Вы тут

Дзмітрый Літвіновіч: СhеrrуVаtа «абнулілася» і пачала новае жыццё


Калі ўвесну з'явіліся навіны пра тое, што СhеrrуVаtа прадставілі новы альбом Dауbrеаk, многія меламаны здзівіліся. Маўляў, занадта доўга ад гурта не было ніякіх навін, занадта шмат часу каманда не выступала з канцэртамі і не прадстаўляла новых рэлізаў. Але ж насуперак скептыкам электроншчыкі СhеrrуVаtа абнавілі склад і гучанне, даказалі сваю жыццяздольнасць, нават больш — падкрэслілі актуальнасць сваёй музыкі, скіраваўшы творчыя намаганні ў бок еlесtrоnіс рор стылістыкі. Пра тое, наколькі цяжка пачынаць прамаўляць уголас пасля доўгага маўчання, ці змяніліся ўмовы гульні на музычным рынку і ці прынялі хіпстары памкненні эксперыментатараў старога пакалення — наша гутарка з лідарам СhеrrуVаtа Дзмітрыем ЛІТВІНОВІЧАМ.


— Папярэдні ваш альбом выйшаў досыць даўно, каля васьмі гадоў таму. Многія нават думалі, што гурта ўжо не існуе. Чаму праца над новым рэлізам так зацягнулася?

— Сапраўды, папярэдні альбом пабачыў свет у 2009 годзе, тады гурт жыў вельмі актыўным творчым жыццём. У нас быў вялікі склад, многа гастроляў, прапаноў, фестываляў. Але праз некаторы час мы пачалі разыходзіцца ў поглядах: некаторыя ўдзельнікі пасталелі, нехта змяніў жыццёвыя прыярытэты, нехта пачаў працаваць над уласнымі праектамі. У мяне з'явілася сям'я і не было магчымасці ды і часу збіраць новы склад. Але пры гэтым музыкай я працягваў займацца, распачаў сольны праект, ды і як СhеrrуVаtа зборным складам мы эпізадычна выступалі.

Творчасць стала менш публічнай, праект быў часткова замарожаны, але не закрыты. Мы нібыта нечага чакалі. Нават займаючыся сольнымі кампазіцыямі, будучы ў адпачынку, я абдумваў новыя рэчы для каманды, разумеў, што душа ляжыць да супольнай працы. Адчуванне гурта на сцэне па энергетыцы вельмі адрозніваецца ад знаходжання сам-насам з публікай.

— Ужо адбылася канцэртная прэзентацыя альбома, ды і сам дыск вы адразу ж выклалі для бясплатнага праслухоўвання...

— Зараз не тыя часы, каб абмяжоўваць доступ да музыкі, рабіць яго платным. Тады альбом проста не пачуюць. Людзі не гатовыя аддаваць грошы толькі за тое, каб паслухаць трэкі. Ды і прайшло досыць многа часу з папярэдняга рэлізу. Правілы гульні на рынку змяніліся, таму мы фактычна «абнуліліся». Так, гурт мае пэўную гісторыю, але пра яе амаль ніхто не ведае, моладзь успрымае СhеrrуVаtа як новы праект. Таму і самі ставімся да гэтага этапу, як да новага жыцця, і стараемся рабіць новую музыку. Мы вельмі хвалюемся, як прымуць альбом ды і нас новых. Канешне, частка ранейшых слухачоў з намі засталася, але іх жыццё, прыярытэты, густы змяніліся. Варта арыентавацца на моладзь, рабіць трэндавую музыку, прыслухоўвацца да таго, што маладыя людзі любяць, але ўсё ж ісці сваім шляхам. Мы — праект некамерцыйны, не ствараем пэўны прадукт у адпаведнасці з патрабаваннямі публікі.

— Вы сказалі пра змену правілаў гульні на музычным рынку. За гэты час стала прасцей ці складаней гурту заявіць пра сябе?

— Усё проста па-іншаму. Сёння прасцей зусім маладым, пачаткоўцам. Калі з'явіўся праект, можна адразу ж размясціць яго ў інтэрнэце, стварыць суполку ў сацыяльных сетках. Паціху будзе пашырацца твая аўдыторыя. Раней жа для пачатку запісвалі музыку на касету ці дыск. Складана было стартануць, але калі ты гэта зрабіў, працэс творчай актыўнасці, раскруткі быў прасцейшы. Калі мы пачыналі, я з касетамі бегаў па студыях, раіўся з людзьмі, якія ўплывалі на беларускую музыку. Многія адмаўлялі — і гэта было сапраўдным выпрабаваннем на трываласць. Але выхад першага альбома на вядомым лэйбле быў для нас сапраўдным трамплінам: сістэма працавала як гадзіннік. З'явілася мноства інтэрв'ю, публікацый у прэсе, пра нас усе гаварылі. Сёння можна стартануць ярка, а што далей? Слухач мае доступ да мільёнаў трэкаў, і таму вылучыцца вельмі складана. Калі ў цябе няма часу на раскрутку ў адпаведнасці з сусветнымі маркетынгавымі стратэгіямі, напрыклад на стварэнне віруснага відэа, то пратрымацца на хвалі ўвагі будзе вельмі цяжка.

