Вы тут

Як шчыруюць на жніве маладзёжныя экіпажы


Гэтым летам на палях краіны працуе больш за тысячу маладзёжных экіпажаў камбайнераў. Самы вялікі паказчык — на Міншчыне, тут гэтая лічба дасягае 216. У гаспадарцы «Праўда-Агра», філіяле ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», што на Дзяржыншчыне, першым камбайнерам, які намалаціў тысячу тон збожжа, стаў 27-гадовы трактарыст-машыніст Віталь КУНІЦКІ. Карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены» завіталі на працоўнае месца перадавіка і даведаліся, што натхняе маладых камбайнераў на рэкорды.


Па­да­ру­нак пер­ша­му ты­сяч­ні­ку Дзяр­жын­шчы­ны Ві­та­лю Ку­ніц­ка­му ўру­чыў пер­шы сак­ра­тар рай­ка­ма БРСМ Кі­рыл Шык.

— Я мясцовы, родам з аграгарадка Томкавічы, — расказвае Віталь. — У сельскую гаспадарку прыйшоў пасля службы ў войску. У дзяцінстве падпрацоўваў памочнікам на бацькавым камбайне, таму пасля вяртання з арміі над будучай прафесіяй доўга не раздумваў. Тата цяпер ужо не працуе на жніве — раздае кармы на малочнатаварным комплексе. А дынастыю працягваю я. Ці цяжкая праца? Ведаеце, на вёсцы іншай няма. Але мы прывучаны з дзяцінства, што калі хочаш добра жыць, — трэба працаваць. Уборачная, вядома, вельмі адказны перыяд, хоць я б не стаў недаацэньваць астатнія. Тое, што мы цяжка працуем летам, далёка не значыць, што ў астатні час прахалоджваемся. Адрозненне толькі ў тым, што тут адразу бачыш вынік сваёй працы.

Сярод іншых хлопца вылучае і тое, што ён працуе без памочніка. Маладому чалавеку даверылі нямецкі камбайн Claas Lexіon 560 — на ім зручна ўбіраць збожжа і аднаму.

— Нас адразу прывучалі працаваць самастойна, — тлумачыць Віталь. — Такі падыход у агракамбіната. Адзінае, што трэба трохі болей увагі машыне ўдзяляць, — за ўсім сочыш сам. Намалаціў ужо трохі болей за тысячу, а хацелася б пабіць уласны рэкорд — 3 600 тон. Паставіў яго ў 2014 годзе.

Адзначым, што Віталь — неаднаразовы лідар жніва. Ужо на працягу пяці гадоў запар ён адным з першых у раёне пераадольвае рубеж у тысячу тон намалоту. У свой час малады камбайнер быў прызёрам рэспубліканскіх «Дажынак», перамагаў на раённым фестывалі-кірмашы.

— Пра змену прафесіі ніколі не задумваўся, — прызнаецца рэкардсмен. — Нашы бацькі працавалі на зямлі, мы працягваем іх справу. Тым больш, падчас уборачнай можна няблага зарабіць. Летась, напрыклад, за ўвесь час жніва атрымаў каля 2 500 рублёў. Грошы ў асноўным ідуць на дзяцей: маю дачку — яна ўжо пайшла ў дзіцячы садок — і сына, яму яшчэ толькі споўніцца годзік. Стараемся з жонкай, каб у хаце ўсё было. Конкурс маладых камбайнераў, безумоўна, стымулюе, але я думаю, што нават калі б яго не было, мы працавалі б не горш.

Ра­зам у біт­ве за ўра­джай і ў ся­мей­ных кло­па­тах — муж і жон­ка Іван і Воль­га Ша­ці­лы на­ват па­зна­ё­мі­лі­ся ў по­лі.

На момант нашага візіту зусім трохі не хапала да тысячы тон і экіпажу, у складзе якога працуюць муж з жонкай. 29-гадовы трактарыст-машыніст Іван ШАЦІЛА родам з вёскі Баравікі, пазнаёміўся са сваёй старэйшай на год сужэнкай Вольгай у полі, калі тая прыехала на Дзяржыншчыну працаваць па размеркаванні аграномам-хімікам. Малады чалавек якраз падвозіў хімікаты на палеткі, так і завязалася знаёмства. Яны разам ужо дзевяць гадоў.

— Трактарыстам працаваў мой бацька, — кажа камбайнер. — У дзяцінстве разам з ім даглядаў машыну, нечаму вучыўся. Потым паступіў у абласны аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй, што ў Дзяржынску, пазней завочна скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Працую з 19 гадоў. Жонка вырашыла пашчыраваць разам са мной толькі сёлета — у яе ўжо праз месяц заканчваецца дэкрэтны адпачынак, і пакуль дзіця ходзіць у садок, мы зарабляем на жыццё. На гэты момант я ёй задаволены, усе загады выконвае добра (смяецца). Раней працавалі з мясцовым хлопцам, але ён знайшоў сабе іншую работу.

Іван таксама сцвярджае, што яго справа — не з лёгкіх. Але камбайнеру цікавы сам працэс. Уборку ён параўноўвае з хаджэннем на караблі па моры — часам з аднаго канца поля іншага нават і не ўбачыш. Асабісты рэкорд «капітана» — дзве тысячы тон. Працуе на айчынным камбайне — «Палессе GS12». Машыну эксплуатуюць ужо чацвёрты сезон, ніякіх нараканняў на беларускую тэхніку ў хлопца няма.

— Мне падабаецца ў сельскай гаспадарцы, — сцвярджае ён. — Заробак задавальняе, прычым гэта датычыцца не толькі ўборачнай. Мы круглы год атрымліваем добрыя грошы. Іншая справа, на што іх траціць. Дом мы ўжо пабудавалі, дзяцей гадуем, хіба, застаецца толькі сад пасадзіць? А калі сур'ёзна, то цяпер ў асноўным клапоцімся пра будучыню сыноў — старэйшаму сем гадоў, малодшаму будзе тры. Для гэтага і працуем.

Да першых тысячнікаў завіталі прадстаўнікі раённай адміністрацыі, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Федэрацыі прафсаюзаў і Цэнтральнай раённай бібліятэкі, якія аддзячылі перадавікам сельскай гаспадаркі за плённую працу, — уручылі каштоўныя падарункі і памятныя падзякі.

— Спаборніцтвы маладых камбайнераў мы праводзім штогод, — расказвае першы сакратар Дзяржынскага раённага камітэта БРСМ Кірыл ШЫК. — Лічым, што гэта добра стымулюе нашых хлебаробаў, тым больш, што лідары жніва атрымліваюць каштоўныя падарункі, маюць гонар і пашану ў раёне ад сваіх калег. Вялікай праблемы з кадрамі ў сельскай гаспадарцы, на маю думку, няма. Скажу, што ў нас на Дзяржыншчыне працуе 16 маладзёжных экіпажаў. І гэта без уліку «змешаных», у складзе якіх маладое і старэйшае пакаленні шчыруюць сумесна, — напрыклад, сыны з бацькамі.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Мінск — Дзяржынскі раён — Мінск

Загаловак у газеце: «Тысячнікі» ў полі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.