Сёння ёсць добрая нагода наведаць сталіцу шапавалаў — гарадскі пасёлак Дрыбін, каб асабіста прыняць удзел у вясёлым рэгіянальным фестывале народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў "Дрыбінскія таржкі".
Адзначаецца свята ўжо сёмы раз. "У Дрыбіне кірмаш гудзе, / Няма месца анідзе. / Госці едуць з усіх канцоў, / Паглядзець на малайцоў... Вось так вобразна піша пра галоўных герояў таржкоў — шапавалаў мясцовая паэтэса Людміла Лісава.
Валёнкі на любы густ, вырабы з воўны тут заўсёды хіты продажаў. А яшчэ шмат эксклюзіву можна будзе знайсці ў радах ганчароў, майстроў па салома- і лазапляценні, кавальскага мастацтва і іншых. У гарадскім пасёлку чакаюць больш за сотню прадстаўнікоў народных промыслаў і рамёстваў.
Арганізатары абяцаюць цікавыя гульні і забавы, смачную кухню, шмат песень і танцаў. У канцэртах, якія будуць падымаць святочны настрой амаль цэлы дзень, прымаюць удзел творчыя калектывы з Беларусі, Расіі і Украіны. Прадпрыемствы, арганізацыі і навучальныя ўстановы Дрыбіна паспрачаюцца ў конкурсе на найлепшы падворак, прадэманструюць свае вырабы і падзеляцца прафесійнымі сакрэтамі.
Абавязкова трэба наведаць фірменныя крамы фестывалю, дзе можна паспрабаваць жывую ваду на травах, стравы беларускай нацыянальнай кухні, мёд на любы густ і прысмакі з яго. Наогул, усе калодзежы ў гарадскім пасёлку і прыпынкі грамадскага транспарту аформлены ў адпаведнасці з фестывальнай тэматыкай. А вада ў калодзежах, запэўніваюць арганізатары, сапраўды гаючая і на смак вельмі прыемная.
У свяце прымаюць удзел прадстаўнікі суседніх краін. Асобным пунктам у праграме фэсту пазначана іх урачыстая сустрэча на "мытнай заставе" гарадскога пасёлка — своеасаблівы абрад гасціннасці.
— Такім чынам мы вырашылі пашырыць межы нашага свята на ўвесь пасёлак. А яшчэ прадэманстраваць сваю шчырасць і ветлівасць, — кажа намеснік старшыні Дрыбінскага райвыканкама Дзмітрый Пімашэнка. — Да нас прыязджаюць дэлегацыі са Смаленскай, Бранскай і Цвярской абласцей. Будуць таксама госці з Украіны. Адбудзецца шмат мерапрыемстваў для моладзі і дзяцей. Адчыне свае дзверы традыцыйная літаратурная гасцёўня.
Фестываль праводзіцца ў традыцыях старадаўніх кірмашоў і накіраваны на папулярызацыю духоўных і культурных каштоўнасцяў беларускага народа. Вечарам гасцей і ўдзельнікаў свята запросяць на канцэрт "Спевы над Проняй", дзе прагучаць папулярныя народныя песні. А пасля шоу "Мой город", з якім выступіць спявачка Улада, адбудуцца святочны феерверк і дыскатэка да паловы першай гадзіны ночы.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!