Вы тут

Цэнтральны раён хоча дадаць вас у сябры


Яшчэ з дзясятак гадоў таму маладое пакаленне папракалі тым, што яно шмат часу праводзіць у інтэрнэце. Маўляў, там адны «гульні». Зараз жа немагчыма ўявіць сабе хоць бы адну сферу жыцця, так ці інакш не прадстаўленую ў сусветным сеціве. Вось і адміністрацыя Цэнтральнага раёна Мінска вырашыла выйсці на новы ўзровень узаемадзеяння з мясцовымі жыхарамі. Так што сочым, ці, па-моднаму кажучы, «фолавім»...


Кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Ігар Бузоўскі.

Паразмаўляць з прадстаўнікамі адміністрацыі цяпер можна не толькі падчас асабістага прыёму, па тэлефоне або праз зварот на сайце, але таксама і праз самыя папулярныя ў Беларусі сацыяльныя сеткі: «УКантакце», «Фэйсбук», «Аднакласнікі», «Твітар» і «Інстаграм». І калі ў трох першых публікуецца адзіны кантэнт, то кароткія паведамленні і фатаграфіі трапляюцца і эксклюзіўныя. Напрыклад, у Інстаграме можна адшукаць здымак Нямігі пад аўтарствам кіраўніка раёна з лаканічны подпісам «Неба над Цэнтральным». Дарэчы, Ігар БУЗОЎСКІ прызнаўся, што нярэдка асабіста робіць публікацыі ў акаўнтах раёна. Бліжэй за ўсё па духу яму «Твітар» з яго лаканічнасцю і аператыўнасцю, праз яго кіраўнік адміністрацыі нават праводзіць тэкставыя анлайн-трансляцыі прыёму грамадзян.

Аб чым жа можна даведацца, вывучыўшы групу раёна ў сацсетках? Напрыклад, як прайшло адкрыццё пасля абнаўлення аднаго з самых знакамітых універсамаў Мінска «Цэнтральны», хто прэтэндуе на званне «Найлепшы дворнік» ці што трэба зрабіць, каб паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі «У школу з Добрым Сэрцам». Абмяркоўваюцца тут і праблемныя пытанні. З апошняга: адна з жыхарак раёна паскардзілася, што ніяк не могуць уладкаваць унука ў дзіцячы садок, «абышлі ўсе найбліжэйшыя». На што атрымала адказ, што «гэта заканадаўча пэўная працэдура. Не трэба хадзіць па дзіцячых садках у пошуках месца для дзіцяці. Трэба зарэгістравацца праз службу «Адно акно» і прыйсці ва ўпраўленне адукацыі за накіраваннем». У выніку клапатлівая бабуля паабяцала трымаць адміністрацыю ў курсе падзей. Нягледзячы на тое, што ў адміністрацыі няма SММ-спецыялістаў, якія б займаліся толькі сацыяльнымі сеткамі, кантэнт абнаўляецца рэгулярна, нярэдка і па некалькі разоў на дзень.

Аднак работа з сацыяльнымі сеткамі — гэта толькі частка вялікага праекта, які рэалізуецца як пілотны сумесна з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, гарадскімі і рэспубліканскімі СМІ. Дарэчы, сыходзіць выключна ў віртуальную прастору ў раёне негатовыя, бо прыхільнікаў друкаванага слова зусім не мала.

У рамках рэалізацыі праекта абнавілі і сайт адміністрацыі: ён стаў больш сучасным і зручным. «Фішкай», якая можа прымусіць «завіснуць» на сайце, стала бесперапынная анлайн-трансляцыя, якая вядзецца камерай, што выходзіць на праспект Пераможцаў.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.