Вы тут

Казка пра ваду і рэшата


Шумны перапынак, дзеці носяцца, а адзін сядзіць, занураны ў кніжку. Яго не цікавяць гарманальныя гульні аднагодкаў, дыскатэкі, эксперыменты з рэчывамі. У вачах статка ён маргінал.


Яшчэ карцінка: класічны жаночы калектыў, у якім ёсць дзяўчына, далёкая ад размоў пра тое, хто, дзе і калі выйшаў замуж. Са смакам разжаваныя плёткі, аздобленыя гіпотэзамі і падрабязнасцямі, разбіваюцца аб гэтую скалу. Тупіковая галіна, скажуць каляжанкі. Маргінал.

Такімі летуценнікамі поўняцца кнігі Людмілы Рублеўскай. Яны ў цэнтры ўвагі класічнай рамантычнай літаратуры. Што да рэальнасці, у якой ніцшэанская малпа з’яўляецца галоўным персанажам, то жыццё выштурхоўвае такіх на ўзбочыну. Цытуючы Кірыла Стасельку, «на палі». Другі яго раман «Marginalis» выдатна гэта ілюструе.

Пра «Marginalis» найперш кажуць — паўтары сотні персанажаў, дзясяткі краін, сотні гадоў… Але ўсё гэта толькі фармальны бок, варты ўвагі толькі ў тым выпадку, калі ён мае лагічную запатрабаванасць. Якую ролю адыгрывае такая «маштабнасць»?

Незалежна ад эпохі, геаграфіі, палавой прыналежнасці ці ўзросту ёсць людзі, якім мала спаць, есці і множыцца. Нават больш: гэтая прыступка імі часта абмінаецца. У іх ёсць Ідэя, якая цалкам замяняе базавыя патрэбы. Яна запаўняе думкі, памкненні, кіруе лёсамі людзей замест інстынктаў. Калі паглядзець здалёк, то выглядае прыгожа. Але насамрэч такая апантанасць ніколі не прыносіць таго, што завецца простым шчасцем. Жыццё паказвае: як сябе ні падманвай, першую прыступку славутай піраміды не пераскочыш.

У гэтым плане Кірыл Стаселька паказвае сябе рэалістам. Цэнтральныя персанажы рамана трапляюць пад уладу такой вялікай Ідэі, і Ідэя разбурае іх.

Сімвалічным выяўленнем Ідэі ў «Marginalis» выступае таямнічая Кніга. У ёй сабраны ўсе веды чалавецтва, зашыфраваныя ў розных сістэмах, на розных мовах, што таксама дае магчымасць захаваць пісьменнасць розных народаў, у тым ліку тых, што выміраюць. Займець ключ ад гэтай кнігі — усё адно што зняць вяршкі з вечнасці, прынамсі з таго яе адрэзку, у якім існавала чалавецтва. Жаданне мець больш, чым табе дадзена, стаць выключным, адзіным, абраннікам падштурхоўвае персанажаў кнігі ўсё бліжэй да бездані, аднак аслепленыя святлом мары яны не бачаць рызыкі.

Цікава, што аўтар так і не даў сваім героям наблізіцца да разгадкі пісьмёнаў. Кніга так і засталася пытальнікам. Усе сюжэтныя лініі, якія разбягаюцца ад Кнігі, бы тонкая павуціна з логава драпежніка, — гэта толькі пошук разгадкі, пакутлівы марш-кідок праз церні, за якімі зораў нават не відаць: яны малююцца толькі ў марах.

Для разумення рамана выключна важна адзначыць, што сама Кніга ўсяго толькі міраж, прывід, нават калі герой трымае яе ў руках. Адзін з персанажаў, лінгвіст Джэйк Джонс, задаецца пытаннем: ці не фікцыя гэта?.. Падобныя думкі ўзнікаюць у журналіста Карласа і мастацтвазнаўцы Мары, але ўсе яны адмахваюцца ад прыкрай здагадкі: апантанасць мэтай засціць розум.

Пасля ўсведамлення гэтага факта можна смела казаць пра падабенства паміж пошукам ключа да кнігі і пошукам сэнсу жыцця. Трагічны парадокс, невычарпальны ў гісторыі чалавецтва: жыццё ляжыць разгорнутай кнігай, толькі выйдзі за парог, а мы (ці, прынамсі, пэўны адсотак з нас) б’ёмся галавой аб сцяну ў святой упэўненасці, што вось зараз, яшчэ трошачкі — і мы зразумеем, навошта сядзім у чатырох сценах.

Гэтую хваробу мыслення (сапраўды, кніга магла б звацца «Гора ад розуму») Кірыл Стаселька выдатна ілюструе. Згадаць галоўнага завадатара — фларэнтыйца Сімонэ. Хлопчык меў вялікі дар, але яшчэ большымі былі яго амбіцыі. Ён хацеў стаць аўтарам найвялікшай кнігі ў гісторыі, а стаў здраднікам, самотнікам, разбэшчаным багацеем і ў выніку напаткаў ганебную смерць. Невядомы лёс таленавітых юнакоў, якіх Сімонэ пацягнуў за сабою. У адзіноце і з разбітым сэрцам застаўся яго настаўнік.

Усе персанажы рамана «Marginalis» мелі даволі для шчасця: гэта блізкія людзі, гэта любоў, якую трэба вучыцца гадаваць, гэта магчымасць працаваць і быць сумленным чалавекам. І ўсе яны зрабілі фатальную памылку: прамянялі сініцу ў руках на жураўля ў небе.

Аўтар іх не асуджае. Наадварот: такая апантанасць, жаданне мець больш, дайсці да канца захапляюць. Але раман дае нагоду падумаць: ці так нам патрэбна тое, за што мы б’ёмся? Ці не вартыя зоры над нашымі галовамі большай увагі, чым тыя, што схаваны за цернямі? І чаму міраж здаецца чалавеку больш прывабным, чым тыя рэальныя рэчы, што нас акружаюць?

Такія пытанні, пэўна, і даюць падставу назваць «Marginalis» філасофскім раманам (так, прынамсі, сцвярджае анатацыя).

Шматлікасць персанажаў і рэалій, у якіх тыя існуюць, далі аўтару выдатную магчымасць: расказаць у межах аднаго рамана некалькі цікавых гісторый, якія, не выходзячы за межы асноўнай праблемы, падымаюць шэраг вострых, цікавых пытанняў. Напрыклад, гісторыя пра эксперымент з пабудовай камунізму — маленькая антыўтопія, якая можа жыць адасоблена ад цела рамана. Тут Кірыл Стаселька паказвае сябе пераканаўчым песімістам. Моўнае пытанне, надзвычай актуальнае для сучаснай Беларусі, нечакана паўстае ў гісторыі навукоўца Джонса. Цікава, што аўтар выказвае наконт гэтага думку, якая ў беларускамоўным асяроддзі зазвычай выклікае істэрыю. Але я з меркаваннем аўтара пагаджуся.

Трэба сказаць, што ў моўным плане Кірыл Стаселька пакуль застаецца на ўзроўні «Дзіцячага маніфеста»: пэўная штучнасць зваротаў захавалася. А моцны бок аўтара «Marginalis» па-ранейшаму ў лаканічнасці, якая, у сваю чаргу, надае аповеду пэўную адцягненасць, нават калі аўтар прамаўляе ад першай асобы. Менавіта такога апавядальніка, аўтара займальных гісторый, які не прэтэндуе на ўсёведнасць і нават ускосна, праз вусны персанажа, не павучае чытача, моцна не хапала. Прынамсі, мне.

Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».