21 Кастрычнік, субота

Вы тут

Руху WоrldSkіlls Belarus патрабуецца ўласны брэнд


У кастрычніку ў Абу-Дабі (ААЭ) пройдзе 44-ы чэмпіянат WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl, у якім возьмуць удзел і беларусы. Для нашых хлопцаў і дзяўчат гэта будзе ўжо другая спроба выступлення на самым высокім міжнародным узроўні. Пра тое, што сёння ўяляе сабой рух WоrldSkіlls, чаму да гэтых спаборніцтваў прыцягнута такая пільная ўвага з боку дзяржавы і бізнесу, і з якім настроем адпраўляюцца ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты нашы канкурсанты, нам расказаў рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Валерый ГАЛУБОЎСКІ.


Паспяховы старт

— На сённяшні дзень асацыяцыя WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl аб'ядноўвае 77 краін-удзельніц, у якіх пражывае больш за 70 працэнтаў насельніцтва зямнога шара. Галоўная мэта WSІ — папулярызацыя рабочых прафесій у сучасным грамадстве, у тым ліку праз правядзенне міжнародных спаборніцтваў, якія яшчэ называюць алімпіядай у прафесійным майстэрстве. Кожныя два гады WоrldSkіlls праводзіць конкурс у шасці сферах: транспарт і лагістыка, будаўніцтва і тэхналогія будаўнічай вытворчасці, тэхналогія вытворчасці і тэхналогія машынабудавання, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, творчыя прафесіі і сацыяльна-бытавое абслугоўванне. Але спаборніцтвы праводзяцца не дзеля саміх спаборніцтваў. Іх фармат выкарыстоўваецца для таго, каб павысіць прэстыж рабочых прафесій сярод моладзі і спрыяць распаўсюджванню ў свеце міжнародных прафесійных стандартаў. Беларусь далучылася да WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl (WSІ) у студзені 2014 года. А ўжо ў маі ў нас прайшоў Першы нацыянальны чэмпіянат прафесійнага майстэрства «WоrldSkіlls Беларусь — 2014» па правілах і з выкарыстаннем зместу заданняў WSІ. Яго ўдзельнікамі сталі больш як 150 канкурсантаў — прадстаўнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі і работнікаў прадпрыемстваў ва ўзросце да 21 года, якія спаборнічалі ў 20 кампетэнцыях.

Першае сур'ёзнае «баявое хрышчэнне» нашы хлопцы і дзяўчаты атрымалі ў маі 2015 года ў Казані, на чэмпіянаце WоrldSkіlls для краін СНД, дзе яны заваявалі адну залатую ўзнагароду і 16 сярэбраных медалёў. А ў жніўні наша моладзь прадстаўляла нацыянальную сістэму прафесійнай адукацыі на сусветным чэмпіянаце ў Бразіліі, дзе за перамогу змагаліся 1200 удзельнікаў з 63 краін.

Беларуская зборная ў складзе 17 чалавек спаборнічала ў 15 кампетэнцыях. Пры падвядзенні вынікаў прэзідэнт арганізацыі WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl Сайман Бартлі заявіў, што ў гісторыі руху WоrldSkіlls не было выпадку, каб краіна, якая толькі што далучылася да спаборніцтваў, адразу здзейсніла магутны рывок і трапіла ў «топ» пераможцаў. Так, на п'едэстал мы хоць і не «ўскочылі», але, па меркаванні арганізатараў, гэта быў самы паспяховы старт краіны, якая толькі далучылася да руху WоrldSkіlls за ўсе гады правядзення спаборніцтваў: мы апынуліся ў цвёрдай сярэдзіне ва ўсіх кампетэнцыях. Больш за тое, заваявалі два медалі. Іх называюць «медалямі выдатніка». Але на англійскай мове назва ўзнагароды гучыць як Mеdаl оf Ехсеllеnсе — медаль дасканаласці або перавагі (іх выдавалі ўдзельнікам чэмпіянату, якія набралі 500 і больш балаў, але не былі ўзнагароджаны залатым, сярэбраным ці бронзавым медалём).

