Вы тут

Мост да астральнага свету


Крысціна Гарвер

нарадзілася 4 красавіка 1995 года ў Валожыне. Скончыла факультэт міжнародных адносін БДУ. Неаднойчы перамагала ў розных намінацыях паэтычнага конкурсу «Маладыя галасы», уваходзіць у літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Рунь». Захапляецца маляваннем і олдскульнымі камп’ютарнымі гульнямі, вывучае тры замежныя мовы. Пры гэтым, ні паэтам, ні мастаком, ні геймерам, ні перакладчыкам сябе не лічыць.



МОСТ ДА АСТРАЛЬНАГА СВЕТУ

***

Шаманская хвароба

Прачынаюся зноў уначы,

Маё цела зноў рвуць крумкачы,

Мяне будзіць пранізлівы боль.

Пазіраю скрозь цемру у столь.

 

Я баюся заснуць: да мяне

Нехта лезе па цёмнай сцяне.

Нехта кліча мяне ў трэці раз,

Патрабуе на штосьці адказ.

 

А інакш — мае скончаны дні,

Мяне цягнуць уніз карані.

Невялікі мой выбар, аднак.

Сцяўшы зубы, кажу яму: «Так».

 

І ляціць да мяне легіён

Такіх самых нябачных, як ён,

З кожнай спрытнай нябачнай рукі

Маю плоць пратыкаюць крукі.

 

Бы жывёлу, што трапіла ў пастку,

Раздзіраюць крукамі на часткі,

Са скалечанай плоці душу

Вырывае вялізны каршун

 

І нясе яе ў лапішчы левай

На Сусветнае вечнае дрэва,

Там душа мая ў яйка лягла,

Бы Кашчэевай смерці ігла.

 

На галіне мяне будзе гушкаць,

Бы сваё птушаня, маці-птушка.

Я вылупліваюся ў гняздзе —

Я паўсюль і тым часам нідзе.

 

У мяне сто вачэй і сто рук,

Я хутчэй за святло і за гук,

У мяне сотня ног і вушэй,

Я за горы, аблокі вышэй.

 

Распрамлюся стралой ва ўвесь рост.

Я — да свету астральнага мост,

Я — зямлі маёй голас і кроў,

Пераемнік памерлых багоў.

 

Так вяртаюся ў новае цела.

Задрыжэла зямля, затрымцела,

На ўвесь свет прагрымеў барабан —

Уначы нарадзіўся шаман…

 

Буда

Буда выходзіць цішком са свайго павільёна,

Буда праходзіць і тысячы лі, і мільёны,

Трохі стамляецца — і, узнімаючы веі,

Моўчкі глядзіць, як захад перад ім ружавее.

 

Сонца чырвонай крывёй аздабляе вяршыні,

Буда далей басанож крочыць па канюшыне.

Ён да мяне зазірае амаль кожны вечар,

Ціха кладзе мне маленькія рукі на плечы.

 

Я адчуваю яго цёплы подых на скроні,

Разам мы позіркам ловім апошнія промні,

Разам малюем сузор’ямі ў хмарах калматых,

Потым сядзім на падлозе за кубкам гарбаты.

 

Буда жартуе, нібыта мне прыгатаваны

Бесперашкодны, прамы шлях да вечнай нірваны:

Там акурат і патрэбна дурніца такая…

Раніцай Буда ўстае і павольна знікае.

 

Вечарам зноў для яго адмыкаю я дзверы,

Хоць я, прызнацца, у Буду ні кроплі не веру.

Не існую я для Буды таксама, дарэчы —

Толькі ўсё роўна ідзе ён сюды кожны вечар.

 

***

Зірнула на зоры.

Зоры, як змрочныя

звяры:

зараз зарыкаюць,

загрызуць, але

заўтра зранку

здрадзяць

звярынай зграі,

задрыжаць у

зоркіх зрэнках

зубра ці

зграбнай зебры,

збяруцца на зброі

зморанага змагара,

зернем

зарыюцца ў зарыва —

замруць.

 

***

Маё сэрца — дзіўная пустэча,

Чорнай дзіркі прагная вантроба.

Колькі праглынула яно рэчаў —

Палічыць нат не раблю я спробы.

 

Смокча неба, сонца, подых ветра,

Кожны гук, які трапляе ў вушы,

І хавае ў ненаедных нетрах

Вочы чалавечыя і душы.

 

Ў тую бездань чорную, здаецца,

Цэлы свет праваліцца свабодна.

Толькі вось нязменна застанецца

Сэрца зноў пустым і зноў галодным.

 

Сымон

1

Світальнае свежае неба зіхціць крышталёва.

Па восеньскай вуліцы зноў шамацеў ліставей.

Зноў блыталіся прамяні між тваіх доўгіх вей.

Зноў слухалі мы, як гучала нямецкая мова.

 

Спрабую я словы навобмацак, смак і на слых,

Па складу, па літары, гуку — іх прагна глытаю.

І кожнае слова, як лёгкая птушка, ўзлятае,

Нібыта з гняздзечка, з пяшчотнейшых вуснаў тваіх.

 

Ўзлятае імкліва і дзесьці лунае пад столлю,

Дрыготкімі крыламі дробна ў паветры стракоча,

Кранаецца твараў і нам зазірае у вочы

І са скразняком вылятае праз вокны на волю.

 

На волю, дзе свежае неба зіхціць крышталёва,

Дзе восенню ўтульна ўвесь дзень шамаціць ліставей,

Дзе ўздых кожны робіцца быццам лягчэй і глыбей,

Дзе птушкай сапраўднаю робіцца кожнае слова.

 

2

Я стала бачыць надта многа:

Як сохнуць кропелькі расы,

Расце трава, бяжыць дарога,

Твае сівеюць валасы.

 

Я раптам чуць выразна стала,

Як кіт спявае пад вадой,

Пылінка на падлогу ўпала,

Гучыць пяшчотней голас твой.

 

Я адчуваю ўсёю скурай

Узмахі крылцаў матылька,

Паветра лёгкую тэкстуру,

Гарачыню ў тваіх руках.

 

Я — боства здольнасцей каштоўных

І адчуваць, і бачыць, чуць…

Але згубіла дар свой моўны:

Ўсё разумею і — маўчу.

 

Кіты

У небе плывуць кіты

Добрыя, як і ты,

Сумныя, як і я.

З імі — душа мая.

 

Песні пяюць яны

Дзіўныя, як і сны,

Звонкія, як і лёд,

З імі — душы палёт.

Чуеш? І клічуць нас,

Нібы ў апошні раз.

Ціха плывуць кіты,

З імі — і я, і ты.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».