Вы тут

Якія інфекцыі беларусы прывезлі з-за мяжы?


Выпадкі дыфтэрыі, слупняку, поліяміэліту, краснухі і вострага гепатыту В у дзяцей сёлета не рэгістраваліся. Папярэджваюцца такія інфекцыі з дапамогай вакцын, а вось там, дзе ахоп прафілактычнымі прышчэпкамі не дасягае высокага ўзроўню, такіх дасягненняў няма. Ва Украіне, напрыклад, сёлета зарэгістравана 5 выпадкаў слупняку, у тым ліку ў дзяцей. Калі працэнт вакцынаваных знізіцца і ў нас, то адразу вернуцца і інфекцыі.


У Беларусі зарэгістраваны пакуль толькі адзін выпадак АДРУ, і тое завезенага. Тым часам больш за 14 тысяч выпадкаў з пачатку года зарэгістравана ў еўрапейскіх краінах. Найбольшая колькасць у Румыніі, Італіі і Германіі. Большасць беларусаў абаронены ад адру, тым не менш пацікавіцца сваім статусам, наяўнасцю дзвюх прышчэпак ад гэтай інфекцыі можна ў паліклініцы (пачынаючы з шасці гадоў). Калі раптам тут «прабел», пажадана прышчапіцца эфектыўным прэпаратам, які абараняе адразу ад трох інфекцый — адру, краснухі і эпідэмічнага паратыту.

Дарэчы, у краіне зафіксаваны сёлета тры выпадкі ЭПІДПАРАТЫТУ, адзін з якіх завезены. На коклюш захварэла звыш 200 чалавек, галоўным чынам, дзяцей (такая сітуацыя назіралася і летась). Усе яны — непрышчэпленыя або абарона яшчэ не паспела сфарміравацца, або час вакцынацыі быў з нейкай прычыны пасунуты. Найбольш цяжкія выпадкі ўзнікаюць у дзяцей да аднаго года, а таксама ў тых, каму яшчэ няма трох гадоў, калі пасля прыступу кашлю ўзнікаюць перыяды прыпынення дыхання, развіваюцца запаленне лёгкіх, сутаргі, энцэфалапатыя і інш. І тут таксама дзяржава прапануе вакцыну, правераную часам і досыць эфектыўную.

— На жаль, яшчэ застаецца, хоць і невялікая, колькасць тых, хто ігнаруе вакцынацыю, — кажа намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Ірына ГЛІНСКАЯ. — У цэлым размова ідзе пра 97 працэнтаў прышчэпленых дзяцей, а па некаторых інфекцыях гэта нават 98—99. Не ва ўсіх астатніх выпадках размова ідзе пра адмаўленне — бывае, прышчэпкі проціпаказаны...

Характэрная для цёплай пары года ВОСТРАЯ КІШЭЧНАЯ ІНФЕКЦЫЯ застаецца таксама на ўзроўні мінулага года (сальманелёзу нават крыху менш). Яшчэ гадоў дзесяць таму нам пагражалі, галоўным чынам, бактэрыяльныя кішэчныя інфекцыі (тыя ж дызентэрыя, сальманелёз), аднак сёння больш за палову гэтых інфекцый маюць віруснае паходжанне. Перадаюцца яны вельмі лёгка, прычым не толькі харчовым ці водным шляхам, як бактэрыяльныя, але і кантактна-бытавым. Узбуджальнік досыць працягла выдзяляецца ў наваколле, а таму чалавек, які перанёс захворванне ў лёгкай форме і добра сябе адчувае, пры некаторых інфекцыях ажно да 50 дзён можа перадаваць вірус навакольным. Каб гэтага не адбылося, усе мы пастаянна павінны прытрымліваецца элементарных гігіенічных правілаў.

Лячэнне кішэчных інфекцый мае на ўвазе дэтаксікацыю і барацьбу з абязводжваннем. Так што самае важнае — паболей піць чыстай вады. Калі ж гэта дзіця, якое ванітуе, трэба выклікаць «хуткую» і шпіталізаваць, каб уводзіць вадкасць з дапамогай кропельніцы. Неабходна таксама прымаць актываваны вугаль, смекту або іншыя сродкі гэтага шэрагу. Калі ёсць тэмпература (звыш 38 градусаў), патрабуюцца гарачкапаніжальныя сродкі. Неабходна трымацца дыеты — не ўжываць вострае, мясное, малочнае.

