Вы тут

Мастачка, якая малюе… літаратуру


Мы вельмі часта гаворым у дачыненні да вывучэння айчыннай літаратуры пра вартасці літаратурнага краязнаўства. Мастачка Дзіяна Каласовіч, якая нарадзілася на Салігоршчыне, а зараз жыве і працуе ў Мінску, вырашыла спалучыць літаратурнае і мастацкае краязнаўства. Што з гэтага атрымаецца — пакажа час.


Жывапісным палотнішчам, малюнкам, якія выяўляюць перад намі літаратурныя адрасы Міншчыны, звязаныя з лёсамі тых ці іншых пісьменнікаў, ацэнку дадуць гледачы, мастацтвазнаўцы і проста аматары выяўленчага мастацтва. А зараз Дзіяна Каласовіч падрабязна занатоўвае, замалёўвае ўбачанае і адкрытае менавіта ёю, спрабуе за кошт свайго ўласнага светапогляду, уласнага мастацкага зроку разабрацца, чаму менавіта ў пэўным месцы нарадзіліся тыя ці іншыя паэтычныя, празаічныя творы.

Вось, напрыклад, у Дукоры пад Мінскам творца шукае сляды драматурга Васіля Гарбацэвіча, яўрэйскіх пісьменнікаў братоў Чарных, народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы, які наведваўся сюды за сюжэтам п’есы «Партызаны», літаратуразнаўца Янкі Казекі, які працаваў тут настаўнікам, краязнаўца Васіля Свістуна…

— Для мяне гэта даволі цікавы творчы досвед, — прызнаецца Дзіяна Каласовіч. — Я раней не працавала так адрасна, каб спалучыць, паяднаць краявід з адрасам і мастацкай і дакументальнай ідэямі. Але гэта захапляе, вымушае па-новаму ўзірацца ў прастору. Далягляды, як мне падаецца, вымалёўваюцца зусім іншыя. Ды і адкрываю надзіва шмат новага. Перад кожнай такой паездкай даводзіцца зазіраць у спецыяльную літаратуру, раіцца з дасведчанымі знаўцамі роднай старонкі. Шукаць, адным словам, крупінкі краязнаўчай памяці…

Следам за пухавіцкай Дукорай, іншымі блізкімі да Мінска ваколіцамі адрасамі літаратурна-краязнаўчых пленэраў у Дзіяны Каласовіч будуць Любаншчына, Салігоршчына. Як на першы погляд, то і не самыя багатыя на літаратурна-краязнаўчую памяць адрасы. Але Дзіяна лічыць інакш:

— У Любані жыве адзін з самых старэйшых дзіцячых пісьменнікаў Беларусі Іван Муравейка. Ён яшчэ Вялікую Айчынную вайну прайшоў. Мае баявыя ўзнагароды. На Рэйхстагу ў Берліне аўтограф свой пакінуў… У вершах Івана Муравейкі, які нарадзіўся ў самай буйнай вёсцы Любаншчыны — Талі, умяшчаецца вельмі шмат мясцовага матэрыялу. Шматлікія мікратапонімы, родныя, блізкія краявіды натхнілі таленавітага творцу на самыя розныя вершы, песні. — Усё гэта заварожвае, захапляе. А яшчэ пра раку Арэсу, востраў Зыслаў, мястэчка Урэчча, іншыя мясціны Любаншчыны пісалі Уладзімір Паўлаў, Ніна Маеўская, Сяргей Грахоўскі, Яўген Хвалей, Казімір Камейша… Спадзяюся, што мне ўдасца зазірнуць у іх вобразную сістэму, у іх каардынаты творчага мыслення, удасца нешта сваё ўласнае, асабістае дадаць у мастацкае прачытанне нашай роднай старонкі.

Саюз мастака і пісьменніка можа, аказваецца, мець і такі характар, як і ў выпадку з задумамі жывапісца Дзіяны Каласовіч. Спадзяёмся, што яе працы, скіраваныя на каментарый літаратурнай памяці Міншчыны, знойдуць сваіх гледачоў не толькі на адмысловых выстаўках, але і ў альбомах, у іншага фармату рэпрадукцыях. А мо будуць выдадзены і мастацкімі паштоўкамі з лаканічнымі пісьменніцкімі тэкстамі?..

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».