Вы тут

Скрыпач на даху… Віяланчэліст і піяніст


 Ніякіх смокінгаў і ўрачыстых бабачак! Музыканты выйшлі ў звычайных кашулях і джынсах, як маглі б хадзіць па вуліцы, і сталі іграць літаральна сярод мінскіх дахаў. Шагалаўскае ўяўленне (прадчуванне, што так можа быць?) увасобілася літаральна. Адкрытая пляцоўка, што сёлета задае тон вечаровых сталічных імпрэз, прапанавала канцэрт выдатных беларускіх музыкантаў з трыа «Новая філармонія»: скрыпач Арцём Шышкоў, віяланчэліст Дзіма Цыпкін і піяніст Сяргей Смірноў на пачатку жніўня зноў парадавалі сваіх прыхільнікаў на радзіме канцэртам. Гэтым разам ён складаўся цалкам з музыкі сучаснага англійскага кампазітара Макса Рыхтэра. Ці шмат хто ведае гэтае імя?..


 

Трыа «Новая філармонія».

Матывы Антоніа Вівальдзі ў інтэрпрэтацыі сучаснага кампазітара спалучыліся з аўрай вуліцы Рэвалюцыйнай — забудова ХІХ стагоддзя. Макс Рыхтэр, які нарадзіўся ў ХХ стагоддзі, злучыў часы, краіны, месцы: музыка ХХІ стагоддзя не «цураецца» людзей, яна паказвае іх адчуванні і драмы і гатова да пераадолення непаразуменняў. Як гатовы і сучасныя музыканты прадстаўляць яе ў любых умовах. Таму і «Новая філармонія» — няма прывязкі да канкрэтнага месца, сцэны, залы са стацыянарнымі крэсламі. Музыка можа быць усюды.

Жыццё горада стала фонам, які падкрэсліў чуллівасць і крохкасць гукаў: весялосць рэстаранчыкаў, што знаходзяцца побач, галасы людзей, нават нечаканы грукат запаўняў паўзы, ствараючы кантраст. Яны працягвалі іграць — і адлегласць ад зямлі станавілася яшчэ больш адчувальнай. Дзеля гэтага і ішлі слухаць канцэрт у прасторы VondelRoof: поўная «зала» (адпаведная камернаму канцэрту), ды ў «мёртвы сезон», калі вялікая філармонія адпачывае.

Тое, што яшчэ падаецца новым і эксперыментальным для айчыннай публікі (адкрытая пляцоўка ў незвычайным атачэнні ружовых дахаў), ніколькі не бянтэжыла выканаўцаў. Усе ўдзельнікі трыа — вядомыя музыканты і зоркі не толькі для Беларусі, якая застаецца для іх радзімай. Яны лаўрэаты прэстыжных міжнародных конкурсаў, удасканальвалі майстэрства ў вядомых еўрапейскіх музычных навучальных установах, жывуць і выступаюць у Еўропе, шмат гастралююць па свеце. Загартоўка канцэртным жыццём магутная ў кожнага паасобку і ва ўсіх разам. Менавіта разам удзельнікі трыа летась былі адзначаны ў Бельгіі нацыянальнай музычнай прэміяй Golden Label, заснаванай часопісам Classic Central у галіне класічнай музыкі і мастацтва. Разам музыканты Nouvelle Philharmonie piano trio запісалі ў Парыжы і альбом з твораў Пятра Чайкоўскага і Паўла Карманава. Да Чайкоўскага, дарэчы, звярнуліся і падчас канцэрта цыкла «Класіка ля Ратушы», дзе ў адзін вечар гучала музыка «Пораў года» трох кампазітараў: Вівальдзі выканалі музыканты з Італіі, а наша трыа іграла яшчэ Астара П’яцолу. І калі для некага гэтыя імёны — Арцём Шышкоў, Дзіма Цыпкін, Сяргей Смірноў — магчыма, толькі сталі адкрыццём дзякуючы канцэрту ля Ратушы, то цяпер варта сачыць за іх канцэртамі: музыканты заўсёды прадумваюць, з чым пазнаёміць айчынную публіку, каго з кампазітараў яна яшчэ можа не ведаць, ці прадстаўляюць сваю інтэрпрэтацыю твораў. Ну і дыск — дасць Бог, не апошні.

Марыя АСІПЕНКА

Фота Максіма Шуміліна, www.kultprosvet.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».