Стандарты заўтрашняга дня

— Калі мы далучаліся да руху WоrldSkіlls, казалі што для нас гэта выдатная магчымасць зверыць гадзіннікі ў сістэме прафесійнай адукацыі. І што паказаў гадзіннік? Ці канкурэнтаздольныя нашы спецыялісты?

— Вяртаючыся да Бразіліі, хачу адзначыць, што навучэнка Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці Вольга Закрэўская, якая выступала ў кампетэнцыі «Дызайн адзення», перамагла ў спаборніцтвах дызайнераў найлепшых еўрапейскіх школ. А кандытар Марыя Кушвід стала другой у Еўропе, яна апярэдзіла па балах італьянцаў і аўстрыйцаў — прызнаных ва ўсім свеце кандытараў, саступіўшы толькі французам, якія ў выніку занялі другое месца ў свеце (у Марыі было шостае месца).

Увогуле, прафесійныя стандарты WоrldSkіlls — гэта стандарты заўтрашняга дня. Для прыкладу, муляр, якога рыхтуюць у нашых прафесійна-тэхнічных установах, выконвае тры-чатыры віды работ, а па патрабаваннях WоrldSkіlls кампетэнцыі муляра больш шырокія — гэтыя спецыялісты павінны выконваць таксама арачныя і пячныя работы. Цырульнік павінен быць універсальным майстрам: рабіць і жаночыя, і мужчынскія, і дзіцячыя стрыжкі. Зваршчык — ведаць чатыры віды зваркі, а не адну-дзве. А кандытар — працаваць з шакаладам, рабіць з яго цукеркі ручной работы.

Сусветнае першынство — гэта своеасаблівы выклік для нацыянальнай сістэмы прафесійнай адукацыі, паколькі патэнцыяльныя інвестары ацэньваюць перш-наперш нашу краіну. Для таго, каб выпускаць канкурэнтаздольную на знешніх рынках прадукцыю, патрабуюцца не толькі сучасныя тэхналогіі, але і спецыялісты самай высокай кваліфікацыі, якія змогуць працаваць на сучасным абсталяванні.  А каб зразумець, наколькі кампетэнцыі, якімі валодаюць навучэнцы і выпускнікі нашых устаноў адукацыі, адпавядаюць сусветным стандартам падрыхтоўкі спецыялістаў, мы павінны выкарыстоўваць міжнародныя індыкатары якасці.

WоrldSkіlls — проста ідэальная пляцоўка для абмену ведамі, вопытам і найлепшымі практыкамі ўдасканалення сістэмы падрыхтоўкі кадраў. Мы атрымалі доступ да самых сучасных кваліфікацый і бачым, куды нам варта рухацца, каб нашы навучэнцы, маладыя рабочыя адпавядалі выклікам сучаснасці. Патрабуецца больш гнуткая, больш прадуманая сувязь з работадаўцамі, якія павінны быць не толькі спажыўцамі кадраў, але саўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Абвінавачанні ў тым, што сістэма адукацыі не паспявае за рынкам працы, што яна кансерватыўная, несправядлівыя. Проста ў нас не заўсёды ёсць доступ да інфармацыі пра тое, што адбываецца ў рэальным сектары эканомікі, якая новая тэхналогія з'явілася. Таму работадаўцы павінны быць у звязцы з тымі, хто рыхтуе для іх кадры, удзельнічаць у фарміраванні матэрыяльна-тэхнічнай базы і фінансаванні ўстаноў адукацыі.

