У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» можна ўбачыць першую ў Беларусі Міжнародную выстаўку пясочнай графікі «Па-за часам».
Кожны з 38 мастакоў-удзельнікаў праекта аддаў для экспазіцыі адну работу сваёй пясочнай графікі, зафіксаваную лічбавым фотаапаратам — так рухомы пясок апынуўся па-за часам, атрымаў магчымасць патрапіць у галерэі. Выстаўка сведчыць: пясочная графіка — гэта не проста забаўляльнае выступленне на вяселлі ці карпаратыве, а высокае мастацтва, якое можна экспанаваць у галерэях ва ўсім свеце. Нягледзячы на рухомасць матэрыялу, у пяску шмат выяўленчых магчымасцяў. Карціны з пяску — эмацыянальныя, цёплыя, са своеасаблівай атмасферай, якую нельга перадаць іншымі сродкамі. Дзякуючы вялікай колькасці ўдзельнікаў, наведвальнік «Універсітэта культуры» можа пазнаёміцца з рознымі тэхнікамі падачы пяску, ацаніць разнастайнасць тэматыкі аўтараў.
— Для мяне ў арганізацыі мінскай выстаўкі паўстаў асаблівы выклік, — кажа куратар выстаўкі пясочнай графікі «Па-за часам» у Беларусі Вольга Радзецкая. — Трэба было ўлічыць усе нюансы, каб мастакі, якія прыедуць на адкрыццё, засталіся задаволеныя экспазіцыяй, а гледачы не толькі ўпадабалі ўбачанае, але і ўспрынялі пясчаную графіку як сур'ёзнае мастацтва і, магчыма, самі захацелі паспрабаваць гэты від творчасці.
Адчуць сябе ў ролі мастака на выстаўцы здолее кожны: усталяваныя спецыяльныя стэнды з пяском, дзе кожны можа зрабіць першыя спробы ў пясчаным малюнку. Акрамя таго, ладзіліся майстар-класы для дарослых і дзяцей, цягам якіх прафесійныя мастакі дзяліліся сакрэтамі майстэрства. Адкрыццё суправаджалі выступленні ўдзельнікаў праекта пад жывую музыку. У руках ўмелых мастакоў пясок ажываў і расказваў гісторыі, ператвараўся ў візуальны працяг музыкі. Вольга Радзецкая расказвала, што сюжэт для яе новага нумара склаўся ўсяго за некалькі дзён, але пасля нараджэння ідэі пачаліся доўгія рэпетыцыі: пясок вельмі рухомы і непрадказальны матэрыял, таму, каб загадзя заўважыць усе нюансы і не сустрэцца з нечаканасцямі перад аўдыторыяй, мастакам даводзіцца шмат разоў паўтараць адну і тую ж праграму.
Ідэя выстаўкі «Па-за часам» нарадзілася ва Украіне: мастачкі з Харкава Анастасія Мелянцова і Ганна Ружынская не толькі прыдумалі сам праект, але і аб'ядналі ў адной экспазіцыі работы 38 мастакоў з 25 гарадоў Украіны, Беларусі і Расіі. Дзякуючы такому складу мастакоў, выстаўку вырашылі зрабіць перасоўнай. Яна падарожнічае і з кожным новым горадам набірае моц. Мінск — 25-ты горад на шляху праекта «Па-за часам», які распачаўся ў Барнауле, дзе адразу прыцягнуў да сябе ўвагу гледачоў. Падарожжа выстаўкі хутка працягнецца: з Мінска праект пераедзе ў Брэст, адтуль — выправіцца ў Літву, і ўжо ў канцы жніўня пясочнымі дзівосамі будуць захапляцца жыхары Вільнюса.
Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ
Фота Вікторыі АСКЕРЫ
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.