— А публіка змянілася?

— Яна, сучасная, мне вельмі падабаецца. Не скажу, што раней публіка была кепскай. Нас заўсёды слухалі інтэлігентныя людзі, сёння іх можна назваць хіпстарамі, і гэта забаўна. Напрыклад, на адзін з нядаўніх канцэртаў прыйшлі толькі два знаёмыя чалавекі, усе астатнія — а іх амаль сотня — былі цалкам новыя слухачы. І я разумею, што яны прыйшлі з-за цікавасці, каб пазнаёміцца. Больш за тое, калі раней на канцэрты трапляла многа выпадковых людзей, то сёння верагоднасць пабачыць на выступленні «не свайго» намнога меншая. Публіка стала больш культурна адукаванай, і гэта выдатна, бо ёсць развіццё. Радуе, што мы ўсё яшчэ можам разварушыць моладзь.

— Ваша музыка досыць нязвыклая для беларусаў. Я сказала бы, што СhеrrуVаtа гучыць хутчэй па-еўрапейску...

— Я сапраўды атрымліваю такія водгукі. Але хутчэй як негатыўныя. Так, адзін партал пісаў, што мы зноў нецікавыя сваім еўрапейскім поглядам на музыку, якой і так сёння многа. Раней жа СhеrrуVаtа была больш яскрава заўважная ў беларускай музычнай прасторы. Гістарычна склалася так, што ў нашай краіне рок, больш ці менш андэграўндны, развіваўся намнога больш актыўна, чым электронная музыка. І якасны рэліз «электроншчыны» быў сапраўдным поспехам. Тады мы аб'ядналі ўсіх і занялі сваю нішу, сталі цікавымі. Зараз жа электронных праектаў больш, і яны не надта адрозніваюцца ў залежнасці ад нацыянальнасці выканаўцаў. Я нават не вылучаў бы асобна беларускую і еўрапейскую музыку ў гэтым сегменце. Так, можна выдзеліць тыповыя амерыканскія, нямецкія, англійскія, японскія з'явы, а Еўропа, постсавецкая прастора, з пункту гледжання творчага складніка, не надта адрозніваюцца. Проста за мяжой больш развітая інфраструктура, і музыканты маюць шырэйшыя магчымасці зарабіць і, адпаведна, укласці сродкі, наняць добрых спецыялістаў. У Беларусі маем справу часцей з музычнымі самародкамі, вельмі таленавітымі, але з-за адсутнасці вопыту і пэўнай культуры створаны імі іх прадукт можа прайграць.

— Магчыма, гэтае імкненне сцерці межы, пазбавіцца ад лішніх эксперыментаў з электронным гучаннем ад таго, што і музыканты, і слухачы нагуляліся ў постмадэрнізм, дзе ўсё было, як лабірынт, заблытана, як канструктар, раздроблена?

— Так. Прыйшоў час досыць простых творчых пасылаў. Трэнд сучаснай актуальнай музыкі — даступнасць для слухача. Я не скажу, што нашы трэкі ў выніку атрымаліся вельмі простыя, мы не настолькі крутыя, каб нас слухаў увесь свет (смяецца). Створана многа галаваломак. Раней, яшчэ ў пачатку 2000-х, гэта было папулярна і цікава, дзіўныя назвы і вокладкі альбомаў былі звычайнай рэччу. Усе стаміліся. Таму ў новым альбоме СhеrrуVаtа кампазіцыі досыць простыя, я іх напісаў, калі сядзеў на беразе мора ўначы. Бачыў толькі ваду, месяцавую дарожку, усход сонца. Я не ставіў задачу зрабіць нешта складанае: адсюль і назва альбома, і колеравая гама яго вокладкі. Усё проста, нават мінімалістычна.

— Падаецца, што СhеrrуVаtа для вас — як хобі, справа, якой займаецеся, калі адпачываеце?

— «У галаве» гэта занятак усяго жыцця. Але на справе — хобі, бо праект па-за асноўнай працай. Калі будзе магчымасць займацца толькі музыкай, то я буду шчаслівы. Пакуль жа СhеrrуVаtа адведзены толькі начны час: тады і спакайней, і больш натхнення для творчасці.

Марына ВЕСЯЛУХА

vеsіаluhа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.