Вы тут

Плод разумення


Прадэманстравалі творцы розных краін на выстаўцы «Apple смак»


Аляксандр Дзямідаў «Рай», 2009 г.

Напрыканцы ліпеня ў Палацы мастацтваў быў прадстаўлены Міжнародны выставачны праект «Apple смак», экспазіцыя якога паказвае, як мастакі з розных краін свету натхняюцца адным, на першы погляд, звычайным аб’ектам.

Удалае сумяшчэнне жывапісу, графікі, скульптуры і арт-інсталяцый задавала канцэпцыя. Арганізатары прапанавалі ўдзельнікам раскрыць яблык як мастацкі аб’ект з пункту гледжання філасофіі. Сімвал жыццёвай моцы — яблык — асэнсоўваецца з біблейскіх часоў. Экспазіцыя прымеркавана да Яблычнага Спаса — свята, якое адзначаецца праваслаўнымі хрысціянамі ў сярэдзіне жніўня. У праекце ўзялі ўдзел мастакі з Беларусі, Украіны, Польшчы, Расіі, Літвы, Эстоніі, Латвіі, Балгарыі, Славакіі, Італіі, Азербайджана і нават Ірландыі.

— Год таму Беларускі саюз мастакоў планаваў арганізаваць выстаўку «3:4» з падобнай канцэпцыяй, але позна зрэагавалі мастакі, і я вырашыў крыху пачакаць і пашырыць праект, зрабіць яго міжнародным, — расказаў першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык. — Вельмі цікава, калі творцы розных пакаленняў і краін увасабляюць адну ідэю, прычым не абстрактную, а канкрэтную. Гэтым праектам мы праклалі мастацкі мост паміж рознымі краінамі. У наступным годзе плануем гэтую практыку працягваць, але для натхнення мастакоў будзем шукаць іншы аб’ект, пашырым фармат. Ужо ёсць дамоўленасць, што ў 2018 годзе ў праекце возьмуць удзел мастакі з Аўстраліі. Вельмі прыемна, што сёлета ўдзельнічае Ірландыя. Ірландскі саюз мастакоў складаецца з дваццаці сямі чалавек, у той час, як у Беларускі саюз мастакоў уваходзіць тысяча сто чалавек. Шчыра кажучы, напачатку не думалі, што праект выкліча такую цікавасць. А ў выніку атрымалася, што ён практычна набыў фармат біенале.

Артурас Бразюнас «Жнівень» (Літва)

Першае пытанне: чаму менавіта яблык? Калі ўзгадаць гісторыю сусветнага мастацтва, то яблыкі ёсць на палотнах самых знакамітых майстроў планеты. Так, напрыклад, Поль Сезан любіў пісаць нацюрморты з яблыкам, Поль Гаген выкарыстоўваў яблыкі для адлюстравання цэласнасці свету, а Ілья Рэпін бачыў у яблыках загадку. Так і нашы мастакі паспрабавалі адлюстраваць яблык не толькі з боку побытавага альбо прыроднага, але і раскрыць яго сутнасць у кантэксце гістарычным, філасофскім, нават казачным.

— Паколькі праект мы арганізавалі ў перыяд уборачнай кампаніі, яблык як мастацкі аб’ект паказаўся нам актуальным, — адзначыў Глеб Отчык. — Сёлета ўраджай яблыкаў у Беларусі сціплы, а наша выстаўка паказвала багацце. Акрамя таго, яблык з’яўляецца сімвалам сонца, урадлівасці, любові, сімвалам, які аб’ядноўвае ўсю чалавечую культуру: яблыкі вырошчваюць у розных кутках свету.

Выстаўка атрымалася разнастайнай. Большасць беларускіх экспанатаў прадстаўляліся ўпершыню. Дарэчы, гэта адна з праблем экспазіцый, якія арганізоўвае Беларускі саюз мастакоў: часта работы ў іх паўтараюцца, вока прывыкае, а хочацца навізны, нечаканых ідэй і тэм для разваг. Так, напрыклад, арт-аб’екты Таццяны Гомзы — выбуховыя снарады, якія прадстаўлены ў форме яблыкаў. Аўтар раскрыла сур’ёзныя тэмы — разбурэнне маральных устояў, дэградацыю грамадства, але не вінаваціць нікога, а спрабуе звярнуць увагу на важныя аспекты існавання чалавека ў сённяшніх рэаліях. А ў творах Аляксандра Дзямідава яблык стаў сімвалам раю, але без адсылкі да біблейскай гісторыі. На палотнах мастака адлюстраваны яблыні, што абуджаюць успаміны аб дарагім дзяцінстве, якое прайшло ў вёсцы ў бабулі.

— Каштоўнасць праекта ў тым, што ў ім прадстаўлены работы як маладых мастакоў, так і творцаў, якіх ужо няма з намі, напрыклад, карціны Уладзіміра Кожуха або Гаўрылы Вашчанкі, — падкрэсліў Глеб Отчык. — Гэта імёны людзей, якія павінны застацца ў гісторыі беларускай культуры, іх творчасць павінна жыць.

Керамічныя вырабы Наталлі Яўгелеўскай накіраваны на раскрыццё традыцыйных тэм. Так, яе яблыкі на талерцы нагадвалі пра восеньскія цёплыя дні, пра залацісты колер гэтага перыяду. Сам яблык для аўтара — гэта і ёсць восень, у якой захоўваецца прыгажосць і пяшчота апошніх цёплых дзён. Малады аўтар Васіль Зянько таксама праз яблыкі бачыць восень. Праўда, мастак адышоў ад рэальнасці і паглыбліў гледача ў свет абстракцыі.

Ганна Сілівончык яблыкамі адлюстравала ўнутраны свет чалавека ў прамым сэнсе. Светлыя яблыкі — дабрыня і ўнутраная гармонія, цёмныя — эгаізм і дрэнныя ўчынкі. У яе творах няма ідэалізацыі, таму цёмнае і светлае яна сумясціла ў адным сюжэце, толькі важна заўважыць, як размеркаваны адценні (цёмнае ў сэрцы чалавека сведчыць пра яго характар). Яшчэ мастачка ў яблыках убачыла каханне: цэлы яблык сведчыць пра сямейнае шчасце і дабрабыт, у той час як палавінкі сімвалізуюць прынцыпы, з-за якіх узнікаюць непаразуменні ў сям’і.

Творы атрымаліся дыялагічнымі. Глядач, які трапіў на выстаўку, не проста ўбачыў творы, а разгледзеў у іх сябе, знайшоў знаёмую сітуацыю разам з адказамі на пытанні, якія хвалююць. Акрамя таго, калі праект міжнародны, тэма раскрываецца яшчэ і з пункту гледжання ментальных характарыстых. Праўда, у размяшчэнні экспазіцыі гэты момант не падкрэслілі: творы не размеркавалі па краінах і пакаленнях, а змяшалі ў адной прасторы.

— Мы не зможам паказаць выстаўку ў далёкіх краінах, але, напрыклад, у Літве і Эстоніі прадставім, тым больш што мастакі адтуль бралі ўдзел у праекце, — расказвае Глеб Отчык. — Праект атрымаўся маштабным і цікавым, таму мы вырашылі не абмяжоўвацца толькі беларускай экспазіцыйнай прасторай.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».