Вы тут

Царква, касцёл і сінагога па суседстве


Зямля, адораная Божай ласкай, якая ў той жа час зведала шмат страт. Мясцовасць з багатай гісторыяй, напоўненай легендамі і паданнямі. Мяняліся часы — змяняліся і мясцовыя традыцыі. Розным было і рэлігійнае жыццё ў Азёрах.


Уніяцкая царква ў Азёрах.

Пасля падпісання ў 1596 годзе Берасцейскай царкоўнай уніі, спрадвеку праваслаўны Азёрскі край стаў пераводзіцца ва ўніяцтва. Царква, якая знаходзілася на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі побач з могілкамі, на перакрыжаванні вуліц Царкоўнай і Могілкавай (сённяшніх Чырвонапартызанскай і Піянерскай), была ператворана ва ўніяцкую.

У XVІІ стагоддзі ў вёсцы пачало распаўсюджвацца каталіцтва, быў пабудаваны драўляны касцёл Маці Божай Ружанцовай, знішчаны ў час вайны з Масковіяй 1654—1667 гадах. Тады ж моцнае разбурэнне адчула на сабе ўсё паселішча. Новы драўляны касцёл быў адбудаваны на Рынку ў 1679 годзе. Праз сто гадоў, у 1779-м, праводзілася яго капітальнае аднаўленне на сродкі ўладальніка Азёр караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Двухвежавы храм па задумцы архітэктара з'яўляўся спробаю выкарыстання класіцызму ў драўляным дойлідстве.

Пасля спусташальнай вайны з Масковіяй сярэдзіны ХVІІ стагоддзя ў Азёрах пачалі актыўна сяліцца яўрэі. У паселішчы ўзрастала значэнне гандлю і рамёстваў, у выніку з вёскі яно ператварылася ў мястэчка, якое, на думку гісторыка В. Рагойшы, «выступала як унікальная форма спакойнага, талерантнага прадуцыравання і сужыцця некалькіх нацыянальных культур». Яўрэі ўтварылі моцную, даволі паспяховую абшчыну, якая існавала за кошт мукамольнай прамысловасці, рыбалоўства, дублення скур, рамёстваў і гандлю.

На вуліцы Школьнай, бліжэй да возера, адкрылася яўрэйская школа, адсюль вуліца атрымала сваю назву. Побач у канцы XVІІІ стагоддзя пабудавалі сціплую па знешнім выглядзе і аздабленні драўляную сінагогу, акружаную па перыметры галерэяй і прыбудовамі. Яна ўяўляла сабою бязвежавае збудаванне прасторнага аб'ёму з высокім дахам складанай канфігурацыі і мела падабенства са шматлікімі ўзорамі сінагагальнай архітэктуры, размешчаных па ўсёй Беларусі, напрыклад у Воўпе, Адэльску і Песках.

Большасць насельніцтва Азёр па веравызнанні былі ўніятамі, пераведзенымі з праваслаўя, і наведвалі невялічкую ўніяцкую царкву, якая згадваецца ў шэрагу старых дакументаў. У пачатку ХVІІІ стагоддзя протаіерэем у ёй быў Тодар Грыневіч. 17 жніўня 1712 года на яго хату здзейснілі напад мясцовыя шляхцічы Ян і Сымон Плонскія: павыбівалі дзверы і вокны, пабілі яго сына Міхала, а таксама іх парабкаў Яна Дарошку і Міхала Царыка.

Праз год, 20 верасня 1713 года святар Азёрскай царквы Грыгор Куляшэўскі ўнёс у гарадскі суд скаргу на стрыеўскага падстарасту Антона Казіцкага і Верцялішкаўскага протаіерэя Тодара Грынашкевіча і іншых асоб у тым, што яны рабілі неаднаразовыя наезды на яго хату. Але, не знаходзячы яго на месцы, рабавалі царкоўную маёмасць. Як высветлілася пазней, Казіцкі хацеў з царквы ў Азёрах забраць келіхі і аддаць Верцялішскаму прэсвітару.

