Вы тут

У дзіцячых лагерах можна і заробак атрымаць, і кітайскую мову вывучыць


Чацвёртая і пятая змены ў некаторых дзіцячых аздараўленчых лагерах яшчэ працягваюцца, аднак у цэлым летняя кампанія карыснага адпачынку ўжо на фінішы.


Удзельнікамі сёлетняй аздараўленчай кампаніі стануць увогуле больш чым 360 тысяч дзяцей. Штогод каля 30 працэнтаў школьнікаў прымаюць удзел у арганізаваным аздараўленні. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы сёлета было выдаткавана ў тры разы больш сродкаў, чым летась.

Кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ларыса ЕМЯЛЬЯНЧЫК падкрэслівае, што акцэнт у сёлетняй аздараўленчай кампаніі зроблены на адукацыйнай, сацыяльна значнай дзейнасці, вырасла колькасць профільных змен і атрадаў — у першую чаргу для падлеткаў 14—18 гадоў. Калі ў 2012 годзе толькі 10 тысяч дзяцей наведалі лагеры з пэўным профілем дзейнасці, то сёння іх ужо ў чатыры разы больш.

Папулярнасцю карыстаюцца палатачныя лагеры, лінгвістычныя, «Юны эколаг», «Юны археолаг» ды іншыя. У апошнія гады актыўна разгортваюцца летнія лагеры працы і адпачынку, дзе пабывалі ўжо каля 15 тысяч дзяцей. Дарэчы, у працоўных лагерах дзецям удаецца зарабіць ад 100 да 200 рублёў. У лагеры з кругласутачным знаходжаннем усё больш прыязджае (у суправаджэнні бацькоў) дзяцей з асаблівасцямі развіцця — усяго каля 3 тысяч. У аплаце пуцёвак для бацькоў у такіх сітуацыях удзельнічаюць мясцовыя бюджэты. 86 дзяцей наведалі разам з бацькамі пансіянат «Зорны» ў Радашковічах, дзе створана безбар'ернае асяроддзе, а таксама санаторый «Пралеска», дзе ўпершыню маглі адпачываць дзеці з такім захворваннем, як гемафілія, што дагэтуль было проціпаказаннем.

Актыўна развіваюцца ў рэгіёнах і спартыўна-аздараўленчыя лагеры, дзе пабывала за гэта лета каля 70 тысяч чалавек. Аздараўленне атрымала каля 9 тысяч сірот. А 2,5 тысячы дзяцей з рэгіёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, атрымалі пуцёўкі бясплатна. У кругласутачных лагерах сярэдні кошт пуцёўкі па краіне склаў 380 рублёў, у дзённых — 90. Палова кошту ў кругласутачных лагерах аплачваецца з дзяржаўнага бюджэту.

На лагер «Патрыёт», які дзейнічае вось ужо некалькі гадоў на базе аздараўленчага цэнтра для маладых інвалідаў, накіроўваюцца сродкі з мясцовага бюджэту. Лагер патрабуе асаблівага педагагічнага суправаджэння. Тут распрацоўваецца разам з прадстаўнікамі вайсковых часцей змястоўная праграма. Аздараўленчы цэнтр «Зорны» прымае не толькі дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, але з нядаўняга часу і з цукровым дыябетам, сардэчна-сасудзістай паталогіяй. Такіх дзяцей не толькі прыцягваюць да цікавых заняткаў, але і забяспечваюць ім адпаведнае медыцынскае суправаджэнне. Адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Лідар» сёлета правёў змены для лепшых атрадаў, якія нясуць варту на плошчы Перамогі каля Вечнага агню ў сталіцы, а ў хуткім часе сюды завітае група школьнікаў Вільнюскай гімназіі імя Ф. Скарыны.

