Вы тут

Пад пірамідай Месяца знайшлі сакрэтны тунэль


Даследаванне старажытнага закінутага горада Тэатыўакан у Мексіцы дазволіла здзейсніць адкрыццё: пад Пірамідай Месяца археолагі выявілі тунэль.


Тэатыўакан размешчаны за 40 км на паўночны ўсход ад Мехіка. Гэта адзін з найбольш значных помнікаў дакалумбавай Амерыкі. Дакладны ўзрост горада не вядомы, мяркуецца, ён быў закладзены ў 100 годзе да н.э., а большасць яго манументаў будавалася да 250 года н.э. У эпоху свайго найвышэйшага росквіту (250—600 гады н. э.) Тэатыўакан аказваў значны культурны ўплыў на многія вобласці Месаамерыкі. Са сваімі 15 пірамідамі і вялізнай гандлёвай плошчай Тэатыўакан быў большы за любы населены пункт Еўропы.

Да сярэдзіны VІІ стагоддзя горад быў ужо закінуты. Ацтэкі, якія прыйшлі сюды пазней, заспелі толькі велічныя руіны. Яны і далі ім назву: у прыватнасці, найбуйнейшая гарадская пабудова атрымала імя Піраміды Сонца, а другая па велічыні — Піраміды Месяца. Гэты будынак знаходзіцца каля паўночнага канца Дарогі Мёртвых, завяршаючы двухбаковую сіметрыю храмавага комплексу.

Археалагічныя даследаванні Піраміды Месяца вядуцца з 1998 года. Пад пірамідай былі знойдзеныя пахаванні, якія змяшчаюць астанкі людзей і жывёл, а таксама мноства рытуальных прадметаў. Новае адкрыццё здзейснілі навукоўцы з Нацыянальнага інстытута антрапалогіі і гісторыі Мексікі. Вывучаючы цэнтральную плошчу Тэатыўакана з дапамогай метаду электратамаграфіі, яны знайшлі тунэль, які пракладзены на глыбіні 10 метраў і вядзе да Піраміды Месяца. За апошнія гады археолагі, якія працуюць у Мексіцы, знайшлі некалькі падобных тунэляў — у тым ліку ў Тэатыўакане, пад храмам птушынага змея. Падземны будынак пад пірамідай Месяца будаваўся па тых жа тэхналогіях, але з ім не звязаны.

Грунтуючыся на гіпотэзе аб тым, што Піраміду Месяца выкарыстоўвалі для прынясення ахвяр, спецыялісты мяркуюць, што тунэль сімвалізуе замагільны свет. На наступным этапе даследаванняў археолагі паспрабуюць прабрацца ўнутр, каб знайсці там артэфакты, якія могуць больш расказаць пра гісторыю горада і яго манументаў.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».