Вы тут

"Юля, гэта ж Орша!"


Малады рэжысёр пра горад як стан чалавечай душы


Кадр з фільма «Орша…Мінск…Орша…» (рэж. Ю. Ралко).

За некалькі месяцаў дакументальная стужка Юліі Ралко «Орша... Мінск... Орша» знайшла некалькі пляцовак для кінапаказаў, некалькі дзясяткаў удзячных гледачоў і запрашальных білетаў на фестывалі. Дэбютны фільм стаў глыбокім роздумам пра «іншую» Беларусь, пра людзей, якія засталіся ў глыбінцы і не збіраюцца яе пакідаць. Кіно атрымалася вельмі суровым, а адборшчыкаў фестываляў і гледачоў здзіўляў той факт, што здымала яго зусім маладая дзяўчына, якая ідэю «Оршы...» выношвала амаль пяць гадоў, а рэалізавала за некалькі месяцаў

— Юля, як ты прыйшла да высновы, што будзеш здымаць такое кіно?

— Нічога незвычайнага, проста пазнаёмілася з гэтымі людзьмі яшчэ на першым курсе, але не ведала, як падысці да іх, таму са здымкамі давялося пачакаць. Праўда, яны мяне шакавалі сваёй манерай весці дыялог, сваім стаўленнем адзін да аднаго, падаліся вельмі жорсткімі, суровымі. У іх і да дзяўчат стаўленне як да хлопцаў: вельмі свойскае, не варта чакаць ад іх добрых манер. І гэта быў не адзін чалавек, а ўся кампанія — я трапіла ў «закрытую» тусоўку, прычым мяне туды быццам штурхнулі і зачынілі за мной дзверы. І самае цікавае, што гэтыя хлопцы нават не адмаўляюць усяго вышэйназванага, не збіраюцца апраўдвацца, толькі наадварот: «Юля, дык гэта ж Орша!». Для мяне слова «Орша» ўжо стала намінальным, а напачатку было чымсьці новым і вельмі спецыфічным. У мяне засталося шмат інтэрв’ю з героямі, і калі іх паслухаць, то можна зразумець, што ўвесь горад такі, і тое, што мы называем «ліхімі 90-мі», — якраз пра Оршу, на ёй застаўся такі след. Быў момант, калі іх матэрыял быў адсняты, але я білася ў істэрыцы і думала, што «кіна не будзе», што тут няма кадраў, з якіх мог бы атрымацца фільм, але я ўзяла сябе ў рукі і скончыла працу.

— Ты адзначала, што ў цябе быў сцэнарый, але было складана яго прытрымлівацца…

— Так, але сцэнарый у дакументальным кіно — гэта больш адчуванні, настрой, атмасфера фільма, твае здагадкі і мэсэдж. Астатняга быць не можа, бо ніколі не ведаеш, што і як пойдзе. Я кожны раз туды ехала і кожны раз не магла ўявіць, што мяне чакае. Спачатку я ездзіла проста паглядзець ды «пазнаёміцца» з героямі, каб яны прывыклі да таго, што ў мяне ёсць камера, задалі ўсе пытанні, а мне трэба было прыглядзецца да фону і ландшафтаў. Нават гэтыя пустыя 3 — 4 паездкі даліся вельмі цяжка, бо гэты горад, шчыра кажучы, мяне моцна прыгнятае. Але я сапраўды хацела скончыць фільм, выдаткавала на яго шмат сваіх нерваў і слёз. Калі здымаеш сваё кіно, яно нікому, акрамя цябе, не патрэбнае, пакуль нічога не атрымалася. Не магу сказаць, што я цалкам задаволеная вынікам — амаль заўжды атрымліваецца каля 50% задумы, але калі глядзець цвяроза, то атрымалася вельмі натуральна, без пастаноўкі. Я не магла кіраваць тым, што адбывалася, мае героі былі непадпарадкавальнымі. Максімум, які я магла патрабаваць ад сваіх персанажаў, гэта прыйсці ў нейкую лакацыю. У плане стылістыкі фільм атрымаўся такім, як я хацела: і ўражанне, і асадак, і думкі пасля прагляду застаюцца патрэбныя. Магчыма, я б зрабіла стужку яшчэ больш жорсткай, дадала б нейкую бойку ці сюжэтную лінію з аршанскай турмой, але не атрымалася.

— Табе досыць часта задаюць пытанне наконт рэжысёрскай этыкі, бо часам вельмі жорстка ставішся да сваіх герояў. Што такое рэжысёрская этыка ўласна для цябе?

