19 Верасень, серада

Вы тут

«Ах, падмануць мяне няцяжка...»


Нядаўна, пакуль была на працы, мне на дзверы кватэры паперку наляпілі. Паведамленне аб тым, што ў доме будуць праводзіць оптавалакно, што трэба звязацца са спецыялістам тэлефоне, каб дамовіцца на час правядзення работ. Паперка была з фірмавым лагатыпам «Белтэлекама», але вось нумар, па якім варта было звязацца, належаў аднаму з мабільных аператараў... Насцярожыўшыся, я набрала нумар кол-цэнтра «Белтэлекама» і пацікавілася, ці сапраўды яны мяркуюць у нас у жніўні тое оптавалакно цягнуць. Атрымаўшы станоўчы адказ, пацікавілася, чаму не пакінулі для сувязі «свой» нумар. «Каб лягчэй было звязацца, — адказала аператар. — Не вы, дарэчы, першая тэлефануеце. Залішне пільны народ у нас стаў...»


Наіўная дзяўчына, яна не ведае, напэўна, якой цаной гэта пільнасць даецца. Піша гэта ўладальніца цуда-касметыкі, купленай, нібы пад гіпнозам, за астранамічную суму (спецыяльна яе не называю, а то мая мама страціць прытомнасць). А яшчэ я без пяці хвілін гаспадыня вокнаў з суперручкамі і супермеханізмамі, якія застрахуюць і ад адкрыцця дзіцем, і ад падзення кошкі, і ад зладзеяў — калі яны раптам з вуліцы захочуць абрабаваць мае апартаменты на сёмым паверсе. Дагавор на ўстаноўку цуда-рыштунку (на суму больш за сто рублёў) і сёння ляжыць сярод дакументаў як засцярога на ўсё астатняе жыццё. Бо калі ў першым выпадку (з касметыкай) усё было тонка псіхалагічна сыграна на жаночай дурасці (што паробіш, часам «бландзіністыя» гены ўсё-ткі бяруць верх, як ні супраціўляйся), дык у другім — з вокнамі — «легальныя махляры» разлічвалі перш за ўсё на законапаслухмянасць.

Яны пазванілі на хатні тэлефон летась увосень, пасля таго як пасля шматлікіх падзенняў дзяцей з вышыні Следчы камітэт выступіў з ініцыятывай абавязаць вытворцаў устанаўліваць на вокнах запорныя механізмы. Жанчынка, якая званіла, ветліва ўспомніла гэты факт і сказала, што яны сумесна з ЖЭСам праводзяць даследаванні ўжо ўстаноўленых вокнаў, каб выканаць рэкамендыі СК. І таму просяць дазволу абсалютна бясплатна (!) паглядзець, якая сітуацыя з маімі балконнымі рамамі... Вы б не дазволілі? Вось і я пра тое ж.

Аб тым, як «бясплатная камісія па выкананні даручэнняў Следчага камітэта» знайшла ў маіх амаль новых вокнах хібы больш чым на сто рублёў і як яны ўгаварылі маю вельмі асцярожную недаверлівую маму (я была на працы) падпісаць дагавор на гэту суму, расказваць, думаю, залішне: пра гэта ўжо цэлыя дакументальныя фільмы паздымалі. Уратавала ад дарэмнага марнавання грошай (бо насамрэч устаноўка тых запорных дзівосаў каштуе ўтрая менш) толькі тое, што дагавор быў падпісаны не ўласнікам кватэры. Аб чым я і паведаміла асабліва настойлівым выканаўцам заказу, якія не давалі па тэлефоне спакою ні днём, ні позна ўвечары. Адчапіліся толькі перад Новым годам, калі нахабны малады чалавек (пэўна, ужо ад роспачы, што грошай не будзе) пачаў пагражаць, што паскардзіцца на мяне... у Следчы камітэт. Пачуўшы ў адказ, што я літаральна заўтра ж зраблю тое самае, хлопец хуценька паклаў трубку. Больш пра ручкі і запоры я не чула, так і жыву, небарака, з недасканалымі вокнамі...

