Вы тут

Падрыхтаваны да друку вершы кітайскага паэта Ван Цзянчжао


Горад Хучжоу – з правінцыі Чжэцзян. Тут і нарадзіўся кітайскі паэт і літаратуразнаўца Ван Цзянчжао. У кастрычніку 1963 года. Насельніцтва Хучжоу – крыху болей за мільён… Лічы, што зусім малы горад па кітайскіх мерках. Дзе яму мерацца з Шанхаем і Пекінам, насельніцтва якіх складае 24 і 21 мільёны чалавек адпаведна. А ў Цзянцзіні – болей 14 мільёнаў. Не шмат меней – у Гуанчжоу, ва Ухані… Крыху меней за дзесяць мільёнаў – у Ханчжоу, Дунганю, Шэньяне, Чунцыні… Болей пяці мільёнаў – у Сіані, Нанкіне, Сучжоу. Блізка да гэтага – у Харбіне, Даляне, Цзінані… Так што, Хучжоу не ўваходзіцть нават у першую сотню гарадоў Кітая па колькасці насельніцтва… І ўсё ж яго гістарычная памяць не меней цікавая, чым у астатніх вялікіх гарадскіх паселішчах Паднябеснай. Побач з Хучжоу – возера Тайху, трэцяе па велічыне з прэснаводных вадаёмаў Кітая. Адсюль – вытокі ракі Сучжаухэ, якая працякае праз цэнтр Шанхая…


Тут, у Хучжоу, жыў легендарны паэт Лу Юй, які лічыцца стваральнікам першага пісьмовага трактата пра чай – “Чайны канон”. Без яго запісаў нельга ўвогуле ўявіць развіццё чайнай культуры. Хучжоу ў Кітаі славіцца яшчэ і вырабам пішучых пэндзляў. Існуе і выказванне паэта Дай Бяоюаня: “ Я наведаў амаль усе прыгожыя гарады краіны, але, думаю, што толькі Хучжоу – падыходзіць для пражывання на ўсё жыццё”. З горадам сваімі лёсамі звязаны такія легенды кітайскай паэзіі, кітайскай культуры, як Су Дунпо, Ван Сянчжы, Мі Фу, Ван Шыпэн.

Такі горад, такія вось вытокі – у Ван Цзянчжао і яго паэзіі. Кандыдат навук па гісторыі замежнай паэзіі, ён яшчэ з’яўляецца і доктарам гісторыі неапаэзіі (размова, пэўна, пра самую сучасную, мадэрновую паэзію) Кітая. Зараз займае пасаду прафесара Інстытута замежнай літаратуры Пекінскага універсітэта замежных моў. Аўтар манаграфій “Літаратурная дружба паміж Кітаем і Расіяй: руская савецкая літаратура і літаратура Кітая XX стагоддзя”, “Мадэрнісцкая паэзія Кітая XX стагоддзя” і многіх літаратурна-крытычных і гісторыка-літаратурных артыкулаў. На кітайскую мову пераклаў кнігі вершаў Аляксандра Блока, Барыса Паплаўскага. Выступіў у ролі рэдактара шэрагу кніг серый “Руская культура сярэбранага века”, “Руская думка”. А таксама адрэдагаваў кітайскае выданне пяцітомнага Збору твораў Марыны Цвятаевай.

Як паэт выступаў і працягвае выступаць у часопісах “Народная літаратура”, “Часопіс паэзіі”, “Кітайскія пісьменнікі”, “Майстры” і інш. Вершы Ван Цзянчжао змешчаны болей як у 30 калектыўных зборніках. Зараз творы нашага кітайскага сябра ўпершыню гучаць па-беларуску. Перакладчык – Мікола Мятліцкі. “…Па нявернай дарозе/ на захад крочыў заклеймаваны паэт./ І пасля сямі сутак бадзяння заўважыў,/ што дом заўжды за спіной” (з верша “Снежаньскі госць”, 10 кастрычніка 1998 года). І апошнія радкі з гэтага твора: “Стань на дыбачкі./ Ці чуеш гук снегу?”.

Ван Цзянчжао, як і многія яго папярэднікі (як і Су Дунпо, які жыў у родным горадзе кітайскага паэта – нашага сучасніка), шукае свае ўласныя мастацкія сімвалы праз уважлівы зварот да навакольных пейзажаў. Ён мастацкім словам як хірургічным інструментам выяўляе галоўныя мастацкія, эстэтычныя фарбы і колеры. Часам карціны, падказаныя блізкай прасторай, разбіваюцца, рассыпаюцца, асколкамі разлятаюцца ў розныя бакі… Галоўнае, як на мой погляд, у такіх абставінах – не згубіць сябе, свае эстэтычныя перакананні. Дзеля гэтага трэба быць моцным, мэтанакіраваным. І тады можна будзе паспрабаваць утрымаць “лёс у далоні”… Што і імкнецца зрабіць цікавы кітайскі паэт Ван Цзянчжао, які пачынае свой шлях да беларускага чытача. Беларускі пераклад вершаў Ван Цзянчжао будзе змешчаны ў кастрычніцкім нумары часопіса “Полымя”.

Алесь Карлюкевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».