Аднаго ж разу напаткалі Куляшэўскага ў хаце, пасля чаго той збег і схаваўся ў царкве. Згаданыя нападнікі «царкоўныя сцены кулямі нашпігавалі, у дзвярах засовы паламалі», уварваліся ў храм са зброяй і напалі на святара. Выратавалі Куляшэўскага ад смерці, а Азёрскую царкву ад рабавання ваколічныя сяляне, якія пачуўшы пальбу, збегліся да царквы і не далі ўчыніць гвалт.

За наступныя чатыры дзесяцігоддзі Азёрская царква шматразова зведвала на сабе несправядлівасць з боку самых багатых мясцовых шляхецкіх родаў, каталікоў па веравызнанні — Плонскіх і Старжынскіх. У 1754 годзе святар Азёрскай царквы Мацей Грыневіч скардзіўся на іх у Гродзенскі суд. Плонскія і Старжынскія пагражалі Грыневічу фізічнай расправай, незаконна завалодалі царкоўнай зямлёй (маёнткам, лесам, сенажаццю) і рыбнай лоўляй у рэках і азёрах, наносячы страты яе гаспадарцы.

У гэтым жа, 1754 годзе, шляхта Гродзенскага павета дала сваім дэпутатам на сойме інструкцыі, у якіх была пазначана патрэба ў аднаўленні 9 праваслаўных цэркваў Гродзенскай эканоміі, сярод якіх, разам з Гродзенскай Уваскрасенскай, Навадворскай, Крынкаўскай, Скідзельскай і Верцялішкаўскай, называлася і Азёрская.

У 70—80-я гады XVІІІ стагоддзя ў Азёрах, якімі валодаў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, замест старой была пабудавана новая Петра-Паўлаўская ўніяцкая царква, у якой сваёй формай вылучаліся вокны ў выглядзе паўколаў. Нягледзячы на рамонты 1843-га і 1853 гадоў, драўляныя канструкцыі царквы паступова прыходзілі ў заняпад. Пасля будаўніцтва ў цэнтры Азёр царквы Святога Духа ў 1866 годзе, у старым храме захоўвалі архіў і бібліятэку. А яе саму, размешчаную побач з вясковымі пахаваннямі, празвалі «Могілкавай».

...На 1830 год у Азёрах пражывала 426 чалавек мужчынскага полу, з іх 7 шляхцічаў, духоўнага стану — 2, 235 мяшчан-яўрэяў, мяшчан-хрысціян і сялян — 181. У 1839 годзе ўніяты былі пераведзеныя ў праваслаўе, і былая ўніяцкая царква ў Азёрах стала праваслаўнай.

Пасля задушэння паўстання 1863—1864 гадоў у Беларусі расійскія ўлады разгарнулі актыўнае будаўніцтва праваслаўных цэркваў. 25 лістапада 1864 года быў зацверджаны праект новай «праваслаўнай мураванай царквы на 450 чалавек са званіцай» у Азёрах. 11 чэрвеня 1867 года будаўніцтва царквы Святога Духа было завершана і яна была асвечана.

У 1912 годзе ў склад Азёрскага прыхода ўваходзілі мястэчка Азёры, вёскі Стрыеўка, Канчатка, Лакно, Лозы, Каневічы, Пыра, Пруды, Губінка, урочышчы Берві, Бярэзіна, Дубінка, Бабіна, Конна, Масткі, Бушнева з насельніцтвам каля чатырох тысяч чалавек.

У 1895 годзе ў Азёрах з'явілася гарбарнае прадпрыемства, а ў 1899-м аднавіла дзейнасць папярова-кардонная фабрыка. Калі ў 1878 годзе ў Азёрах пражывала 1013 чалавек, з якіх 508 яўрэяў, то ў 1897 годзе ўжо 3283 жыхары.

Адна з Азёрскіх вулачак (1930-я гады).

У 1915 годзе, у час Першай сусветнай вайны, Азёры апынуліся пад нямецкай акупацыяй, а пасля заключанага ў 1921 годзе Рыжскага мірнага дагавора — у складзе другой Рэчы Паспалітай. Новая ўлада ўслед за немцамі разгарнула актыўную высечку мясцовых лясоў. Так Азёры і зрабіліся цэнтрам гміны Гарадзенскага павета Беластоцкага ваяводства. На зямлі былога маёнтка Валіцкіх Вільянава пасяліліся «асаднікі» — удзельнікі польска-савецкай вайны, адна з бітваў якой адбылася каля вёскі Новая Руда (10 лютага 1940 года ўсе сем'і асаднікаў былі дэпартаваныя ў глыб СССР).

