Вы тут

Гродзенскія праваахоўнікі дапамагаюць на ўборцы


Узровень злачыннасці ў Гродзенскай вобласці — адзін з самых нізкіх у краіне. Агульную тэндэнцыю таксама можна назваць станоўчай, бо за 10 гадоў колькасць правапарушэнняў у рэгіёне скарацілася амаль напалову. Аб гэтым паведаміў падчас прэс-канферэнцыі начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Вадзім Сіняўскі.


Так, за 6 месяцаў гэтага года зафіксавана 40,4 правапарушэння на 10 тыс. насельніцтва. Менш толькі ў Брэсцкай вобласці — 38,5. Значна знізілася колькасць забойстваў, грабяжоў, вымагальніцтваў, выкраданняў, махлярства. Павысіўся і працэнт раскрывальнасці. За першае паўгоддзе ён складае 68,1% ад усіх правапарушэнняў. У гэтай справе міліцыі садзейнічаюць неабыякавыя жыхары вобласці. За паўгода яны дапамаглі знайсці 7 злачынцаў, фота і відэа якіх былі размешчаны на афіцыйным сайце УУС і ў сацыяльных сетках.

Свой плён дае і барацьба з незаконным абаротам наркотыкаў. Злачыннасць у гэтай сферы зніжаецца. Менш стала фактаў збыту. Гэта звязана з затрыманнем вялікіх партый наркотыкаў, што папярэджвае іх распаўсюджванне, асабліва ў маладзёжным асяроддзі. Так, з пачатку года затрымана 74 кг гашышу, спынена работа 19 інтэрнэт-крамаў. Зараз расследуюцца справы ў дачыненні грамадзян Расіі, Украіны, Беларусі, звязаныя са збытам наркотыкаў. Работу ў гэтым кірунку гродзенскія праваахоўнікі лічаць прыярытэтнай. Ва ўсіх райаддзелах вобласці ўведзены стаўкі супрацоўнікаў па наркакантролі.

Асаблівую ўвагу варта ўдзяляць і праблеме п'янства. Ад атручвання алкаголем загінула ў вобласці 89 чалавек. За паўгода ў рэгіёне рэалізавана з разліку на кожнага жыхара 30 літраў алкаголю. Гродзенскія праваахоўнікі лічаць, што продаж алкагольнай прадукцыі трэба больш рэгламентаваць.

Вадзім Сіняўскі выказаў занепакоенасць ростам злачынстваў сярод падлеткаў. За паўгода імі здзейснена 121 правапарушэнне. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года рост склаў 36%. Расце колькасць крадзяжоў, выкраданняў аўтамабіляў, хуліганства. Да гэтага падключаюцца і малалетнія, прытым у стане алкагольнага ап'янення. Выяўлена 80 фактаў злачынстваў навучэнцаў устаноў адукацыі.

Вадзім Сіняўскі агучыў і факты правапарушэнняў, якія выяўлены падчас жніва. Так, у адной з гаспадарак Свіслацкага раёна знішчылі 45 т збожжа мінулага ўраджаю, каб вызваліць месца для новага. Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа. Таксама падчас уборачнай кампаніі быў затрыманы кіроўца аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Шчучынскага раёна. У кабіне яго машыны быў устаноўлены прыбор, які карэкціраваў паказанні спідометра. Толькі за адзін дзень вадзіцель краў каля 180 л дызельнага паліва. Назіраюцца і факты недастатковай захаванасці дарагой тэхнікі, ёсць выпадкі, калі адпраўляюць на металалом вузлы і агрэгаты, якія яшчэ можна выкарыстоўваць. Дарэчы, міліцыя не толькі сочыць за парадкам, але і дапамагае на ўборцы. Пяць супрацоўнікаў унутраных спраў спецыяльна ўзялі водпуск падчас жніва, каб працаваць на полі.

Цяпер у абласным упраўленні вядзецца работа па замяшчэнні вакантных пасад. У Гродзенскую вобласць накіравана 59 выпускнікоў Акадэміі МУС і 15 выпускнікоў Магілёўскага інстытута МУС. Поўнасцю ўкамплектавана ўпраўленне крымінальнай міліцыі. Вядзецца набор на пасады ўчастковых інспектараў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Міліцыя на службе і на ніве

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».