Вы тут

Перспектывы развіцця адносін з Польшчай


Нягледзячы на членства Польшчы ў НАТА, пазітыўнае развіццё адносін паміж Беларуссю і Польшчай цалкам магчымае, як паказвае прыклад беларуска-турэцкага ўзаемадзеяння. Апошняе знаходзіцца на вельмі высокім узроўні, паколькі стаўка робіцца на пошук таго, што збліжае, а не таго, што падзяляе. Пераход да такога імператыва ў беларуска-польскіх адносінах мог бы пацягнуць падобныя пазітыўныя наступствы.


Актывізацыя адносін з Польшчай — рэч, без сумневу, важная. Польшча — адзін з пяці суседзяў Беларусі, адзін з трох найбольш буйных рынкаў, а па памеры і ёмістасці эканомікі гэта і зусім нумар два з усіх суседзяў Беларусі.

Калі, напрыклад, з украінскім рынкам, які нашмат меншы за польскі, у нашай краіны ўсталяваныя вельмі плённыя адносіны (у прыватнасці, у мінулым годзе мы адправілі туды на 2 мільярды 800 з лішнім мільёнаў долараў ЗША прадукцыі), то з Польшчай, на жаль, гэты паказчык у тры з лішнім разы меншы. Пры гэтым калі з Украінай у нас станоўчае сальда гандлю, то з Польшчай яно апошнія гады адмоўнае. Мець усяго 2—3 працэнты свайго тавараабароту з такой эканомікай, як Польшча, для Беларусі вельмі мала. Гэта ўпушчаныя магчымасці для бізнесменаў абедзвюх краін.

Неабходна развіваць інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Цяперашнія аб'ёмы польскіх інвестыцый у Беларусь у памеры 150—200 мільёнаў долараў на год не адпавядаюць патэнцыялу беларускай эканомікі. Гэта крыху больш, чым штогод укладвае ў беларускую эканоміку Літва з насельніцтвам у тры мільёны чалавек. Гэта ж датычыцца і інвестыцый з боку самых багатых людзей. Амаль дзве траціны самых багатых літоўскіх бізнесменаў з 30 ужо рэалізуюць свае бізнес-праекты ў Беларусі. У той жа час большасць багатых людзей Польшчы нават не падазраюць пра такую магчымасць.

Параўнальна мала польскіх прадпрыемстваў прыйшло ў Беларусь. Вядома, наяўнасць 350 польскіх кампаній у Беларусі першапачаткова здаецца добрай лічбай. Але толькі пакуль не паглядзіш, што Латвія з двухмільённым насельніцтвам зарэгістравала на беларускай тэрыторыі больш за 650 сваіх прадпрыемстваў.

Польшча — перспектыўная краіна, якая ў часы эканамічных праблем (як ва Украіне, так і ў Расіі), што прыносяць шмат непрыемнасцяў і для нас, — суседні рынак, які нам дастаткова добра знаёмы і на які трэба настройвацца для больш сур'ёзнай работы.

Важную ролю ў актывізацыі адносін адыгрываюць парламенты дзвюх краін. Парламенцкія кантакты дазваляюць наладжваць як палітычнае супрацоўніцтва (гэта рэч пастаянна важная), так і эканамічнае ўзаемадзеянне, паколькі парламенты і Беларусі, і Польшчы працуюць у цесным кантакце з бізнес-коламі. І вельмі часта актывізацыя палітычных кантактаў цягне за сабой розныя ідэі па развіцці кантактаў эканамічных. Бо, не сакрэт, дэпутаты як польскага, так і беларускага парламентаў прымаюць удзел у розных эканамічных мерапрыемствах, расказваюць адно аднаму навіны з суседняй краіны. І гэта значыць, што чым больш інтэнсіўныя кантакты, тым большая колькасць польскіх прадпрымальнікаў і польскага кіраўніцтва ў эканамічным блоку будзе цікавіцца інвеставаннем у розныя праекты на тэрыторыі Беларусі, арганізацыяй сумесных прадпрыемстваў, абменам або развіццём тэхналогій.

Такім чынам, палітычнае вымярэнне парламенцкіх кантактаў непазбежна пацягне за сабой і эканамічнае вымярэнне, што сапраўды надзвычай важна ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі ў нашым рэгіёне.

Што немалаважна, Польшча — гэта выхад і на нямецкі рынак, самы буйны ў Еўрапейскім саюзе (дарэчы, адначасова і самы канкурэнтны). Польшча — гэта бяспошлінная ўнутраная прастора Еўрапейскага саюза, таму і сумесныя прадпрыемствы на яе тэрыторыі, напрыклад, створаныя беларускімі прадпрымальнікамі, — гэта выдатны спосаб пранікаць са сваім таварам з нашымі камплектуючымі на самы ёмкі рынак Еўрапейскага саюза — у Германію.

У апошнія дзесяцігоддзі Германія прыўнесла тысячы найноўшых тэхналогій на тэрыторыю Польшчы, стварыла там нямала сумесных прадпрыемстваў. Іх досвед важны, паколькі гэта досвед перадавых заходніх прадпрыемстваў высокатэхналагічнай нямецкай эканомікі.

Сёння Польшча — гэта краіна, як і Беларусь, з пераходнай эканомікай, якая мае шматлікія аспекты планавай, а цяпер развівае рынкавую, закліканую вырашыць розныя праблемы ў плане інвестыцыйнай прывабнасці дзяржавы і рынкавай сістэмы, у мадэрнізацыі, стварэнні працоўных месцаў.

А ўсё гэта значыць, што ў цэлым Польшча — краіна нам зразумелая, тут спалучаюцца звыклыя нам спосабы і метады работы з самымі сучаснымі тэхналогіямі перадавой эканомікі, прыўнесенымі са «Старой Еўропы». І, вядома ж, больш цесныя кантакты Беларусі з Польшчай могуць прынесці нам дывідэнды ў гэтай сферы, дадуць магчымасць мадэрнізаваць уласную эканоміку.

Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук

Загаловак у газеце: У актыўным пошуку

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.