Вы тут

Навукоўцы падзяліліся апошнімі дасягненнямі ў аграпрамысловасці


Беларускім вучоным у сферы развіцця сельскай гаспадаркі штогод даводзіцца адказваць на вялікую колькасць выклікаў, каб наша краіна мела магчымасць прадаваць высакаякасную плодаагароднінную і мяса-малочную прадукцыю на рынках іншых дзяржаў.


Неабходна і новыя сарты раслін вывесці з большай ураджайнасцю, і распрацаваць рэцэптуру кармоў для жывёлагадоўлі, і пабудаваць машыны, якія будуць забяспечваць догляд за раслінамі як на этапе развіцця, так і ў момант іх уборкі. І «папраўку» на надвор'е зрабіць не забыцца. А таксама трэба сачыць за перадавымі сусветнымі распрацоўкамі і калі не апярэджваць іх, то як мінімум, не адставаць і ісці ў нагу з часам. Пра тое, над чым яны сёння працуюць, больш падрабязна ў матэрыяле «Звязды».

У рэжыме нон-стоп

Апошнія 10 гадоў у Беларусі назіраецца тэндэнцыя павелічэння ўраджайнасці і валавога збору збожжа. Яшчэ дзесяцігоддзе таму мы збіралі каля 5 млн тон у сезон. Сёлета планка паднятая амаль да 8 млн тон. Навукоўцы добра падрыхтаваліся для дасягнення мэты —распрацавалі сарты і тэхналогіі, угнаенні і сродкі аховы раслін. Пры гэтым яны не хварэюць на аптымізм, і робяць «папраўку на глупства». Яны разумеюць, што на месцах не заўсёды ўносяцца ўгнаенні ў тых колькасцях, якія рэкамендуюцца тэхналагічным рэгламентам. Улічваюць і тое, што не заўсёды праводзіцца своечасова абарона раслін і не тымі прэпаратамі. Па іх разліках, калі тэхналогіі ўсіх этапаў будуць выконвацца, атрымаць ураджайнасць у 45 цэнтнераў з гектара — цалкам рэальна.

Намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце і вытворчасці Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Дзмітрый Лужынскі адзначае, што кожны новы сорт, які ствараюць айчынныя навукоўцы, эфектыўнейшы на 3-5% за папярэдні аналаг. Штогод іх ствараецца ад 15 да 28. Нягледзячы на тое, што з беларускімі селекцыянерамі канкурыруюць лепшыя еўрапейскія селекцыйныя цэнтры, на нашых палях усё яшчэ каля 80% айчынных сартоў. «А гэта больш за 2 млн гектараў раллі», — удакладняе Намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце НПЦ НАН па земляробстве Эрома Урбан.

Навукова-практычны цэнтр НАН па земляробстве ажыццяўляе селекцыйны працэс па 42 сельскагаспадарчых культурах. «Гэта практычна ўсе збожжавыя, азімыя, крупяныя. Таксама вядзецца селекцыйны працэс па 19 відах шматгадовых бабовых і злакавых траў. Акрамя таго, 75 нашых сартоў уключаны ў рэестр іншых краін», — паведаміў вучоны.

Спецыялісты актыўна працуюць над тым, каб знізіць імпарт бялковых напаўняльнікаў, на якія штогод выдаткоўваецца каля 300 млн долараў. З гэтай мэтай створаныя новыя сарты раслін. Вядзецца селекцыя лубіну, гароху.

З уводам у Беларусі ў эксплуатацыю двух кукурузакалібровачных заводаў у значнай ступені ўдалося вырашыць пытанне па набыцці насення кукурузы. «Калі яшчэ 15 гадоў таму лічылася, што кукуруза — культура паўднёвых рэгіёнаў, то сёння ў брэсцкім філіяле Інстытута раслінаводства створана ўжо 10 гібрыдаў кукурузы беларускай вытворчасці, якія на 50% замяняюць імпарт. Там жа створаны сарты і сланечніка, і многія іншыя культуры», — расказаў Эрома Урбан.

На селекцыі справа з раслінамі не спыняецца. Па словах вучонага, у Інстытуце глебазнаўства і аграхіміі распрацаваны комплекс угнаенняў пад пэўныя віды культур з разлічаным наборам макра- і мікраэлементаў. «Такі комплекс сёння ёсць пад цукровыя буракі, лён. Акрамя таго, Інстытут аховы раслін ужо паспеў распрацаваць больш за тры дзясяткі тэхналогій для абароны ад шкоднікаў і хвароб. Яны забяспечваюць захаванасць ураджаю ад 10—20% і вышэй», — дадаў эксперт.

— Кожны год сельгасвытворцы краіны на пестыцыды выдаткоўваюць каля 200 млн долараў, — праінфармаваў Дзмітрый Лужынскі. «Ступень іх таксічнасці розная. Ці можа айчынная сельская гаспадарка абысціся без хімічных сродкаў аховы? У выпадку адмовы ад «хімічнай тэрапіі» вынікі для сельскай прамысловасці па зборы ўраджаю змяншаюцца ў 3—4 разы. Прычым, калі ўжываць пестыцыды, выконваючы норму, то яны будуць раскладацца і слядоў ад іх не застанецца. У нашай краіне ідзе жорсткі кантроль па ўжыванні пестыцыдаў і іх дазіравання, каб усё было бяспечна», — запэўніў вучоны.

