Вы тут

Беларускія літаратары адзначылі дзень нараджэння Букоўскі


Імпрэза ў гонар імянінніка прайшла ў адной са сталічных кнігарняў у межах праекта «Лета з «Амерыканкай».


Зараз перачытала гэтыя радкі і зразумела, што для нашага чытача тэкст пакуль што падаецца ўраўненнем з мноствам невядомых. Хто такі Букоўскі, і навошта нашы пісьменнікі святкавалі яго народзіны? Што хаваецца за назвай «Амерыканка»? Таму растлумачу. «Амерыканка» — серыя выданняў прозы актуальных (нашых сучаснікаў, якія ўжо паспелі стаць класікамі ў сваім жанры) амерыканскіх аўтараў у перакладзе на беларускую мову.

Пакуль паводле задумкі праект уключае чатыры выданні (але, спадзяюся, з цягам часу ён будзе папаўняцца новымі. Ужо вядома, што празаік Сяргей Календа працуе над перакладам таксама культавага рамана «Страх і нянавісць у Лас-Вегасе» Хантэра С. Томпсана). Гэта «Чытво» Чарльза Букоўскі ў перакладзе Ігара Кулікова, «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі, які перастварыў Аляксей Знаткевіч, «Байцоўскі клуб» Чака Паланюка ў перакладзе Сержа Мядзведзева і «Пенелапіяда» Маргарэт Этвуд, якая прыйдзе да беларускага чытача дзякуючы працы Вольгі Калацкай.

Каб «Амерыканка» сталася хаця б крыху беларускай, а выдаўцы, перакладчыкі і ініцыятары праекта яшчэ на этапе падрыхтоўкі маглі пабачыць запатрабаванасць будучых выданняў, ну і, натуральна, сабраць сродкі на іх падрыхтоўку, на краўдфандынгавай пляцоўцы ulеj.bу распачалася кампанія «Лета з «Амерыканкай». Але праект выйшаў за межы інтэрнэт-пляцовак і аб'яднаў цэлую серыю афлайнавых імпрэзаў, зладжаных з мэтай прыцягнуць больш увагі — а значыць, і грошай — да плануемых выданняў.

— «Лета з «Амерыканкай» паводле лічбаў пакуль завяршаецца не вельмі ўдала. Застаўся тыдзень, а мы сабралі толькі каля 25% ад неабходнай сумы. Але гэта не значыць, што збіраемся здавацца, — кажа каардынатарка праекта, паэтка, перакладчыца Марыя МАРТЫСЕВІЧ. — Калі адысці ад фінансавага аспекту, «Лета з «Амерыканкай» прайшло досыць актыўна. Мы правялі яго весела, нягледзячы на спёку, холад, адпачынкі. Зладзілі восем публічных імпрэзаў, каб прыцягнуць увагу да праекта. Напрыклад, моўныя курсы Наталкі Харытанюк паказалі, як з дапамогай перакладу і чытання прозы можна вучыць мову. Арганізавалі паказы трох фільмаў паводле кніг, якія плануем выдаць у межах серыі. Так, адбыўся паказ кіно «Палёт над гняздом зязюлі» па рамане Кена Кізі, тыдзень таму — «Байцоўскага клуба» па Паланюку і «Крымінальнага чытва» Таранціна, якое рыфмуецца з раманам Букоўскі «Чытво». Даведаліся, што сярод беларусаў існуе шмат аматараў амерыканскай літаратуры, гатовых падтрымаць праект. Да справы ўжо далучылася 224 чалавекі.

Вось і дзень народзінаў аднаго з аўтараў серыі — Чарльза Букоўскі — стаўся добрай нагодай, каб яшчэ раз сустрэцца, ушанаваць гэтага выбітнага творцу і зноў нагадаць пра праект. Больш за тое, Чарльз Букоўскі, напэўна, — рэкардсмен па колькасці беларускіх перакладаў, хоць яго паэзія яшчэ не выходзіла на нашай мове асобнай кніжкай. Як кажуць самі перакладчыкі, вершы Чарльза Букоўскі прыцягальныя сваёй простасцю і адначасова глыбіннасцю, нязмушанасцю, нават грубасцю. А яшчэ жартам дадаюць: іх вельмі лёгка пераствараць па-беларуску.

Падчас імпрэзы беларускія аўтары дзяліліся сваімі ўражаннямі ад знаёмства з творамі Чарльза Букоўскі, чыталі яго вершы і прозу ў перакладзе на беларускую мову. Так, пісьменнік, мастак Адам Глобус распавёў:

— Мне падаецца, феномен Букоўскі ў тым, што, прачытаўшы яго кніжку, хочацца адразу ж яе выкінуць, пакінуць у гатэлі і забыцца, што ты яе ўвогуле чытаў. Але выкінуўшы, думаеш: трэба гэтую ж кніжку купіць і прачытаць зноў. Там жа ёсць сакрэт, які не адпускае. У гэтым геніяльнасць Букоўскі для тых, хто друкуе кнігі: ён здатны да ўваскрашэння. Бярэ тэлеграфны стыль ад Эрнэста Хэмінгуэя, напоўненасць ад Генры Мілера і піша цалкам фальшывыя апавяданні. Глядзіш на яго і не верыш у тое, што ён здатны на ўсё, пра што піша.

Не зусім пагаджуся з шаноўным аўтарам, але, як на мяне, прыцягальнасць Букоўскі менавіта ў гэтай брутальнасці, змушанай грубасці стылю, падаецца, што ў некаторыя моманты ён нават пераігрывае, імкнучыся яшчэ мацней уразіць, запомніцца. Дарэчы, разам з перакладам прозы Букоўскі — яго рамана «Чытво» — да нас прыйдзе і кніга перастварэнняў паэзіі гэтага аўтара. Хутка ў выдавецтве «Харвест» пабачыць свет зборнік «Святло, і паветра, і месца, і час», куды ўвойдуць пераклады розных аўтараў — Ганны Комар, Юлі Цімафеевай, Наталлі Бінкевіч і іншых.

І святкаванне народзінаў Букоўскі, і сама серыя «Амерыканка» выдатна дапаўняюць тэндэнцыю да большай адкрытасці, успрымальнасці беларускай літаратуры для сусветных тэндэнцый. Напэўна, справа ў тым, што вырасла новае пакаленне перакладчыкаў, якія бачаць неабходнасць, каб да нас прыйшлі не толькі самыя класічныя тэксты, але і хуліганскія, нефарматныя. Але ж, па сутнасці, гэта толькі для нашых літснобаў яны такія «нефарматныя», а ва ўсім свеце сталіся сапраўднымі іконамі літаратурнага стылю, яскравымі прадстаўнікамі жанру.

Выдатна, што ў Мінску ўжо традыцыйным становіцца і святкаванне 16 чэрвеня міжнароднага Дня Блума, або Blооmsdау, у гонар галоўнага героя «Уліса» Джэймса Джойса. Таксама радуе і той факт, што амаль распрададзены наклад нядаўна выдадзенай кнігі Говарда Лаўкрафта «Кліч Ктулху» па-беларуску. Так, кніга бацькі літаратуры жахаў заняла сваё месца на нашых паліцах. Гэта добрыя навіны. І спадзяюся, мы іх будзем чуць усё часцей і часцей.

Марына ВЕСЯЛУХА

vеsіаluhа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Сакрэт, які не адпускае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».