ЭНТЭРАВІРУСНЫХ ІНФЕКЦЫЙ (іх, дарэчы, больш за 70) стала на 36 працэнтаў менш, чым летась. Рэгіструюцца лёгкія формы. Спецыфічнай вакцыны ад такіх інфекцый не існуе, а таму галоўнай зброяй таксама застаецца асабістая і грамадская гігіена. Энтэравірусы могуць пашкоджваць любыя органы (кішэчнік, цэнтральную нервовую сістэму, галаўны мозг, дыхальныя шляхі, скуру і г. д.), а перадаюцца элементарна — бытавым, паветрана-кропельным, харчовым і водным шляхамі. Вірусаносьбіт можа нават не мець нейкіх сімптомаў, аднак здольны заразіць іншых. Могуць быць успышкі і нават эпідэміі, асабліва ў краінах з нізкім узроўнем жыцця. У большасці выпадкаў пакутуюць дзеці — у першую чаргу ад гастраэнтэрыту, герп-ангіны, менінгіту... Для таго, каб абараніцца, неабходна правільна харчавацца, піць чыстую ваду, добра мыць рукі. Гэтак жа паводзіць сябе і ў іншых краінах. Што да паведамленняў пра масавыя выпадкі энтэравірусных захворванняў у Турцыі, то паводле афіцыйных паведамленняў, ні пра якую эпідэмію размова не ідзе, зафіксаваны ўсяго адзін выпадак з жыхаром Украіны, чыё захворванне лабараторна нават не пацверджана.

Што да КЛЕШЧАВЫХ ІНФЕКЦЫЙ — як у дзікай прыродзе, так і на гарадскіх тэрыторыях — распаўсюджаны яны сёлета менш, чым летась. Колькасць людзей, якія звярнуліся ў органы аховы здароўя з укусамі, таксама ніжэйшая — 24 тысячы, а было летась звыш 32 тысяч. На 17 працэнтаў знізілася ва ўсіх рэгіёнах і колькасць выпадкаў барэліёзу.

— Даследаваць кляшча сёння не абавязкова, дастаткова звярнуцца да ўрача, каб атрымаць антыбактэрыяльную прафілактыку, — тлумачыць Ірына Мікалаеўна. — І праходзіць яе неабходна пасля кожнага ўкусу. Вядома, што барэліямі інфіцыравана каля 30 працэнтаў кляшчоў, аднак яны могуць змяшчаць іншыя бактэрыяльныя ўзбуджальнікі, супраць якіх таксама скіравана антыбактэрыяльная прафілактыка, у той час як даследаванне праводзіцца толькі на барэліёз. Пакуль клешч будзе абследаваны, пройдуць каштоўныя для пачатку тэрапіі трое сутак. Дарэчы, людзі, якія захварэлі на барэліёз, не звярнуліся пасля ўкусу да ўрача і не правялі такую тэрапію...

Вакцынацыю супраць клешчавага энцэфаліту не прапануюць кожнаму, хто ідзе ў лес. Яе атрымліваюць тыя, хто дзякуючы сваёй прафесіі праводзіць доўгі час у тых жа лясных масівах. Аднак калі вы сабраліся на адпачынак на Далёкі Усход, Урал, то зрабіць такую прышчэпку мэтазгодна — варта толькі паклапаціцца аб гэтым своечасова (выконваецца дзве прышчэпкі, і абарона развіваецца толькі праз 21 дзень пасля апошняй).

Нягледзячы на тое, што геаграфія паездак пастаянна пашыраецца, ЭКЗАТЫЧНЫЯ ІНФЕКЦЫІ на тэрыторыі Беларусі не зафіксаваны. Выключэнне — адзінкавыя выпадкі малярыі (прывезеныя з Індыі, Конга, Судана). У розных краінах выяўляюцца розныя ўзбуджальнікі, а пацікавіцца гэтым можна на сайтах Міністэрства аховы здароўя і Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Праяўляць цікаўнасць неабходна не за дзень да ад'езду, а мінімум за месяц.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дзе лета, там інфекцыі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.