Вы тут

Навукоўцы назвалі прычыны, чаму людзі дагэтуль не знайшлі іншапланецян


У адным толькі Млечным Шляху, паводле розных ацэнак, можа ўтрымлівацца ад 100 да 400 мільярдаў зорак. Патэнцыйна каля кожнай з іх могуць знаходзіцца планеты. Толькі ў назіраным намі Сусвеце можа быць як мінімум два трыльёны галактык, у кожнай з якіх утрымліваюцца трыльёны планет, якія круцяцца вакол сотняў мільярдаў зорак. І нават калі сярод такой колькасці планет тых, што будуць здольныя падтрымліваць жыццё, вельмі і вельмі мала, дзесьці ў Сусвеце ўсё роўна павінна быць разумнае жыццё, акрамя нашага.


Падлікі кажуць, што калі толькі 0,1% планет нашай галактыкі будуць патэнцыйна прыдатныя да жыцця, то гаворка ўжо пойдзе пра колькасць каля аднаго мільёна планет, на якіх можа існаваць жыццё. Такія разлікі заахвоцілі нобелеўскага лаўрэата Энрыка Фермі задацца пытаннем: «Гэй, дык дзе ж вы ўсе?» Гэтае пытанне з'яўляецца перадумовай да так званага парадоксу Фермі, і, на думку сучасных навукоўцаў, найбольш верагодныя адказы на яго будуць звязаныя з самім чалавекам.

Ёсць такая гіпотэза — «Вялікі фільтр». Згодна з ёй, да таго моманту, як разумнае жыццё зможа пакінуць межы свайго роднага свету, яму неабходна пераадолець нейкую сцяну. Той самы Вялікі фільтр. Гіпотэза абвяшчае, што ў глабальным эвалюцыйным працэсе маюцца нейкія пераходныя моманты, якія прыйдзецца пераадолець любой разумнай цывілізацыі, каб атрымаць магчымасць зносін з іншымі светамі. Для некаторых цывілізацый гэтыя пераходныя моманты могуць праходзіць на раннім этапе жыцця, а ў нашым выпадку мы толькі рухаемся да гэтага моманту эвалюцыі. З гэтага заключэння можна зрабіць контрінтуітыўную выснову аб тым, што чым лягчэйшая была наша эвалюцыя да цяперашняга часу, тым горшыя шанцы чалавецтва ў будучыні.

Узяць хоць бы кліматычныя змены. Незалежна ад таго, ці верыце вы ў іх ці не, калі яны будуць пушчаныя на самацёк, то ў канчатковым выніку загубяць большую частку вядомага нам жыцця на Зямлі. Апошнія 12 000 гадоў ці каля таго клімат на планеце быў дзіўна стабільны, што дазволіла чалавечай цывілізацыі заквітнець, перайшоўшы ад сельскай гаспадаркі да індустрыялізацыі, якая па іроніі лёсу можа ўсіх нас і загубіць.

У рамках нядаўніх даследаванняў было ўстаноўлена, якія характэрныя рысы і асаблівасці жывых відаў найбольш верагодна дазволяць ім выжыць ва ўмовах планеты, што перанесла глабальныя кліматычныя змены. Дзвюма найбольш важнымі асаблівасцямі з'яўляюцца невыбіральнасць і здольнасць да хуткага рэпрадуктыўнага цыкла. Зыходзячы з гэтага, можна зрабіць выснову, што людзі не будуць займаць месца сярод першарадных відаў, якія выжывуць у будучыні. З гэтага таксама можна зрабіць і іншую выснову: нягледзячы на тое, што падзеі на іншых планетах (тыя самыя пераходныя перыяды) могуць развівацца па-іншаму, існуе вялікая верагоднасць таго, што на шляху жыцця, якое існавала на гэтых планетах, аказалася столькі перашкод, што цывілізацыі ў канчатковым выніку не змаглі іх пераадолець.

«У Сусвеце, якому некалькі мільярдаў гадоў, дзе зорныя сістэмы падзеленыя не толькі прасторай, але і часам, цывілізацыі могуць з'яўляцца, развівацца і ў выніку самаўхіляцца настолькі хутка, што проста не паспяваюць знайсці сабе падобных. Мы самі жывём у стагоддзе новага масавага вымірання, якое толькі-толькі пачалося. Нас чакае яшчэ вельмі шмат смерцяў», — піша калумніст Nеw Yоrk Mаgаzіnе Дэвід Уолес-Уэлс.

У многіх іншых мысліцеляў маюцца свае адказы на парадокс Фермі. У нейкіх выпадках яны больш дэпрэсіўныя, чым гэты, у нейкіх менш. Прывядзём некалькі прыкладаў. Андэрс Сандберг, оксфардскі астрафізік, член Астранамічнай абсерваторыі Бялграда Мілан Цыркавіч, а таксама Сцюарт Армстронг, эксперт па пытаннях штучнага інтэлекту, лічаць, што іншапланецяне не вымерлі, а проста знаходзяцца ў спячцы, чакаючы астуджэння агульнага касмічнага фону Сусвету.

Прафесар Зара Асманава са Свабоднага ўніверсітэта Тбілісі мяркуе, што нашы пошукі іншапланетных мегаструктур рана ці позна яшчэ ўвянчаюцца некаторымі поспехамі, толькі вось шукаем мы іх зусім не каля тых зорак, што трэба. А шукаць трэба, на думку Асманавай, побач з пульсарамі. Фізік Браян Кокс прапаноўвае свой варыянт, у якім для іншых пазаземных цывілізацый справы маглі скончыцца сумна, таму не выключана верагоднасць, што яны могуць скончыцца гэтак жа і для нас. «Чаму б не выказаць здагадку, што рост навукі і інжынерыі мог перасягнуць палітычныя і сацыяльныя нормы і асновы, і ўсё настолькі выйшла з-пад кантролю, што прывяло да катастрофы», —
кажа Кокс. «Калі разумнае жыццё на іншай планеце, само таго не жадаючы, сябе ж і знішчыла пад націскам развіцця сваіх тэхналогій, то чаму, уласна, варта выключаць магчымасць аналагічнага лёсу для чалавецтва?»

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ці ёсць браты па розуме?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.