Вы тут

Плён асабістых кантактаў


Супрацоўніцтва Янкі Брыля з перакладчыцай Ганнай Сабецкай

Адной з першых замежных моў, на якую пачалі перакладаць творы Янкі Брыля, была польская — мова краіны, дзе традыцыйны глыбокі патрыятызм, беражлівае і дбайнае стаўленне да ўсіх духоўных вартасцей уласнага народа заўсёды спалучаліся з жывой цікавасцю да лепшых здабыткаў сусветнай літаратуры. Польская літаратура, якая на працягу сваёй гісторыі была не толькі духоўнай скарбніцай народа, але і дзейсным сродкам барацьбы за існаванне нацыі, карысталася ў гэтай барацьбе як арыгінальнымі творамі, так і ўзорамі перакладной літаратуры.

Калі гаварыць пра ролю мастацкага перакладу ў працэсе беларуска-польскага літаратурнага ўзаемадзеяння, варта падкрэсліць прынцыповыя асаблівасці гэтага працэсу. Не толькі агульны змест, але і мастацкія асаблівасці твораў паспяхова пераадольваюць моўныя граніцы. Таму пераклад з беларускай на польскую і наадварот функцыянальна адрозніваецца ад перакладу з далёкароднасных і няроднасных моў. Там велізарную ролю адыгрывае сам факт перадачы зместу. Нават просты пераказ твораў для нас важны.

У беларуска-польскіх узаемных перакладах чыста інфарматыўны момант адыгрывае не такую вялікую ролю, затое павялічваецца значэнне перадачы найтанчэйшых нюансаў стылю, падтэксту, паэтыкі. Творчы ўзаемаўплыў праз пераклад у дадзеным выпадку ўзмацняецца дзякуючы тыпалагічнай блізкасці літаратур.

Колькасць паўнацэнных перакладаў твораў Янкі Брыля павялічылася і дзякуючы перакладчыцкай дзейнасці Ганны Сабецкай. Брыль і Сабецкая цягам ўсяго жыцця даволі актыўна ліставаліся, сустракаліся некалькі разоў у Польшчы і Беларусі.

Ганна Сабецкая, польская журналістка, празаік і перакладчыца беларускай літаратуры, нарадзілася 2 красавіка 1948 года ў невялікай вёсцы Мосціха, што ў Падляскім ваяводстве, недалёка ад Беларусі. У 1972 годзе скончыла Варшаўскі ўніверсітэт і пачала працаваць на радыё ў Зялёнай Гуры, а потым на гданьскім радыё. Ладзіла размовы з пісьменнікамі польскага Узбярэжжа. Яшчэ адной важнай справай у творчасці журналісткі было правядзенне размоў з этнічнымі меншасцямі, якія пражывалі на тэрыторыі Гданьска. Вынікам такой працы стала кніга, выдадзеная ў 2014 годзе, «Kalejdoskop. Spotkania z mniejszościami narodowymi» (асобна выйшлі ў друк успаміны дзвюх беларусак, якія былі перакладзены на польскую мову Ганнай Сабецкай «Od Budsławia do GUŁagu» (2002).

На пачатку 1970-х гадоў Ганну Сабецкую зацікавіла творчасць беларускага пісьменніка Янкі Брыля, лёс якога звязаны з Гданьскам. У 1972 годзе яна прыехала ў Мінск, і тут адбылася лёсавызначальная сустрэча з Янкам Брылём. «Пры дапамозе знаёмага русіцыста, які ў той час знаходзіўся на стажыроўцы, у мяне атрымалася дамовіцца на сустрэчу з пісьменнікам. Для мяне гэта было важнае здарэнне». На момант той сустрэчы Г. Сабецкая пераклала ўжо некалькі мініяцюр Я. Брыля і ўрыўкі з «Дзённіка польскага» («Dziennik polski»), якія праз некаторы час з’явіліся на старонках перыядычнага выдання «Nadodrze». Часопіс гэты друкаваўся ў Зялёнай Гуры, дзе ў той час жыла журналістка. Працуючы на радыё, Ганна Сабецкая зрабіла пераклад некалькіх лірычных мініяцюр Янкі Брыля, якія потым прагучалі на хвалях мясцовага радыё.

У Польшчы Янка Брыль і Ганна Сабецкая сустракаліся двойчы. Першы раз — у Варшаве, калі беларускі пісьменнік прыехаў на ўручэнне ўзнагароды Уладзіміра Петшака. Другі раз сустрэча адбылася падчас Дзён савецкай літаратуры ў 1979 годзе, якія ладзіліся ў Зялёнай Гуры. Янка Брыль уваходзіў у склад афіцыйнай дэлегацыі пісьменнікаў з Беларусі. Пісьменнікі ўдзельнічалі ў навуковых семінарах, сустракаліся з польскімі чытачамі, а Ганна Сабецкая суправаджала групу, у складзе якой і быў Янка Брыль. З успамінаў Г. Сабецкай: «Брыль быў сардэчна прыняты чытачамі і старэйшымі, і моладдзю, таму што быў цудоўным аратарам. Добра гаварыў па-польску (перад Другой сусветнай вайной хадзіў у польскую школу), таму не было бар’еру, які заўсёды атрымліваецца, калі аповед трэба тлумачыць… Акрамя таго — яго пачуццё гумару, якое разбаўляла самыя складаныя сітуацыі. Адказваў на пытанні вычарпальна, не прамінаючы ніякіх тэм».