А на «рупліўцаў нашай бяспекі» дагэтуль упынку няма. Нядаўна афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч расказваў, што «аконшчыкі» і сёння прыкрываюцца нібыта распараджэннем СК аб устаноўцы адмысловых засцерагальных механізмаў. Аб чым уласна ў Камітэт паведамляюць людзі, якія не вераць махлярам на слова. І такіх, трэба сказаць, усё больш: уласны досвед, «прыгоды» сваякоў, знаёмых ці герояў сюжэтаў на тэлебачанні таму спрыяюць. Але па-ранейшаму знаходзяцца вельмі законапаслухмяныя, але не менш даверлівыя грамадзяне, якія вераць махлярам-спекулянтам толькі таму, што рыштунак для вокнаў тыя «ўцюхваюць», прыкрываючыся Следчым камітэтам, а чарадзейныя фільтры для вады — распараджэннем гарвыканкама ці якой іншай мясцовай улады. І калі ў Мінску сталічныя жыхары, у якіх больш інфармацыі, усё часцей даюць ім ад варот паварот, дык у рэгіёнах падобны падман квітнее.

А махляры тым часам не спяць у шапку. Сястра, якая жыве ў сталічнай Чыжоўцы, расказала пра «спецыяліста ІТ-тэхналогій», які, сунуўшы ў твар нейкае «распараджэнне», нахабна літаральна ўварваўся ў кватэру і пачаў правяраць камп'ютарныя злучэнні. Вердыкт быў такі: усё трэба мяняць, а яшчэ трэба ўстанавіць на камп'ютар новы антывірус. Гаспадыні пашанцавала: акурат у іх фірмы сёння заканчваецца летняя акцыя, па якой на поўны пакет зніжка трыццаць працэнтаў. Дагавор падпісаць і работы выканаць можна проста зараз. Абыдзецца інфармацыйная бяспека зусім у невялікую суму — сто пяцьдзясят рублёў... Мая Наталля, сама спецыяліст у сферы высокіх тэхналогій, толькі пасмяялася ды параіла «калегу» як мага хутчэй пакінуць яе кватэру, што той хуценька і зрабіў. Затое суседка ўвечары з гонарам ёй расказвала, як «палячыла» свой камп'ютар і паставіла на яго найноўшую ахову «за капейкі».

Некалькі дзён таму на сайце «Белэнерга» з'явілася наступнае папярэджанне: «Апошнім часам з'явіліся выпадкі падману грамадзян махлярамі, якія прадстаўляліся работнікамі энергазбыту і электрасетак. Ашуканцы, прыкрываючыся рэпутацыяй энергазабеспячальных арганізацый (Мінскэнерга, Гомельэнерга, Віцебскэнерга і г. д.), навязваюць грамадзянам аказанне такіх паслуг як: замеры напружання ў электрычнай сетцы, праверка правільнасці работы лічыльніка, замена аўтаматычных выключальнікаў, пасля нібыта «бясплатнага» агляду прапануюць заключыць дагавор на аказанне платных паслуг». Партал папярэджвае: усе «афіцыйныя» энергетыкі апранутыя ў форму, маюць пасведчанне адпаведнага ўзору (апісваецца падрабязна, якая менавіта інфармацыя ў ім павінна змяшчацца). Але ці многія будуць прыглядацца да той формы, калі ў дзверы пазвоніць ветлівы чалавек і скажа разумныя словы аб бяспецы, аб тым, што гэта на кантролі ва ўлады, аб грамадзянскай свядомасці?.. Нават няёмка неяк пытаць у яго тое пасведчанне, праўда?

«Ах, падмануць мяне няцяжка, я сам падманвацца рад», — успомніць тут нехта класіка, не вельмі дарэчы, бо Пушкін пісаў гэта пра каханне. А вось іншы класік, Булат Акуджава, тут акурат да месца: «Пока живут на свете дураки, // Обманом жить нам, стало быть, с руки...»

Гэта не пра нас? Што ж, давайце ў гэта верыць...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.

Эканоміка

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ад спантаннай пакупкі са «зніжкай па-беларуску» можна не толькі не атрымаць якой-небудзь эканоміі, але і пераплаціць за яе.

Культура

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

Выстаўка адкрываецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.