Вы тут

Што ў жыцці тваім, род?


Хораша і светла на душы. Думаю, не толькі ў мяне аднаго. Такое адчуванне перажылі ўсе, хто пазнаёміўся з сёмым томам Анатоля Статкевіча-Чабаганава «Я — сын Ваш» з ягонай серыі «Летапіс беларускай шляхты». Ён прысвечаны Корсакам гербаў «Корсак» і «Ліс», а таксама Геталтам, Тышкевічам, Гарабурдам і Гарнастаям з роду Каленікавічаў-Мішкавічаў і Рэўтам герба «Газдава». Як і іншыя кнігі Анатоля Васілевіча, том гэты чаканы для тых, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі, спасцігаючы яе праз жыццяпіс шляхецкіх родаў.


Аднак сёмы том прынёс і прыемную нечаканасць. Дарэчы, двайную. Найперш таму, што кніга, выпушчаная рэдакцыяй часопіса «Роднае слова», не выпадкова з’явілася напярэдадні сёлетняга Дня беларускага пісьменства, цэнтрам правядзення якога стаў старажытны Полацк. Лёсы ж шмат каго з тых, пра каго расказваецца, звязаны з гэтым рэгіёнам Беларусі. Але ёсць і іншая нагода парадавацца. А. Статкевіч-Чабаганаў паўстае перад намі ў новай іпастасі, заявіўшы аб сабе, як аб руплівым даследчыку.

Вядома, у пэўнай ступені ў такой ролі ён выступаў і ў сваіх ранейшых кнігах, заглыбляючыся ў нацыянальную даўніну. Але ў пяці папярэдніх тамах, хоць і багатых на дакументальныя звесткі, архіўныя знаходкі выкарыстоўваюцца толькі для тлумачэння асобных мясцін, выконваючы вялікую ролю, з’яўляюцца толькі падмогай аўтару ў вывучэнні гісторыі родаў. Гэтым жа разам архіўнадакументальнай частцы адведзена першаступенная роля.

Анатоль Васілевіч, па сутнасці, папрацаваў ці не за цэлы навукова-даследчы інстытут. У такой ацэнцы ніякага перабольшання. Гэта відаць па тым ужо, што ў томе ажно больш за дзве тысячы спасылак на першакрыніцы: неабходна было перавярнуць горы матэрыялу, каб, адсеяўшы другаснае, знайсці найбольш істотнае і важнае. А. Статкевіч-Чабаганаў пайшоў тым шляхам, якім ідуць вопытныя даследчыкі. Інтуітыўна адчуваў, што і як трэба рабіць.

Адшукаўшы пэўны факт, адштурхнуўшыся ад яго, пераходзіў да іншых фактаў, пранікаючы ўсё глыбей у сэнс, сутнасць той праблемы, таго пытання, у вырашэнні якога быў зацікаўлены. Усведамленне ж таго, што гэта мусіць быць менавіта так, а не інакш, штурхала яго на далейшы актыўны, дзейсны пошук. Калі-нікалі было дастаткова толькі пэўнай згадкі, каб яна выклікала тое, што можна назваць калі няхай пакуль і не адкрыццём яшчэ, дык набліжэннем да яго.

Падобным шляхам А. СтаткевічЧабаганаў ідзе ад кнігі да кнігі. Але гэтым разам яго даследчыцкія памкненні іншага кшталту. Пад іх падведзена не проста навуковая аснова, а такая аснова, што дазволіла яшчэ больш паспяхова працаваць на ніве нацыянальнага адраджэння, абжываючы той пласт яго, што называецца радзімазнаўствам. Калі ж канкрэтызаваць тое, што робіць ён, дык гэта і родазназнаўства.

Праз гісторыю шляхецкіх родаў Анатоль Васілевіч адкрывае гісторыю Беларусі, лішні раз пераконваючы ў правільнасці таго, пра што некалі дакладна сказаў Кузьма Чорны: кожны чалавек — гэта цэлы свет. Аднак трэба ўсё ж быць справядлівым, гэты свет куды больш аб’ёмісты, калі носьбіт яго — АСОБА. Тыя ж, каго адкрывае А. Статкевіч-Чабаганаў, — менавіта асобы. Незалежна ад таго, якія пасады яны займалі ў жыцці, чаго дасягнулі.

У гэтым асабліва пераконвае сёмы том «Летапісу…» з яго моцнай даследчыцкай асновай. На карысць таго, што А. Статкевіч-Чабаганаў упэўнена адчувае сябе ў новай ролі, сведчыць і тое, з якой вялікай павагай ставіцца ён да першакрыніц. Як правіла, дакладна прытрымліваецца арыгінала, не пераўвасабляючы тэкст пасучаснаму. Гэта дазваляе чытачу яшчэ лепш спасцігнуць сам дух эпохі, якая ўзнаўляецца.

Важны і такі момант. Заглыбляючыся ў гісторыю тых родаў, што сталі героямі яго новай кнігі, Анатоль Васілевіч знайшоў арыгінальны падыход. Паколькі нашчадак родаў Корсакаў і Каленікавічаў Баркулаб Корсак быў ініцыятарам стварэння знакамітага Баркулабаўскага летапісу, то А. Статкевіч-Чабаганаў вырашыў даследаваць «абагульненыя біяграфічныя звесткі і роднасныя сувязі асобаў», якія згадваюцца ў гэтым выдатным помніку старажытнага беларускага пісьменства канца ХVІ — пачатку ХVІІ стагоддзя.

Некаторыя з іх, а таксама не ў меншай ступені іхнія нашчадкі, лёс свой звязалі з Полаччынай, што дэталёва і прасочваецца ў даследаванні. Аднак пераканаўча паказана і іншая роднаснасць, бадай, не менш важная. Многія з тых, пра каго расказвае А. Статкевіч-Чабаганаў, — яго сваякі, няхай і далёкія. Відавочна сваяцтва і паміж прадстаўнікамі саміх родаў, пра якія гаворыцца ў томе. Сапраўды ўжо: мы, зямляне, у чымсьці з адной калыскі.

Нягледзячы на тое, што ў кнізе нямала таго, што характэрна для навукова-даследчага выдання, яна чытаецца з вялікай цікавасцю. Прыведзеныя шматлікія факты не абцяжарваюць успрыманне матэрыялу. Наадварот, выклікаюць жаданне яшчэ больш даведацца пра таго ці іншага прадстаўніка пэўнага роду. Тут на дапамогу прыходзіць імянны паказальнік, дзякуючы якому лёгка выйсці на таго, хто трапіў у поле твайго зроку. Дарэчы месца і геаграфічны паказальнік. Гэта ўжо магчымасць лепш зарыентавацца ў тым, хто дзе жыў ці жыве. Аўтар жа даследавання не абышоў увагай і сённяшніх нашчадкаў старажытных шляхецкіх родаў. Шмат каго з іх можна ўбачыць і візуальна, бо ў кнізе прадстаўлены і багаты ілюстрацыйны матэрыял. Датычыцца ён і тых, хто жыў некалі. Прыведзены і адбіткі пэўных дакументаў.

Тамаш ВОЙСА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?