Вы тут

Слесар са Слуцка завёў Інстаграм «простага вясковага чалавека»


У сацыяльных сетках людзі звычайна хочуць здавацца лепшымі, чым ёсць на самай справе. Суцэльныя карцінкі прыгожага жыцця. Слесар са Слуцка Міхаіл ГАРДЗЕЙЧЫК вырашыў пайсці насуперак шаблонам і завёў Інстаграм «простага вясковага чалавека». Ніякага гламуру — случчанін дзеліцца фотаздымкамі прыроды, сваіх «ссабоек» і ўраджаю з агарода.


Міхаілу 28 гадоў. Раней працаваў і трактарыстам, і аператарам кацельнай. Цяпер уладкаваўся слесарам у ЖКГ. Амаль увесь вольны час мужчына прысвячае агароду.

— Вырошчваю бульбу, агуркі, памідоры, цыбулю. Тое, што і ўсе. У нас з бацькамі агульнае лецішча. Ці вялікі агарод? Для сябе хапае, — расказвае Міхаіл.

Ён сам варыць кампоты і варэнне, соліць агуркі. Пра што і расказвае на сваёй старонцы. «Я ўсё жыццё ў гэтай вясковай сферы, — усміхаецца ён, калі здзіўляемся такой гаспадарлівасці. — Бабуля, бацькі рабіць нарыхтоўкі навучылі».

Мяркуючы па Інстаграме мужчыны, ён шмат гатуе. І не толькі макарону і бутэрброды. Міхаіл смажыць кабачкі, умее запякаць труса і качку.

— Трусікаў самі гадуем, купляць дорага, — заўважае суразмоўнік. — Я асабліва не гартаю часопісы, не шукаю рэцэпты. Што сам прыдумаю, тое і гатую.

Зарэгістравацца ў Інстаграме Міхаілу падказаў стрыечны брат. Случчанін прызнаецца: з дапамогай інтэрнэту спадзяецца пазнаёміцца з дзяўчынай.

— Шукаю такую, як я, — простую. Гаспадыню.

— І што, складана знайсці?

— Шчыра скажу, я яшчэ такіх не сустракаў. Можа, не там шукаю? (Смяецца) Знаёміцца ўжывую часу няма. Гэта трэба хадзіць кудысьці — у клуб, на канцэрт. Не на вуліцы ж знаёміцца. Дый цяпер у інтэрнэце ўсе сядзяць.

На адным з фота Міхаіл трымае букет рамонкаў. «Дару ўсім дзяўчатам», — стаіць подпіс. «Рамонкі проста былі пад рукой. А так у мяне на лецішчы шмат кветак», — запэўнівае халасцяк.

Случчанін любіць фатаграфаваць прыроду. На работу ён ездзіць на веласіпедзе, таму яму часта ўдаецца падлавіць прыгожыя кадры.

Пасля таго як акаўнт Міхаіла заўважылі СМІ, колькасць яго падпісчыкаў вырасла ў дзесяць разоў. Цяпер за жыццём случчаніна сочаць амаль 1,2 тысячы чалавек. Відаць, падкупляе шчырасць і прастата мужчыны.

А Міхаіл цяпер думае, як зрабіць сваю старонку ў інтэрнэце яшчэ цікавейшай. Складае план фота кожны дзень, каб не выкладаць адно і тое ж. Збіраецца навучыцца здымаць відэа. І набыць новы тэлефон, з больш якаснай камерай.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Кампоты вару сам»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?