Сёння ўсе, у тым ліку і высокаразвітыя краіны свету, шукаюць адказы на адны і тыя ж пытанні. Пры сучасным імклівым развіцці тэхналогій па якіх прафесіях трэба вучыць і як гэта рабіць? На думку многіх спецыялістаў, дзеці, якія сёння ідуць у школу, будуць працаваць па прафесіях, якіх пакуль яшчэ не існуе. Апошнім часам сямімільнымі крокамі развіваюцца тэхналогія дапоўненай віртуальнай рэчаіснасці, інтэрнэт рэчаў. Прывяду адзін факт, які, напэўна, мала хто ведае. Беларускі «БелАЗ» укараніў тэхналогію, якая дазваляе з Жодзіна кантраляваць самазвалы, што бегаюць па ўсім свеце. Напрыклад, можна ў любы момант даведацца пра ціск у шынах «БелАЗа», што працуе ў кар'еры на афрыканскім кантыненце. Для чаго гэта зроблена? Каб убачыць, як эксплуатуецца аўтамабіль і своечасова забяспечыць яго абслугоўванне. Гэта сэрвіс найвышэйшага ўзроўню, калі вытворца дакладна ведае, што адбываецца з кожнай адзінкай вырабленай ім прадукцыі і можа аператыўна на гэта адрэагаваць.

Сёння ўжо з'яўляюцца беспілотныя аўтамабілі. З'явілася таксі UBЕR. Раней сядзелі аператары і прымалі заказы, а цяпер пасрэднік знік: ёсць спажывец і ёсць выканаўца. Наступны крок — знікнуць і кіроўцы. Але ўзнікае цалкам заканамернае пытанне: а чым жа будуць займацца людзі? Кадры павінны сыходзіць у сферу праектавання і праграмавання. Хтосьці павінен вырабляць тыя ж беспілотныя транспартныя сродкі, забяспечваць іх тэхнічнае абслугоўванне, суправаджэнне, таму кваліфікацыя рабочых павінна быць намнога вышэйшая, чым сёння.

Укласціся ў шэсць гадзін

— А чаму спаборніцтвы WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl называюць чэмпіянатам рабочых прафесій, хоць у іх удзельнічаюць і прадстаўнікі вышэйшай школы?

— Трэба адыходзіць ад стэрэатыпа, што сучасны рабочы — той, хто проста круціць гайкі. Гэта эрудзіраваны, высокакваліфікаваны спецыяліст, які, акрамя прафесійных ведаў, павінен валодаць спецыфічнымі навыкамі ў сумежных галінах, у тым ліку разбірацца ў інфармацыйных тэхналогіях, робататэхніцы і г.д. Нам увогуле трэба адыходзіць ад паняццяў «рабочы», «тэхнік» і «інжынер». Мяжа паміж рабочым і інжынерам усё больш размываецца. Для таго, каб працаваць на сучаснай тэхналагічнай лініі, ужо недастаткова наяўнасці нават сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Заказчыкі кадраў настойваюць на тым, што ў сувязі з шырокамаштабнай мадэрнізацыяй у прамысловасці ім патрабуюцца спецыялісты, якія валодаюць адначасова некалькімі кампетэнцыямі, могуць не толькі выконваць пэўныя аперацыі на абсталяванні, але і абслугоўваць яго. Сёння токар, які працуе на сучасным станку з лічбавым праграмным кіраваннем, у адной асобе і тэхнолаг, і наладчык, і аператар, які кантралюе прыладу. А мехатронік — спецыяліст-дыягностык, які можа вызначыць няспраўнасць механізма і правесці дробны рамонт: ён ведае і механіку, і пнеўматыку, і электроніку...

На міжнародных спаборніцтвах у кампетэнцыях «Фрэзерныя работы» і «Такарныя работы» канкурсанты атрымліваюць дастаткова складаны чарцёж дэталі: ад іх патрабуецца стварыць 3D-мадэль, распрацаваць тэхналагічны маршрут вырабу дэталі, напісаць праграму, потым падабраць і зманціраваць інструмент на станку і вырабіць дэталь. Раней гэта выконвалі тры спецыялісты: тэхнолаг пісаў праграму і тэхналагічны маршрут, наладчык займаўся наладкай, а аператар выконваў работу непасрэдна на станку. І патрабавалася для гэтага 5—7 дзён. А на чэмпіянаце свету даецца ўсяго 6 гадзін. Лічыцца, што кваліфікаваны спецыяліст павінен за гэты час справіцца з пастаўленай задачай.