 Асабліва Ганне Сабецкай запомнілася цікавасць Янкі Брыля да дэталяў. Ён за ўсім назіраў, параўноўваў з роднай вёскай Загор’е і ўсё потым занатоўваў. «Ніколі не звяртаўся да кніг, не чытае, толькі глядзіць у акно: на пейзаж, на будынкі, на людзей — як выглядаюць, як яны апранутыя, чым займаюцца і г. д.»

У адзін з вечароў Янка Брыль стаў ганаровым госцем на мерапрыемстве, якое ў сябе дома ладзіла Ганна Сабецкая. Я. Брыль запомніўся ўсім сваёй эрудыраванасцю, уменнем падтрымаць размову на любую тэму, не толькі літаратурную. «Ведаў не толькі шмат песен — беларускіх, зразумела, таксама рускіх, але і польскіх. І вельмі ахвотна далучаўся да застольнага спеву, нават падказваючы некаторыя песні». Ад гэтага візіту ў Польшчу ў пісьменніка таксама засталіся вельмі добрыя ўспаміны, пра якія ён напісаў у лісце ад 26.07.1979 г. да Ганны Сабецкай: «Я, наадварот, з цёплым пачуццём успамінаю вечар, праведзены ў Вашым доме, у такой харошай кампаніі, — і дарэмна Вы адчуваеце “niedosyt” з гэтай прычыны. Наогул, я вельмі прыемна ўспамінаю Зялёную Гуру, і Любск, і нашы сустрэчы, і шчыра дзякую Вам за ўсё, і прашу перадаць маё прывітанне мужу, з якім я быў рады пазнаёміцца».

Наступная сустрэча пісьменнікаў адбылася ўжо на тэрыторыі Беларусі, калі Ганна Сабецкая брала ўдзел у Першым міжнародным семінары перакладчыкаў беларускай літаратуры ў красавіку 1987 года, што праходзіў у Доме творчасці пісьменнікаў «Іслач», каля Ракава. Застаўся на памяць сумесны здымак Янкі Брыля з Ганнай Сабецкай, зроблены фотакарэспандэнтам газеты «ЛіМ» Уладзімірам Круком на адкрыцці семінара.

Падсчас семінара ўдзельнікі шмат падарожнічалі. «Засталіся ўспаміны не толькі з вельмі цікавых размоў падчас рабочых сустрэч, семінараў, але і з экскурсій па цікавых мясцінах Беларусі Засталося таксама некалькі здымкаў — і вельмі добра, што засталіся, зараз аднаўляюць успаміны». У семінары таксама ўдзельнічалі польскія пісьменнікі Чэслаў Сенюх, Фларыян Няўважны, Марыя Путрамант.

У 1990-я гг. Ганна Сабецкая, прыязджаючы ў Мінск, заўсёды сустракалася з Янкам Брылём. Бывала ў Мінску журналістка даволі часта, бо яе цікавіла культурнае жыццё Беларусі, яна была рэгулярным удзельнікам з’ездаў беларусістаў, з’ездаў беларусаў свету. Вынікам такога творчага сяброўства стала вялікая колькасць перакладаў, якую зрабіла Ганна Сабецкая. У 1985 годзе выйшла у друк асобным выданнем аповесць Я. Брыля «Świt ujrzany z daleka» («Золак, убачаны здалёк») у перакладзе Г. Сабецкай. Янка Брыль высока ацэньваў якасць перакладу, праўда, унёс у яго і некаторыя праўкі. У лісце ад 06.09.1982 г. Ён пісаў да перакладчыцы: «Дзве раніцы, на свежую галаву, чытаў свой «Золак», з такой увагай, перакладзены Вамі. Дзякую шчыра! І гэта, пані Ганна, не камплімент — пераклад сапраўды добры». Аднак, як адзначае перакладчыца, не ўсе творы, якія былі перакладзены, удалося надрукаваць. Быў намер таксама перакласці раман «Птушкі і гнёзды», які і на сёння не перакладзены на польскую мову, але, па словах Г. Сабецкай, яна «не была асобай, якая мае сувязі ў выдавецкім атачэнні. І нават рэкамендацыі аўтара не хапала, а Янка Брыль хацеў, каб я пераклала для аднаго з выдавецтваў зборнік яго апавяданняў».

Роля асабістых кантактаў у развіцці літаратурных узаемасувязей вельмі вялікая. Так, Ганна Сабецкая, якая была звязана з Янкам Брылём не толькі творчымі інтарэсамі, але і ўзаемнай глыбокай сімпатыяй, сяброўствам, падкрэслівае, што знаёмства з беларускім пісьменнікам было вельмі важным пры выбары твораў для перакладаў. Нацыянальная своеасаблівасць беларускай і польскай літаратур з’яўляецца асновай іх узбагачэння, а блізкасць моў — дадатковым стымулам. Мастацкі пераклад як адзін з найважнейшых сродкаў збліжэння літаратур у дадзеным выпадку істотна дапаўняецца непасрэдным узаемаразуменнем беларусаў і палякаў.

Вікторыя АНДРЫЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.