Цікава, што, па інфармацыі гідраметэаслужбы, 40% ВУП краіны напрамую залежыць ад надвор'я і асноўную частку метэазалежнага прадукту складае сельская гаспадарка. Па словах навукоўцаў, залежнасць раслінаводства ад надвор'я застаецца татальнай. Дзмітрый Лужынскі адзначыў, што пакуль работай «цэха пад адкрытым небам» навукоўцы ўсіх краін свету кіраваць не навучыліся, нягледзячы на ўсе свае генетычныя распрацоўкі. «Рэгуляваць клімат чалавек можа толькі ў цяпліцах. Але павысіць устойлівасць сартоў да маразоў, напрыклад, магчыма. Мы павысілі ўстойлівасць рапсу да маразоў. Гэтыя сарты сёння вытрымліваюць 14 градусаў ніжэй за нуль. Раней магчыма было толькі мінус восем», — расказаў спецыяліст.

Механізацыя «руліць»

Факт — ніякая сучасная краіна не зможа атрымліваць добрыя ўраджаі без належнай механізацыі. Напрыклад, калі камбайн у сезон уборкі прастаіць толькі адзін дзень — краіна можа страціць да 150 тон збожжа. Над машынамі, таксама як і над сартамі, трэба працаваць увесь час. Намеснік генеральнага дырэктара па ўкараненні і выпрабаваннях НПЦ НАН па механізацыі сельскай гаспадаркі Дзмітрый Комлач адзначае, што за апошнія 5 гадоў распрацавана больш за 100 найменняў машын і абсталявання для сельскай гаспадаркі. «Адзін з яркіх прыкладаў — Інстытут распрацаваў сеялку прамой сяўбы, якая дазваляе ў працэсе ўносіць мінеральныя ўгнаенні. Таксама мы распрацавалі глебаапрацоўчы агрэгат, у якім хуткая змена модуляў дазваляе рабіць апрацоўку глебы па ўсіх існуючых тэхналогіях», — расказаў навуковец.

Спецыялісты Навукова-практычнага цэнтра па механізацыі сёння таксама працуюць над тым, каб зменшыць страты арганічных угнаенняў, бо кошт іх вельмі высокі. Для гэтага распрацавана вялікая колькасць машын. Апошняя распрацоўка — машына для высокадакладнага ўнясення цвёрдых мінеральных угнаенняў.

«Цяпер мы займаемся тым, каб сёлета прайшлі дзяржаўныя выпрабаванні ягадаўборачнага камбайна. Плануецца, што да наступнага сезона ён з'явіцца на серыйнай вытворчасці. Варта таксама адзначыць, што ў рамках праграмы Саюзнай Дзяржавы скончылася распрацоўка і ажыццяўляецца пастаноўка на серыйную вытворчасць каля 10 машын, якія дазваляюць па градавай тэхналогіі атрымліваць высокія ўраджаі насеннай бульбы. У цэлым за апошні год мы паставілі 15 новых машын і абсталявання на серыйную вытворчасць», — рэзюмаваў Дзмітрый Комлач.

Дарэчы, тэрмін укаранення новых распрацовак у эксплуатацыю складае каля 3 гадоў. Сёлета ўжо працуе новая распрацоўка НПЦ НАН па механізацыі — тэхналагічная лінія па падрыхтоўцы насення збожжавых культур.

Тэма кармоў усё яшчэ не раскрытая

Каб зразумець важнасць жывёлагадоўлі ў сельскай гаспадарцы краіны трэба памятаць адну лічбу — 65. Менавіта столькі працэнтаў валавога даходу ад аграрнага сектара эканоміка атрымлівае праз жывёлагадоўлю. Сёння ў Беларусі аграрыі карыстаюцца самымі перадавымі біятэхналогіямі на постсавецкай прасторы. Але стан спраў Беларусі ў жывёлагадоўлі навукоўцаў не задавальняе. «Мы ўжо на працягу 10 гадоў не можам перайсці мяжу ўдояў у 5 тысяч кілаграм малака на карову ў год», — прыводзіць сярэднія лічбы па краіне першы намеснік генеральнага дырэктара НПЦ НАН па жывёлагадоўлі Іван Шайко.

Паводле яго слоў, навукоўцы распрацавалі тэхналогіі ў селекцыі, прапісалі і рэкамендацыі па нарыхтоўцы кармоў. Але кармленне ў многіх гаспадарках усё яшчэ ажыццяўляецца неэфектыўна. «Мы павінны змяніць падыходы, каб вытрымаць тэхналагічныя параметры травяных кармоў. Генатыпы нашых кароў ужо цяпер здольныя падняць узровень удояў да 7,5 тысячы кілаграм у год. Галоўнае — карміць правільна», — выказаў сваё меркаванне вучоны. На яго думку, праблему вырашыць паляпшэнне якасці травяных кармоў з дадаваннем да 30% бялковай часткі.

Навуковец таксама адзначыў, што ў 2017—2018 гадах плануецца стварыць сумесныя селекцыйна-генетычныя цэнтры ў Беларусі і Расіі. Гэтае пытанне абмяркоўвалася 30 чэрвеня на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Такія цэнтры будуць створаны па малочнай жывёлагадоўлі, насенняводстве, птушкагадоўлі з выкарыстаннем найноўшых біятэхналагічных прыёмаў і метадаў. На працягу наступных пяці гадоў спецыялісты плануюць ужо атрымаць вынік.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Перавагі айчыннай селекцыі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.