— Я ўжо маю адказ: зраблю я кіно пра канкрэтнага чалавека ці не зраблю, асабіста для яго нічога не зменіцца — ён такі, які ёсць, і на камеры, і ў жыцці. Асабіста для мяне няма мяжы этычнага і неэтычнага ў кіно, мае героі ведалі, што я іх здымаю, больш за тое, яны самі на гэта пагадзіліся. Былі моманты, калі прасілі адключыць камеру, пагражалі разбіць аб’ектыў, але тым не менш яны ўсвядомлена здымаліся, хоць часам і забываліся на гэта. Напрыклад, калі лаяліся, наогул не звярталі на мяне ўвагі. Хацелася выключыць камеру, бо было страшна, што яе паб’юць, але я ўспамінала свайго выкладчыка Сяргея Кацьера, які кажа, што, «калі ты выключаеш камеру, пачынаецца самае цікавае». Калі здымаю, у мяне адключаецца не камера, а інстынкт самазахавання, я зліваюся са сцяной і вельмі моцна паглыбляюся ў працэс.

— Кажуць, што мажорнае кіно здымаецца на заказ, а мінорнае — для сябе.

— Мяркую, гэта залежыць ад характару рэжысёра. Я вялікі песіміст у душы, гэта паўплывала і на стужку. За вясёласцю хаваецца шмат трагізму, тое ж самае я паказала ў фільме, ён стаў адлюстраваннем майго стану душы. Здаецца, што сюжэт смешны, але калі задумацца, то мы смяёмся са сваіх праблем і свайго гора. З іншага боку, калі не смяяцца, то што застаецца? Я чула, што здымаць вясёлае кіно больш складана, чым сумнае, бо цяжка падняць настрой гледачу, а вось сапсаваць — вельмі лёгка. Але ў мяне не было такой задачы, я не хацела псаваць настрой. Я наогул прытрымліваюся такой думкі, што кіно не павінна неяк уплываць, вучыць ці даваць адказы на пытанні. Наадварот — мастак, рэжысёр задае пытанні гледачам, а яны ўжо павінны шукаць адказы кожны свой. У маёй стужцы адкрыты фінал, кожны зразумее яго так, як захоча. Думаю, калі я буду здымаць нешта вартае ўвагі аўдыторыі, гэта дакладна не будзе вясёлае і жыццесцвярджальнае кіно.

— Як адрэагавалі на стужку твае героі? Яны бачылі фільм?

— Так, і я вельмі перажывала наконт іх рэакцыі, бо яны былі занадта натуральнымі ў фільме, але што я магла зрабіць? Прасіць іх не выкарыстоўваць нецэнзурную лексіку? Мая галава была занята тым, як сплесці маленькія гісторыі ў адну, як змяніць лакацыю. Мне пра гэтае кіно казалі, што там шмат неэтычнага, але калі гэта апраўдана, калі само жыццё дыктуе табе ракурсы, то куды дзецца? Я была першым чалавекам, які хацеў усё «запікаць», заглушыць, але пачула думку, што ў гэтым фільме мова — асаблівы герой. Больш за ўсё крытыкі было ад дарослых, кшталту, навошта гэта паказваць? Але я адказвала, што нельга не паказваць такое і праходзіць міма, калі ўсё гэта вакол нас. Мае героі бачылі кіно без мяне, і я ведаю толькі тое, што ім спадабалася. Напэўна, яны прымаюць сябе такімі, якія ёсць.

— Мне праблемы, узнятыя ў фільме, падаліся глабальнымі, а не толькі аршанскімі.

 — Так і ёсць, я не магу сказаць, што я моцна раскрыла лірычны бок душэўных перажыванняў майго галоўнага героя, ён наогул у цені, як праваднік у гэтае аршанскае наваколле. А праблемы і сапраўды ўзняты глабальныя, мяне хвалявала такая думка: галоўны герой вырас у той жа атмасферы, у тым жа горадзе, што і астатнія, але ён бачыць, што ў Оршы штосьці не тое, штосьці чужое. А чаму не з усімі так адбываецца? Вось гэта мяне вельмі цікавіла — чалавек, яго залежнасць і адносіны з горадам. Я не змагла тут адысці і ад тэмы, якая хвалявала мяне яшчэ з першага курса Акадэміі мастацтваў, тэмы вечнага вяртання, кругавароту падзей. Сюжэт «Оршы...» для мяне таксама кручэнне, зацыкленасць людзей. Страшна становіцца ад таго, што людзі «зарываюцца» на бытавых момантах і адмаўляюцца ад чагосьці глабальнага на карысць выгод, тым самым губляючы сваю ўнікальнасць. З гэтага кола вельмі складана выйсці, нават калі ты малады і ў цябе ёсць жаданні — гэты момант мяне вельмі хвалюе, бо многія людзі губляюцца ў такім існаванні.

