Наўмысна пералічыўшы ўсе ці амаль ўсе кнігі Адама Іосіфавіча, хачу нагадаць, што ён з’яўляецца аўтарам адмысловай бібліятэкі, мець якую ў хатнім кнігазборы — вялікая патрэба, вялікая неабходнасць для ўсіх нас. Гэта як мець пад рукою кнігі Уладзіміра Караткевіча, Міколы Ермаловіча, Кастуся Тарасава, Леаніда Дайнекі, Віталя Скалабана, Генадзя Кісялёва, Генадзя Каханоўскага, а зараз ужо і Вітаўта Чаропкі, Людмілы Рублеўскай, яшчэ некаторых аўтараў, пісьменнікаў і публіцыстаў, напісанае якімі фарміруе светапогляд… Мне здаецца, што ў многім менавіта мы, журналісты, вінаватыя, што, нягледзячы на актыўнае, пастаяннае на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў прыцягненне Адама Іосіфавіча да інтэрв’юіравання, да выступлення ў газетах і часопісах як сталага пазаштатнага аўтара (чаго толькі вартае яго шматгадовае супрацоўніцтва з «СБ. Беларусь сегодня», «Голасам Радзімы»!), нават да рэдагавання чужых аўтарскіх матэрыялаў, не здолелі, кажучы сучасным слэнгам, даць сапраўдную «раскрутку» яго вышукам архіўнага, гісторыка-краязнаўчага характару. Адбываецца нешта падобнае на засваенне спадчыны Аляксандра Карлавіча Ельскага, пісьменніка і публіцыста XIX — пачатку XX стагоддзя… Пра яго ведалі і ведаюць усе, артыкуламі з польскіх энцыклапедый карысталіся і карыстаюцца ўсе, а вось на працягу, лічы, стагоддзя, мала што і расказалі пра Ельскага. На крайні выпадак нават асобнай кнігі сёння пра Аляксандра Ельскага — славутага краязнаўчага пісьменніка, публіцыста, збіральніка памятак беларускай зямлі — няма… Дзякуй Богу і арганізатару выдавецкай справы Кастусю Цвірку (а яшчэ — Наталлі Мазоўка), што том Ельскага ўбачыў свет у серыі «Беларускі кнігазбор»… А трэба ўжо даўно мець Поўны збор твораў Аляксандра Ельскага — прыблізна ў 15 (!) тамах. Гэтую лічбу ў дачыненні да спадчыны А. Ельскага, свайго славутага папярэдніка на ніве гістарычнага краязнаўства, дарэчы, агучыў не хто іншы, як Адам Іосіфавіч Мальдзіс. Дык, можа быць, варта паспяшацца і выдаць Збор твораў Адама Мальдзіса, папярэдне абвясціўшы на яго грамадскую падпіску. Вопыт збору сродкаў на папулярныя выданні ў нашай грамадскасці ўжо ёсць. І даволі паспяховы вопыт… А калі спалучыць у гэтай справе дзяржаўную і грамадскую ініцыятыву?..

Сам жа Адам Іосіфавіч Мальдзіс — чалавек многіх вартых увагі ініцыятыў. Літаральна кожная яго газетная, часопісная публікацыя мае ў змесце сваім прапановы, падказкі, парады. Ён заўсёды шукае адрасы, да каго б звярнуцца ў справе надання вуліцы ў пэўным горадзе імя нашага даўно забытага суайчынніка, хто паспрыяе ва ўсталяванні мемарыяльнай дошкі альбо помніка, хто апякуецца мастацкай спадчынай, якую трэба было б прывезці з іншай краіны, хто зверне ўвагу на той ці іншы прыватны архіў... Яму, вучонаму, доктару філалагічных навук, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, кавалеру медаля імя Францыска Скарыны і кавалеру ордэна Францыска Скарыны, краязнаўчаму публіцысту, гістарычнаму пісьменніку, не цікава проста выступаць у друку, проста канстатаваць ужо вядомае, не цікава проста дзяліцца нечым уласна адкрытым, вынайдзеным… Яму, відавочна, цікава вылучаць ініцыятывы, варушыць грамадства, усіх нас...

Ёсць у Мальдзіса яшчэ адзін клопат. Ён мае самы што ні ёсць творчы і сацыяльна значны характар. Ён абышоў і абыходзіць многія і многія кабінеты, дзе, на яго прыватную думку, павінны прымацца рашэнні па мемарыялізацыі, ушанаванні гістарычных постацей, гістарычных, асветніцкіх падзей мінуўшчыны… У гэтым клопаце ён, канечне ж, шмат для каго надакучлівы, шмат калі, напэўна, грукаецца не ў пару, не ў спрыяльны для прыёму грамадзян час. Але без гэтага клопату, без такога кшталту генерацыі ініцыятыў, абуджэння грамадскай думкі не абысціся… Адам Мальдзіс — парушальнік спакою, чым і цікавы, чым і патрэбны ва ўсе часы. Патрэбны для краіны і грамадства, патрэбны настолькі, наколькі нам усім патрэбна зазіраць у мінулыя стагоддзі, каб ісці і паспяхова развівацца далей.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».