Вы тут

Усё, што вы хацелі ведаць пра шкоду і карысць раслін


Ва ўнікальным Аптэкарскім садзе, размешчаным пасярод лесу і каля трох азёр — Мястра, Нарач і Белае, што паблізу пасёлка Гатавічы Мядзельскага раёна, — сабрана батанічная калекцыя больш чым з 250 відаў лекавых раслін. Толькі частку з іх можна знайсці на прасторах Беларусі, іншыя былі завезены з многіх краін і адаптаваныя да нашага клімату.


Закладка саду пачалася ў 2011 годзе, а першыя экскурсіі прайшлі ў 2014-м, калі на працягу года сюды наведаліся каля 23 тысяч турыстаў. Штогод іх толькі прыбывае. І гэта не дзіўна. Ну дзе яшчэ можна ўбачыць столькі жывой прыгажосці? Дзе яшчэ вы даведаецеся, чаму нельга злоўжываць мятай, якіх відаў яна бывае, чаму ў Швейцарыі забаранілі выпускаць абсент і дзе больш за ўсё шануюць гінкга білоба? Дзе яшчэ зможаце ўбачыць такі асартымент фітапрэпаратаў, пакаштаваць і прыхапіць з сабой выдатныя фітачаі? Іх вытворчасцю нядаўна пачала займацца кампанія «БелАсэптыка».

Чорны і зялёны чай набываюць у Індыі, Шры-Ланцы і В'етнаме непасрэдна ў вытворцаў. Да асноўнай сыравіны дадаюцца розныя травы. Больш за палову прадукцыі адпраўляецца ў краіны блізкага і далёкага замежжа.

— Для вытворчасці не толькі чаю, але і некаторых прэпаратаў мы выкарыстоўваем сваю раслінную сыравіну, якую вырошчваем на тэрыторыі плошчай 190 га, — кажа намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства «БелАсэптыка» Аляксандр РОГАЧ. — Мы выбралі тэрыторыю ў адным з самых чыстых рэгіёнаў, дзе забаронена ўнясенне любых хімікатаў у глебу. Адначасова на частцы тэрыторыі размяшчаецца экскурсійны комплекс, створаны для таго, каб любы ахвотны мог убачыць, як растуць самыя розныя расліны, што такое былі і ёсць зёлкі для чалавека... Называецца гэты комплекс «Аптэкарскі сад», а наведаць яго можна як у межах экскурсіі, так і самастойна...

Кароткая інфармацыя прапануецца любому наведвальніку саду, нават калі вы прыйшлі проста прагуляцца.

— Вось перад намі вытворчая зона — поле, на якім вырошчваецца, збіраецца і сушыцца наша сыравіна, — адзначае экскурсавод Наталля СМЯТАНІНА. У фруктовым садзе на 600 саджанцаў ёсць усё, што можа даваць плады ў нашай кліматычнай зоне. У вытворчай зоне ёсць жэньшэнарый, дзе ўжо трэці год эксперыментальным шляхам вырошчваецца корань жэньшэню — расліны досыць капрызнай, якая не любіць прамых промняў сонца. Размяшчаецца тут і плантацыя лекавых раслін — глог, барбарыс, шыпшына... Як толькі расліны сабралі, іх адпраўляюць у сушылку. Там знаходзяцца стэлажы з паліцамі з мешкавіны, якая прапускае цёплае (каля +55 градусаў) паветра зверху і знізу, што забяспечвае высокую якасць сушкі. Пасля расліны пакуюцца ў спецыяльныя мяхі і адвозяцца на прадпрыемства, дзе трапляюць у рукі хімікаў, біёлагаў, майстроў па чаі. Вырасціць ураджай — палова справы. Даследуючы карысныя вартасці той ці іншай расліны, лабаранты могуць яе забракаваць, калі высветліцца, што не хапае кампанентаў, неабходных для вырабу лекавага сродку. Такая трава адпраўляецца на вытворчасць сашэ, запарку для лазні...

Другая частка Аптэкарскага саду — ужо невытворчая. Цікава, што стваралася яна паводле традыцый еўрапейскіх манастырскіх агародаў сярэднявечча. Менавіта манахі першымі пачалі мэтанакіравана вырошчваць расліны на агародах, бо попыт на іх быў велізарны — лячыць сябе, паломнікаў. Асноўны прынцып такога агарода — дзяленне тэрыторыі па прынцыпе крыжа (у дадзеным выпадку ў самым цэнтры вы ўбачыце фантан, дзе нават ёсць рыбкі з жабкамі). На аснове такой мадэлі і створана экскурсійная частка саду. Другая адметнасць — уласна расліны, якія вырошчваліся. Некаторыя зёлкі былі проста абавязковымі.