— Фільм атрымаўся сапраўды аўтарскім, нешаблонным. Ці лёгка ствараецца такое кіно?

 — Калі не звяртаць увагі на шаблоны, вельмі проста зрабіць аўтарскае кіно. Я не была прывязана ні да якога фармату, здымала як адчувала. Але любое кіно рабіць складана, незалежна ад таго, аўтарскае яно ці не. Дакументальнае кіно павінна быць аўтарскім, якім жа яшчэ? Ты можаш выказаць у фільме свой пункт гледжання і свой погляд, і для мяне ідэя дыктуе форму. Жыццё нашмат больш цікавае, складанае і непрадказальнае, чым нашыя чаканні і фантазія, таму часта кіно можа атрымацца, проста калі ты ўважліва ўгледзешся, а не будзеш сам «кіраваць» працэсам. Мяркую, у гэтым і розніца паміж дакументальным і ігравым кіно — у неігравым кіно ты павінен заўважыць тое, што можа быць іскрынкай, фіналам, трэба быць цікаўным чалавекам, а не арганізатарам, які крычыць: «Стоп! Не тое!» Ты не можаш сказаць жыццю: «Не тое!»

 — Навучанне ў Акадэміі мастацтваў паўплывала на цябе як рэжысёра?

 — Усе вельмі любяць лаяць акадэмію, а я не буду гэтага рабіць. Вядома, з тэхнічнага пункту гледжання тут хапае праблем, магчымасцей для студэнтаў, асабліва завочнікаў, амаль няма. Але калі чалавек хоча, ён пры любых умовах і магчымасцях будзе штосьці рабіць, я ў гэтым упэўнілася на ўласным досведзе. У маім выпадку ўсё залежала ад майстра курса, з якім я праводзіла большую частку навучання, і менавіта ён расказаў мне, што ёсць фестывалі, ёсць дакументалістыка, ёсць безбюджэтнае кіно. І я зрабіла выснову, што калі я прыдумала ідэю фільма і пасля завяршэння навучання яе ўсё ж рэалізавала, то магу сказаць, што акадэмія мне штосьці дала.

— Ты адзначала, што не ведаеш школ дакументалістыкі і не арыентуешся на іншых рэжысёраў. Чаму?

 — Больш за ўсё ў жыцці я не хачу, каб маё кіно было падобным на чыёсьці, і так, у мяне няма арыенціраў ці куміраў, хоць, магчыма, з імі мне было б лягчэй зняць свой фільм. На маю думку, у дакументалістыцы ўсё залежыць ад выпадку, а не ад адукацыі: калі будзе добры сюжэт, рэжысёр яго ніколі не праміне.

— Бачыш сябе ў ігравым кіно?

— Я вельмі катэгарычны чалавек, калі бачу на экране недакладнасць, адразу перастаю верыць, калі штосьці выглядае ненатуральна, калі ёсць ляпы. У ігравым кіно такога зашмат, але, безумоўна, я хачу паспрабаваць зняць такое кіно і абяцаю зрабіць яго максімальна натуральным. Пакуль што я да такіх фільмаў не дарасла, ствараць іх без грошай не збіраюся, бо з тым рэквізітам і камерай, якія ў мяне зараз ёсць, — гэта моцная абраза гледача. Але адзінае, што дакладна ведаю, — ідэю буду «выношваць» гэтак жа доўга, як і «Оршу...»

— Твае любімыя фільмы, якія яны?

 — Ведаеш, у мяне няма любімага рэжысёра, але ёсць любімае кіно, якое нешта змяніла ў душы. Для мяне наогул любімыя фільмы падзяляюцца на катэгорыі: кіно як індустрыя і як погляд на жыццё. Напрыклад, мультфільмы ад Pixar і «Уладар пярсцёнкаў» зробленыя неймаверна — і рэжысура, і выява выдатныя. А як мастацтва мне падабаюцца некаторыя стужкі Феліні, бо ад іх хочацца плакаць, калі гляджу, мне нават падаецца, што гэта і мой погляд на рэчы таксама.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.