Вы тут

10 сабак і 2 кошкі ўтрымлівалі ў кватэры шматпавярховіка ў Полацку


Гэта, а таксама ператварэнне жылога памяшкання па вуліцы Дзяржынскага ў звалку стала нагодай для суседзяў звярнуцца нарэшце ў пракуратуру. Разам з пракурорам у «госці» да праблемных жыльцоў завіталі прадстаўнікі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, ЖКГ і іншых ведамстваў.


Аказалася, што жыллё належыць 61-гадовай жанчыне і яе 33-гадоваму сыну, абодва — людзі з абмежаванымі магчымасцямі, не працуюць.

— Кватэра знаходзілася ў жудасным з пункту гледжання нармальнага чалавека стане. Былі раскіданы бытавое смецце, брудная вопратка, элементы старой зламанай мэблі, рэшткі прадуктаў харчавання... Акрамя гэтага, «метры» былі забруджаны экскрэментамі жывёл і людзей. Каля дзесяці сабак і дзве кошкі пры адкрыцці дзвярэй у кватэру разбегліся па пад'ездзе і вуліцы, — расказаў журналісту «Звязды» пракурор Полацкага раёна Сяргей Трошка.

З-за антысанітарыі ў доме распладзіліся прусакі. Адна з суседак дадала, што пенсіянерка з сынам нярэдка выкарыстоўваюць для задавальнення сваіх фізіялагічных патрэб і месцы агульнага карыстання.

А што камунальнікі? Яны былі ў курсе. Але, як устанавілі ў пракуратуры, дзейснага ўплыву на гаспадароў бруднай кватэры работнікі ЖЭС-3 не аказвалі. У прыватнасці, рэдка складаліся пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. У судзе разгледзелі толькі адну справу ў дачыненні да маці і дзве — да сына. І тыя працягвалі парушаць правілы карыстання жылымі памяшканнямі...

— Работнікі ЖКГ не выконвалі належным чынам службовыя абавязкі. Не было сістэмнага і прынцыповага падыходу да кантролю, — лічыць пракурор.

Пасля праверкі пракуратуры інжынера па працы з насельніцтвам ЖЭС-3 прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці. А «сямейку» аштрафавалі: на 5 базавых велічынь (115 рублёў) — кожнага. Іх абавязалі зрабіць генеральную ўборку.

Што датычыцца жывёл, яны былі адвезены ў прытулак.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.