24 Люты, субота

Вы тут

Ганна Святаслаўна


Вялікі князь літоўскі і рускі Вітаўт, прайшоўшы не адно кола зямнога пекла, загрубеў душою, але прысутнасць побач з ім жонкі Ганны вярнула яму юнацкую высакароднасць, змякчыла ваяўнічую натуру. «Жонка мае на яго вялікі ўплыў, але якая ж гэта жанчына! Рэдкасць і вялікая рэдкасць паміж Евінымі дочкамі... Ён знайшоў у ёй анёла-ахоўніка», — пісаў пра Ганну крыжацкі чыноўнік Конрад Кібург, які ў 1398 годзе наведаў Вільню і пазнаёміўся з гэтай дзівоснай жанчынай. І ён быў зачараваны яе дабрынёй і прыязнасцю.


Вітаўт і Ганна.

Ганна была другой жонкай Вітаўта. Першая, Марыя Лукомская, памерла пры родах дачкі Сафіі ў 1376 годзе. Вітаўт, якога заўсёды хвалявала жаноцкая прыгажосць (за што яго дакаралі, бо часта ён кідаў войска і адпраўляўся да чарговай каханкі), нядоўга насіў жалобу па Марыі. У 1377 годзе ён ажаніўся з юнай прыгажуняй Ганнай, дачкой смаленскага князя Святаслава Іванавіча. Не хочацца шукаць у гэтым шлюбе нейкую палітычную падаплёку, бо пры жаданні Вітаўт, на той час ужо гарадзенскі князь, мог знайсці і лепшую і больш выгадную для яго партыю, але вось выбраў Ганну — гэта быў выбар яго сэрца. І Ганна зрабілася яго вернай спадарожніцай па жыцці, нарадзіла яму сыноў Юрыя ды Івана, а калі мужу пагражала смерць, вырвала з рук Ягайлавых жывадзёраў, паводле слоў Конрада Кібурга.

Як вядома, у 1382 годзе падчас міжусобнай вайны, Кейстут і Вітаўт трапілі ў палон да Ягайлы. Паверыўшы хлуслівым словам апошняга, яны прыехалі ў ягоны стан для перамоў і былі схоплены. Неўзабаве Кейстута задушылі ў Крэўскім замку. Туды кінулі і Вітаўта. Ягайла сустрэўся з ім. Знясілены і хворы, страціўшы надзею на вызваленне, Вітаўт прыніжана прасіў вялікага князя вызваліць яго і абяцаў вераю і праўдаю служыць яму. Ягайла пашкадаваў стрыечнага брата, але ад яго патрабавалі расправіцца з Вітаўтам маці Ульяна Цвярская і брат Скіргайла. Ён вагаўся пад іх упартым націскам. Не караў і не вызваляў. Затое дазволіў Ганне даглядаць хворага мужа. А ворагі Вітаўта даслалі крэўскаму кашталяну ліст з патрабаваннем расправіцца з вязнем, бо Ягайла можа перадумаць і памілаваць яго. Пра падрыхтоўку забойства мужа выпадкова даведалася Ганна, пачуўшы размову вартавых: «Калі князь вялікі Вітаўт будзе сядзець тут далей, дык яго чакае тое самае, што і бацьку». Каханне да мужа, адчай перад яго стратай штурхнулі Ганну да рызыкі і дзеяння. Ганна змовілася з ашмянскімі шляхціцамі, якія выслалі да Крэва невялікі конны атрад. Угаварыла княгіня дапамагчы ёй і сваю прыслужніцу Алену, нявесту вернага Кейстутавага слугі Рыгора Амуліча, які загінуў, абараняючы князя.