— Гэтым летам мы аздаровім больш як 6 тысяч дзяцей, а на працягу года дзесьці каля 16 тысяч чалавек, — паведамляе дырэктар Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» Надзея АНУФРЫЕВА. — Для дзяцей, якія дасягнулі поспеху ў сацыяльна значнай дзейнасці, пачалася апошняя, пятая, змена працягласцю 18 дзён. У ёй удзельнічаюць пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд. Сёлета ў нас з'явіўся лагер «Зубраняцкія дачы» — драўляныя домікі, у якіх адпачываюць у тым ліку дзеці з асаблівасцямі развіцця ў суправаджэнні бацькоў. Наогул «Зубраня» дзеліцца на пяць лагераў — «Блакітны», «Зорны», «Вясёлкавы», «Зубраняцкія дачы» і палатачны лагер «Ружа вятроў». «Вясёлкавы», напрыклад, спецыялізуецца на спартыўных і міжнародных праектах. Палатачны дазваляе арганізаваць вывучэнне кітайскай і англійскай моў, займацца даследчай дзейнасцю — разам са спецыялістамі БДУ дзеці вывучаюць прыроду Нарачанскага краю. Актыўна працуе ў нас і турысцка-экскурсійны аддзел — школьнікі выязджаюць у Мір, Нясвіж, Полацк, Мінск...

«Зубраня», дарэчы, дадаткова прадастаўляе медыцынскія паслугі. Пасля сёлетняй дзяржаўнай атэстацыі цэнтр можа быць пераведзены ў шэрагі санаторна-курортных арганізацый. Усяго па краіне 12 дзіцячых рэабілітацыйных цэнтраў, што займаюцца санаторна-курортным лячэннем і аздараўленнем дзяцей, якія пражываюць на тэрыторыях, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Круглы год такія цэнтры прадастаўляюць поўны комплекс медыцынскіх паслуг і навучанне. Праўда, адукацыйны працэс нідзе не наладжаны так добра, як у «Зубраняці».

Дарэчы, да 8 працэнтаў дзяцей тут — замежнікі. Сёлета «Зубраня» наведалі дзеці з 41 краіны свету, у тым ліку з такіх далёкіх, як Індыя і ЗША. Традыцыйна добрыя сувязі падтрымліваюцца з Вільнюсам і Рыгай. Вось толькі што завяршылася змена для японскіх дзяцей, якія пацярпелі ад прыродных бедстваў.

З 14 па 28 жніўня на базе лагераў «Крынічка» і «Зубраня» пройдуць аздараўленне 40 сірыйскіх дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў у суправаджэнні чатырох кіраўнікоў групы. Дзеці — з ліку сірот, з прытулкаў, некаторых трымалі разам з бацькамі ў палоне. Нашаму боку давялося глыбей пазнаёміцца з асаблівасцямі сірыйскага менталітэту, арабскай кухняй, каб стварыць максімальна камфортныя ўмовы для іх размяшчэння. Запланавана пяць экскурсій з перакладчыкамі, азнаямленне з беларускай кухняй. Акрамя таго, дзяцей абследуюць у Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы і згодна са станам свайго здароўя яны атрымаюць санаторна-курортнае лячэнне. На базе «Зубраняці» ўжо другі год дзейнічае медыцынскі цэнтр з бальнеалагічнай, фізіятэрапеўтычнай, стаматалагічнай лячэбнай дапамогай. Цэнтр будзе прымаць сірыйскіх дзяцей як за ўласныя сродкі, так і за спонсарскія.

Беларускія дзеці таксама выязджаюць за межы — наша краіна мае свае санаторна-курортныя арганізацыі ў Друскінінкаі, Сочы, Туапсэ, Місхоры, куды накіроўваюцца ў тым ліку арганізаваныя групы за кошт бюджэтных сродкаў. На міжнароднае аздараўленне накіроўваюць дзяцей-сірот і розныя міжнародныя фонды. Так, у Італію за паўгода выехалі на адпачынак каля 1800 нашых дзяцей. Невялікія групы едуць таксама ў Балгарыю і нават Японію.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Не толькі вогнішча ды лінейка...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.