Паступова пасля вайны аднаўлялася колькасць насельніцтва мястэчка. У 1921 годзе тут жыло 1755 чалавек, а на 1935-ы — ужо 2700 жыхароў, з якіх 550 былі каталікамі, 900 — праваслаўнымі, а 1300 — іўдзеямі. З мястэчка ў Гродна можна было патрапіць па чыгунцы і аўтобусам.

Азёры мелі маляўнічыя вулачкі, забудаваныя драўлянымі хаткамі. Пасярэдзіне Рынку ў акружэнні старых дрэў стаяла мураваная царква, а побач драўляны касцёл з дзвюма вежамі. У 1928 годзе ён быў адноўлены, і, нягледзячы на шэраг перабудоў, захаваў амвон з XVІІ стагоддзя, а ў рызніцы знаходзіліся прыгожыя арнаменты са слуцкіх паясоў. Бліжэй да возера стаяла старая драўляная сінагога. Па суседстве знаходзіўся пабудаваны пры паляках чыгуначны вакзал, у асноўным для вывазу дрэва з Гродзенскай пушчы. Для перапрацоўкі дрэва, сплаўленага па вадзе, за возерам была пабудавана вялізная лесапільня, побач драўляны порт, поўны плытоў.

У мястэчку знаходзіліся начлежныя дамы Генаха Лацкага пры вуліцы Пілсудскага, 22 і Давіда Бэркавіча пры вуліцы Кароткай, 7. Абодва мелі па тры пакоі, кошт — адзін злоты за ложак. На Рынку знаходзіўся рэстаран У. Гізоўскага. Гандаль адбываўся ў чацвер, а ў пачатку кастрычніка ладзіўся штогадовы кірмаш.

У 1939 годзе Азёры ўвайшлі ў склад БССР і ў 1940 годзе сталі цэнтрам сельсавета. Але ў чэрвені 1941 года мястэчка апынулася пад нямецкай акупацыяй.

На тэрыторыі сённяшняй Чырвонаармейскай вуліцы двухпавярховы дом з вадаправодам заняла «гміна», у якой пражываў нямецкі камісар з сям'ёй. Побач было створана «гета», куды сагналі 1370 яўрэяў. Яно было злучана з гмінай тунэлем памерам 2х2 метры.

Згодна з аповедам мясцовага жыхара В. А. Таянка, схопленых людзей праводзілі праз гэты ход у бункер, дзе іх дапытвалі, катавалі і забівалі. Побач знаходзіліся вальеры з галоднымі ваўкамі і лісамі, да якіх таксама кідалі вінаватых, на думку фашыстаў, людзей. Не пазней за 5 сакавіка 1943 года немцы і паліцаі забілі ўсіх азёрскіх яўрэяў.

Пасля заканчэння вайны бетонны ўваход у тунэль засыпалі. Але яшчэ ў пачатку 1980-х гадоў пры капанні калодзежа глыбока ў зямлі былі знойдзены вялізныя шпалы даўжынёй каля трох метраў.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны ад некалі багатай яўрэйскай культуры не засталося нічога. Сінагога, як і старая «Могілкавая» царква ды касцёл, былі спалены. І калі ў 1994 годзе каталіцкі храм на месцы былога знішчанага быў адноўлены, то аднаўляць страчаную спадчыну яўрэйскага народа ў Азёрах не засталося каму. Нават старыя яўрэйскія могілкі, якія знаходзіліся з правага боку пры дарозе на Астрыну сёння зараслі дрэвамі.

Аднойчы на адну з гадавін Перамогі на парэштках фундамента былога гета мясцовыя жыхары заўважылі мужчыну, які плакаў. На пытанне, што з ім, ён адказаў, што яго тут катавалі, але ён цудам збег праз дымаход і застаўся жывы. У адрозненне ад тых соцень азярчан, хто быў знішчаны фашыстамі.

Васіль ГЕРАСІМЧЫК

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.