Вось такая біблейская расліна нумар 1 — ісоп лекавы, які выдатна спраўляецца з рознай інфекцыяй, а ў некаторых краінах з яго робяць напой для пажылых, шарбет, які напаўняе энергіяй, дорыць моц і здароўе (не блытаць з прысмакам). Ісоп дадаюць у адзін са сваіх элітных лікёраў французы — «Шартроз». Праўда, рэцэпт трымаецца ў строгім сакрэце, так што яго прапорцыя сярод іншых траў, якія ўваходзяць у напой, вядомая толькі вытворцам. (Я той лікёр не каштавала, аднак кажуць, што непаўторны яго смак забяспечвае менавіта ісоп.)

Сакура японская не зацвіла сёлета з-за халоднай вясны. А калі б зацвіла... Японцы пачынаючы з красавіка кідаюць усё і едуць у скверы, паркі, сады, каб любавацца непаўторным відовішчам. А мы праходзім далей, каб бліжэй пазнаёміцца з лавандай вузкалісцевай, якая заспакойвае, гарманізуе, — травой магаў і чараўнікоў паводле заходнееўрапейскай традыцыі. Шматкіламетровыя палі гэтай культуры можна ўбачыць у Правансе, бо Францыя займае першае месца па вырабе лавандавай сыравіны.

За адкрытай, праменаднай часткай саду пачынаюцца арт-аб'екты, «зялёныя пакойчыкі», кожны з якіх мае сваю назву і калекцыю раслін.

Назвы ўсіх арт-аб'ектаў кожны няхай адкрые для сябе сам, а я згадаю, напрыклад, свяшчэнныя травы старажытных славян. Вось палын, або сум-трава, якая адварочвае нечысць. Цікава, што ёсць нават птушка, што робіць свае гнёзды поўнасцю з гэтай горкай травы. Якая птушка? Прыязджайце — даведаецеся. Кажучы пра палын, абавязкова ўзгадваюць абсент — напой свабоды, творчасці, натхнення. Любіла яго багемная эліта Францыі. Захапляўся і Гюго, многія мастакі. Вынайшлі гэту спіртавую настойку на горкім палыне ў Швейцарыі, дзе ў мінулым стагоддзі і забаранілі. Як толькі вучоныя ўстанавілі хімічны склад раслін і напояў, то высветлілася, што абсент — самы сапраўдны наркотык, атрута і галюцынаген. А віной усяму атрутнае рэчыва, якое змяшчаецца ў палыне ды туі. Сам Гюго вельмі пакутаваў ад наступстваў свайго нездаровага захаплення, прызнаваўся, як у яго балелі мышцы ды косці...

Расце тут і гінкга білоба. Прадстаўніку гэтых дрэў 250 млн гадоў! У Японіі яго можна ўбачыць у гарадах, на вуліцах, яго там завуць «веер гейшы» за форму лісця. Упершыню плод дрэва дае ў 30 гадоў. Але каштоўнасць для чалавека ўяўляе яго лісце, якое прымяняецца амаль пры 20 захворваннях, у першую чаргу для паляпшэння мазгавога кровазвароту і памяці.

А колькі тут відаў мяты! У кожнага — свой водар. Пакуль вы расціраеце ў пальцах аксамітныя лісцікі, экскурсавод раскажа, што захапляцца чаем з мятай не варта: у мужчын яна прыгнятае патэнцыю, ды і для жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы не надта падыдзе... Ідэальна мяту ўдыхаць. Можна зрабіць вянок, ускласці на галаву і пасядзець крыху — выдатны рэлакс.

Экскурсія па Аптэкарскім садзе прымусіць паглядзець на свет раслін зусім па-іншаму. А пасля сустрэчы з бабуляй-траўніцай, якая так наварожыць-заварожыць, што вы нават пачуеце голас усяго жывога — і травінкі, і таго зайца, што любіць выскачыць з лесу, каб пакрасавацца перад наведвальнікамі, — захочацца вярнуцца сюды ізноў.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фота Юрыя БАРАДУНА

Загаловак у газеце: Прагулка па Аптэкарскім садзе

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.