Вы тут

Беларусь разлічвае на пашырэнне кааперацыі са Свярдлоўскай вобласцю


Беларусь разлічвае на пашырэнне прамысловай кааперацыі са Свярдлоўскай вобласцю Расіі, заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў журналістам на сустрэчы з часова выконваючым абавязкі губернатара Свярдлоўскай вобласці Яўгенам Куйвашавым.


"Паглыбленне і пашырэнне кааперацыі ў прамысловасці адпавядае інтарэсам абодвух бакоў з пункту гледжання імпартазамяшчэння. І тут нам ёсць над чым папрацаваць", - лічыць Андрэй Кабякоў.

Ужо наладжана прамысловая кааперацыя ААТ "БелАЗ" з ААТ "Уралмашзавод" і ААТ "Сінара - Транспартныя машыны", паміж ДВА "Белэнерга" і ААТ "Уральскі турбінны завод". Беларускія прадпрыемствы пастаўляюць станкі, абсталяванне і інструменты для карпарацый "Уралвагонзавод", "Уралмашзавод", "Уральскія лакаматывы" і інш.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, беларускія прамысловыя прадпрыемствы гатовы пашырыць кааперацыйныя сувязі са свярдлоўскімі партнёрамі і прымяняць у машынабудаванні расійскія пускавыя сістэмы і суперкандэнсатары. "Лічу, што нам неабходна выпрацаваць і рэалізаваць канкрэтныя меры па паглыбленні супрацоўніцтва, распрацаваць і рэалізаваць план сумесных дзеянняў па развіцці кааперацыі ў сферы прамысловасці", - сказаў кіраўнік урада.

Андрэй Кабякоў лічыць, што ў Беларусі і Свярдлоўскай вобласці ёсць нерэалізаваны патэнцыял для аднаўлення тавараабароту, які яшчэ некалькі гадоў таму перавышаў $0,5 млрд. Для гэтага прапануецца вызначыць асноўныя напрамкі сумеснай работы. Адным з іх павінна стаць гандлёвае супрацоўніцтва. Так, сёння Беларусь гатова прапанаваць Свярдлоўскай вобласці сучасную дарожную, будаўнічую і камунальную тэхніку. "Апошнія гады мы развівалі яе вытворчасць, арыентуючыся перш за ўсё на патрэбнасці расійскага рынку. Мы гатовы ўдзельнічаць у далейшым абнаўленні парку пасажырскага аўта- і электратранспарту для гарадскіх і міжгародніх маршрутаў і можам прапанаваць аўтобусы, тралейбусы, сучасныя трамваі. Прапануем звярнуць увагу на інавацыйны гарэлектратранспарт з выкарыстаннем суперкандэнсатараў - гэта электробусы і тралейбусы з аўтаномным ходам, а таксама скорасныя трамваі", - адзначыў Андрэй Кабякоў. Пад гэтыя і іншыя праекты Беларусь гатова прапанаваць схемы фінансавання: лізінг, ільготнае крэдытаванне.

Беларусь таксама гатова пашыраць супрацоўніцтва ў аграрным сектары. "Гэта важнейшая галіна эканомікі - як Беларусі, так і Свярдлоўскай вобласці. У многім мы можам дапаўняць адна адну. Беларусь валодае перадавымі тэхналогіямі вытворчасці і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі", - падкрэсліў прэм'ер-міністр. Беларускія прадпрыемствы вырабляюць шырокі спектр тэхнікі для патрэб аграпрамысловага комплексу і гатовы прапанаваць пастаўку сучаснай трактарнай і кормаўборачнай тэхнікі, забяспечыць яе якаснае сэрвіснае абслугоўванне.

Добрыя перспектывы для ўзаемадзеяння са Свярдлоўскай вобласцю Беларусь бачыць у будаўніцтве і ЖКГ. "Мы ведаем, якая пільная ўвага ўдзяляецца ў Свярдлоўскай вобласці развіццю будаўнічай галіны і ЖКГ. Беларускія арганізацыі маюць паспяховы вопыт праектавання і ўзвядзення розных аб'ектаў у расійскіх рэгіёнах, у першую чаргу жылля (напрыклад, ёсць беларускі квартал у Калужскай вобласці, работы актыўна вядуцца ў Ленінградскай вобласці), а таксама ў сферы дарожнага будаўніцтва, зацікаўлены ва ўдзеле ў рэалізацыі такіх праектаў і ў Свярдлоўскай вобласці", - дадаў Андрэй Кабякоў.

Акрамя таго, будзе развівацца супрацоўніцтва ў сферы навукі і адукацыі ў рамках дагавораў паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Уральскім аддзяленнем Расійскай акадэміі навук. Сумесная навуковая і навукова-тэхнічная работа ў сферы машынабудавання, інавацый і нанатэхналогій дасць магчымасць укараняць распрацоўкі на прадпрыемствах прамысловага комплексу.

"Мы гатовы да абмеркавання любых ініцыятыў з вашага боку, якія дадуць магчымасць рухацца па шляху ўзаемавыгаднай і раўнапраўнай інтэграцыі ў вытворчай і інавацыйнай сферах, умацоўваць нашы гандлёва-эканамічныя, навукова-тэхнічныя, адукацыйныя і культурныя сувязі", - рэзюмаваў прэм'ер-міністр.

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».