На сусветным першынстве прадстаўлены і такія кампетэнцыі, як «Мабільная робататэхніка», «Тэхнічнае праектаванне САD», «Праграмнае забеспячэнне для бізнесу», «Электроніка», «Кабельныя інфармацыйныя сеткі» — у нас гэта ўзровень вышэйшай адукацыі.

У сусветнага руху WоrldSkіlls ёсць дэвіз «Удасканальвай свет прафесійнымі навыкамі». У Расіі нацыянальны чэмпіянат WоrldSkіlls называецца «Маладыя прафесіяналы». Нам таксама трэба падумаць над уласным брэндам. Патрабуецца цэнтральная ідэя, якая адлюстроўвала б усю спецыфіку і важнасць для нас гэтага руху. Паняцце «рабочая прафесія», як і стаўленне да яе прадстаўнікоў трэба «перазагрузіць». Будзем удзячныя ўсім за крэатыўныя ідэі!

Нашы шанцы

— Відавочна, што падрыхтоўка каманды для ўдзелу ў спаборніцтвах у Абу-Дабі — справа не менш сур'ёзная, чым падрыхтоўка алімпійцаў...

— У Аб'яднаных Арабскіх Эміратах будуць прадстаўлены 68 краін, удзельнікі з якіх выступяць у 51 кампетэнцыі. Плануецца, што беларусы будуць прадстаўлены ў 27. Да тых кампетэнцый, у якіх мы выступалі ў Бразіліі, дадаліся такія, як «Абліцовачныя работы», «Выраб мэблі», «Зварачныя работы», «Сухое будаўніцтва», «Вэб-дызайн» і іншыя. Але заўважу, што колькасць кампетэнцый, у якіх будзе выступаць тая ці іншая краіна, не залежыць ні ад яе памераў, ні ад колькасці насельніцтва. Адзіны крытэрый — гэта прыярытэтнасць развіцця тых ці іншых сектараў эканомікі. Мы выбіраем тое, што важна, у першую чаргу, для развіцця і пашырэння экспартных магчымасцяў беларускай эканомікі.

Над падрыхтоўкай удзельнікаў зборнай да сусветнага чэмпіянату працуюць сёння лепшыя педагогі і эксперты краіны пад кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі і нацыянальнага аператара WSІ — Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. Прыцягваюцца і міжнародныя эксперты.

Мы не ўпусцілі магчымасць і паўдзельнічалі сёлета ў двух буйных міжнародных чэмпіянатах. У Краснадары ў рамках V нацыянальнага чэмпіянату «Маладыя прафесіяналы — 2017» (WоrldSkіlls Russіа) адбыўся чэмпіянат краін — членаў Еўразійскай прасторы. Там нацыянальная зборная Беларусі заваявала 2 залатыя медалі, 24 сярэбраных і 6 бронзавых медалёў. Лепшым у кампетэнцыі «Вытворчасць мэблі» стаў другакурснік Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Іван Скорб. А ў кампетэнцыі «Тэхналогія моды» — навучэнка Гродзенскага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну Вольга Кушнер.

А ў чэрвені 18 нашых хлопцаў і дзяўчат прынялі ўдзел у міжнародным чэмпіянаце Сhіnа Іntеrnаtіоnаl Skіlls Соmреtіtіоn 2017 (СІSС), які прайшоў у двух кітайскіх гарадах — Шанхаі і Сучжоў з удзелам прадстаўнікоў з 35 краін. Такі далёкі шлях на ўсход пераадолелі ўдзельнікі нашай зборнай, каб прадэманстраваць сваё прафесійнае майстэрства ў 15 кампетэнцыях. Заўважу, што Кітай далучыўся да міжнароднага руху WоrldSkіlls Іntеrnаtіоnаl у 2010 годзе і прэтэндуе на правядзенне 46-га чэмпіянату свету WоrldSkіlls Соmреtіtіоn у 2021 годзе разам са Швейцарыяй.

