Вы тут

Кошт комплексу базавых паслуг ЖКГ падрасце 1 верасня на 8%


Капітальны рамонт, раздзельны збор смецця, павышэнне якасці пітной і сцёкавай вады, тарыфікацыя жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП) і іншыя пытанні па ўдасканаленні развіцця і дзейнасці ЖКГ краіны з мэтай стварэння спрыяльных умоў жыццядзейнасці насельніцтва разгледзелі ўчора на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі і Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага кіравання.


У краіне створана неабходная заканадаўчая база для рашэння пытанняў ЖКГ, зацверджана сістэма дзяржаўных сацыяльных стандартаў, праводзіцца праграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2016—2020 гады». Разам з тым у большасці галін ЖКГ існуе шмат праблем, што вырашаюцца марудна і назапашваюцца. З гэтай нагоды кіраўнік дзяржавы на сваім узроўні вырашыў разгледзець пытанні ЖКГ на семінары ў верасні бягучага года, дзе абяцаў прыняць адпаведныя рашэнні і ацаніць кадры, адзначыў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, характарызуючы стан камунальнай гаспадаркі краіны.

— Згодна з дакладам ПРААН, Беларусь уваходзіць у лік 24 краін, насельніцтва якіх мае 100-працэнтна ўстойлівы доступ да палепшаных крыніц вады. Разам з тым у апошнія гады расце колькасць уцечак і няўлічаных расходаў у сістэмах водазабеспячэння, пагоршылася якасць ачысткі сцёкаў. Каля 9 млн кубаметраў недастаткова ачышчаных водаў скідваецца ў вадаёмы. Тэхнічныя рашэнні ўдасканальваюцца слаба, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Ён агучыў і шэраг іншых недасканаласцяў сістэмы ЖКГ. Перш за ўсё, вельмі нізкі ўзровень аплаты насельніцтвам паслуг ацяплення, што адбываецца праз адсутнасць сістэм уліку адпушчанай цеплавой энергіі. У жыллёвым фондзе маюцца цепластраты пры выпрацоўцы і транспарціроўцы цепланосьбітаў.

Збор і ўтылізацыя цвёрдых бытавых адходаў патрабуе ўдасканалення і, па сведчанні парламенцкага маніторынгу і службаў аховы прыроды, санітарна-эпідэміялагічны стан аб'ектаў і тэрыторый не паляпшаецца.

— Капітальны рамонт жылля з аднаго боку недастатковы, а з іншага — недасканалы механізм фінансавання капрамонту. У гэтай важнай справе не ўкараняецца прыватна-дзяржаўнае партнёрства. Хоць ёсць добрыя яго прыклады, скажам, у Расіі. Утрыманне жыллёвага фонду і прыдамавых тэрыторый таксама патрабуе ўдасканалення. А характар наступстваў адміністрацыйнага зніжэння тарыфаў на ЖКП можа быць небяспечны. Замест кампетэнтных эканамічных і арганізацыйна-тэхнічных рашэнняў Мінжылкамгас і камунальныя службы на месцах захапляюцца дырэктыўнай дзейнасцю. Патрэбна адзіная дзяржаўная палітыка ў галіне: эканамічная, метадалагічная, кадравая, інвестыцыйная, тарыфная, — параіў Міхаіл Мясніковіч.

Тарыфная палітыка, дарэчы, цяпер базіруецца на паэтапным павышэнні тарыфаў для насельніцтва. Указам Прэзідэнта №550 зацверджаны штогадовы рост тарыфаў з 1 студзеня ў эквіваленце пяці долараў і штоквартальная індэксацыя тарыфаў на ЖКП у залежнасці ад росту даходаў насельніцтва. Тарыфная палітыка пралічана ўжо да 2020 года.

Да канца 2017-га запланавана дзве індэксацыі. Кошт комплексу базавых паслуг ЖКГ падрасце 1 верасня на 8% і 1 снежня — на 10%.

— Гэта звязана з ростам намінальнага налічанага заробку людзей, — растлумачыў Іван ВЕЖНАВЕЦ, намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі (МАРГ). — З улікам такой індэксацыі і запланаванага з 1 студзеня 2018-га павышэння платы за ЖКП у межах пяці долараў мы выйдзем па ўсіх паслугах ЖКП, за выключэннем цеплазабеспячэння, на 100-працэнтны ўзровень пакрыцця затрат.

На некаторыя паслугі рост будзе істотны, дадаў ён. Так, тарыф па каналізацыі вырасце на 48,5%, кошт халоднага водазабеспячэння павялічыцца на 27,7%, радок па абароце з цвёрдымі камунальнымі адходамі «пацяжэе» на 19%. Пры гэтым агульна «жыроўка» павялічыцца толькі на пяць долараў. Такім чынам на канец 2017-га аплата ЖКП у двухпакаёўцы памерам 48 м2 з трыма жыхарамі ў ацяпляльны перыяд абыдзецца ў 93 рублі, а ўзровень пакрыцця насельніцтвам комплексу камунальных паслуг уздымецца да 74,8%. Да канца 2018-га гэты паказчык дасягне 85%, да 2020 года — будзе 93,3%, а вось плануемых 100% дасягнуць можна будзе толькі ў 2025-м.

Аляксандр ПАПКОЎ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні запэўніў, што работа па вырашэнні пытанняў ЖКГ працягнецца праз стасункі са спецыялістамі адпаведных структур, каб распрацаваць канкрэтныя прапановы да верасеньскага семінара з удзелам кіраўніка дзяржавы:

— Калі Прэзідэнт гаворыць пра рэфармаванне камунальных структур, ён, пэўна, мяркуе пра сур'ёзную прадуманую канцэпцыю, якую можна прапанаваць для рэфармавання. Прапановы прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў па ўдасканаленні сістэмы ЖКГ узнялі масу праблем, якія патрабуюць вырашэння. Тарыфная палітыка, навакольнае асяроддзе, функцыянаванне сістэм водазабеспячэння і іншыя — гэта пытанні, якія характарызуюць наша жыццё. Яны патрабуюць сур'ёзнай каардынаванасці і перш за ўсё — на ўзроўні ўрада. Мы пастараліся сёння знайсці кірункі, якія трэба рэалізаваць.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

Пра гэта ўчора казалі высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.

Спорт

Анастасія Марыніна: Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча

Анастасія Марыніна: Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча

Гэта адзін з нямногіх гульнявых відаў спорту, што былі ўключаны ў праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў. 

Грамадства

«Захад-2017». Постфактум

«Захад-2017». Постфактум

Задачы сумеснага стратэгічнага вучэння выкананы на высокім узроўні.

Грамадства

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

Самабытныя, смачныя і пазнавальна-творчыя святы адбыліся сёлета ў розных раёнах Гродзеншчыны.