У адзін з восеньскіх вечароў Ганна разам з Аленай наведала мужа. Вартавыя ўжо прызвычаіліся да іх і нічога падазронага не заўважылі. У каморы Алена прапанавала Вітаўту ўцячы, пакінуўшы замест сябе яе. Яна ведала, што яе чакае смяротнае пакаранне, і на адмову Вітаўта рашуча заявіла: «І я жадаю паслужыць Радзіме, мне прыемна будзе памерці за Літву. Ты, вызваліўшыся, зробіш дзеля яе столькі добрага, дазволь і мне ўдзельнічаць у гэтым. Калі любіш Літву, дык паслухай мяне». Высакародная дзяўчына ахвяравала сабой дзеля жыцця Вітаўта. І ён прыняў яе ахвяру. У яе вопратцы, прыкрыўшы твар капюшонам накідкі, Вітаўт разам з жонкай выйшаў з каморы. Вартавыя не разглядзелі яго, прыняўшы за служанку. Кароткім было развітанне, трэба было спяшацца. Вітаўт у цемры па вяроўцы спусціўся са сцен, перабраўся цераз роў і дабраўся да лесу, дзе яго чакалі ашмянскія шляхціцы. Так, дзякуючы Ганне і самаахвярнасці служанкі Алены, Вітаўт вырваўся на волю.

Услед за мужам з Крэўскага замка выехала Ганна. Яны сустрэліся ў месцы, дзе пазней Вітаўт паставіць на памяць царкву, вядомую цяпер, як знакаміты Маламажэйкаўскі храм-цвержа. Разам яны выправіліся ў цяжкае падарожжа свайго новага жыцця выгнаўцаў. Ганна падзяліла лёс Вітаўта і згадзілася быць за яго закладнікам у крыжакоў.

Доўгае змаганне Вітаўта з Ягайлам зрэшты закончылася іх прымірэннем у 1392 годзе. Ягайла прызнаў Вітаўта вялікім князем. Толькі яго радасць змянілася смерцю сыноў, якіх атруцілі крыжакі. Такую дарагую цану заплаціў ён за велікакняжацкую карону, а пра сваё гора мог забыцца ў дзяржаўных справах і клопатах, будучы, як яго называлі, «бацькам Айчыны». А вось Ганне як было пачуваць сябе з горыччу страты дзяцей, як забыцца?

Яна ўзяла на сябе клопат уладкаваць сямейны дабрабыт свайго вечна занятага дзяржаўнымі справамі мужа. Суправаджала яго ў паездках па краіне. Разам траплялі ў небяспечныя становішчы. У 1398 годзе яны ледзь не згарэлі ў пажары, які ўначы ўспыхнуў у Гарадзенскім замку. Разбудзіла іх, фактычна выратаваўшы, ручная малпа. У 1409 годзе яны разам хаваліся ад крыжакоў, якія напалі на Ваўкавыск, жадаючы перахапіць іх па дарозе ў Бярэсце. Так што жыццё з вялікім князем было для Ганны не толькі неспакойным, але і небяспечным. Ды яна не наракала на лёс, пераносіла цяжкасці і выпрабаванні, што выпадалі яе мужу. Але яе пяшчотнае сэрца, што так блізка прымала ўсе трывогі мужа, не вытрымала.
У 1418 годзе Ганна памерла.

З імем княгіні звязваюць будаўніцтва знакамітага касцёла Святой Ганны ў Вільні. Нібыта гэта яна пабудавала ў 1396 годзе гэткі маленькі шэдэўр вялікага дойлідства. Навейшыя даследаванні прыпісваюць будаўніцтва храма дойліду Ягелонаў Бенедыкту Рэйту, які ўзвёў яго ў 1495—1500 гадах. Аднак не выключана, што новы храм паўстаў на месцы былога, узведзенага Вітаўтам у гонар любімай жонкі. І хоць ён ажаніўся трэці раз, але кахаў Ганну і прасіў пахаваць яго «побач з пагробкам памерлай жонкі, дзе і для сябе дамавіну выбраў», каб быць разам з ёй назаўжды.

Вітаўт ЧАРОПКА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Надзея для Вары

Надзея для Вары

Калi хварэюць блiзкiя, гэта заўсёды гора, але няма гора большага, чым калi хварэюць дзецi. 

Грамадства

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Мiнiстр абароны — пра складаны шлях да генеральскiх пагонаў, перспектывы развiцця беларускай армii i мiрнае неба над галавой.