Заданні на спаборніцтвах былі набліжаны да міжнародных, але на выкананне іх было дадзена менш часу. Дарэчы, усе беларускія ўдзельнікі выступілі ў Кітаі даволі ўдала. Нацыянальная зборная заваявала «серабро», «бронзу» і два медалі Mеdаllіоn оf Ехсеllеnсе. Сярэбраным прызёрам у кампетэнцыі «Цырульніцкае мастацтва» стала Надзея Кашцялян, навучэнка Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання. Студэнты Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Аляксандр Мацвяйчук і Андрэй Часлоў занялі трэцяе месца ў кампетэнцыі «Мабільная робататэхніка». Уявіце сабе, у нас гэта кампетэнцыя яшчэ не толькі не ўкараняецца, а ўвогуле толькі пачынае агучвацца, і гэта той выпадак, калі сістэма прафесійнай адукацыі апярэджвае заказ у адпаведных спецыялістах. А ў кампетэнцыі «Мехатроніка» мы хоць і не занялі прызавое месца, але пакінулі ззаду ўсе еўрапейскія краіны, у тым ліку і Германію, якая ўвяла гэту спецыяльнасць першай яшчэ больш як дзесяць гадоў таму.

Па выніках удзелу нашых канкурсантаў у спаборніцтвах у Расіі і Кітаі быў скарэкціраваны склад нашай нацыянальнай зборнай у Абу-Дабі. Мушу канстатаваць, што не заўсёды пераможца нацыянальнага першынства аўтаматычна трапляе на міжнародны ўзровень. Чэмпіянат свету і нацыянальны чэмпіянат раздзяляе адрэзак працягласцю больш як год. І за гэты час хтосьці эмацыянальна выгарае, сыходзіць з дыстанцыі, а мы можам убачыць, што з'явілася новая «зорачка», якая валодае шанцамі на перамогу. Таму да спаборніцтваў рыхтуюцца паралельна заўсёды некалькі чалавек.

Яшчэ адзін абавязковы пункт падрыхтоўкі — свабоднае валоданне англійскай мовай, прычым прафесійнай лексікай, каб выключыць пасрэдніка-перакладчыка на конкурснай пляцоўцы. Для нас гэта быў моцны сігнал: трэба пераглядаць падыходы да вывучэння замежнай мовы, каб яно мела больш прыкладны характар. Усіх удзельнікаў нашай зборнай мэтанакіравана рыхтуюць выпускнікі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якія за прайшоўшы пасля чэмпіянату ў Бразіліі час таксама вельмі моцна прасунуліся ў засваенні тэхнічнай тэрміналогіі.

— А як складваецца прафесійная кар'ера ва ўдзельнікаў папярэдняга чэмпіянату свету?

— Адразу пасля спаборніцтваў некалькі прадпрыемстваў сталі ў чаргу за нашымі станочнікамі. Вольга Закрэўская, якую я згадваў вышэй, засталася працаваць майстрам у сваёй навучальнай установе. Фактычна яна перайшла на трэнерскую работу, і цяпер яе досвед вельмі запатрабаваны ў падрыхтоўцы нашых новых канкурсантаў. А Мікіта Цвяткоў, якому ў Бразіліі крышачку не пашанцавала з «заморскай» бульбай, стаў шэф-поварам рэстарана ў Магілёве, і, наколькі я ведаю, месца ў гэтай установе трэба браніраваць загадзя.

Хачу дадаць, што ў чэрвені ў Савеце Міністраў нашай краіны адбылася сустрэча прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова з прадстаўнікамі сістэмы адукацыі, на якой абмяркоўваліся далейшыя шляхі развіцця ў Беларусі руху WоrldSkіlls. І там было даручана разгледзець магчымасць прадастаўлення пераможцам спаборніцтваў WоrldSkіlls ільгот пры ўмове іх паступлення на больш высокі ўзровень навучання, такіх, якія прадастаўляюцца, напрыклад, пераможцам алімпіяд па вучэбных дысцыплінах ці пераможцам спартыўных спаборніцтваў. Упэўнены, што гэта было б справядлівым.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Прафесійны Алімп чакае новых герояў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.