Вы тут

Якія кірункі нанатэхналогій развіваюцца ў Беларусі?


Галоўная праблема айчыннай нанаіндустрыі заключаецца ў складанасці пераносу новых тэхналогій на прамысловыя «рэйкі», мяркуе першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей ЧЫЖЫК. Тым не менш за апошні час у гэтай сферы было выканана некалькі этапаў дзяржаўных праграм, рэалізавана каля ста праектаў. Іх асаблівасць у тым, што нанатэхналогіі з'яўляюцца міждысцыплінарнай сферай — гэта індустрыя развіваецца паасобку ў розных кірунках навукі: электроніцы, матэрыялазнаўстве, энергетыцы, медыцыне, аграхіміі і іншых.


— Цікавых распрацовак у нас хапае, — адзначыў спецыяліст. — Мы можам з гонарам сказаць, што ў Беларусі пачалі вырабляць зыходныя элементы для сонечнай энергетыкі. Іх выпускае адно з прыватных айчынных прадпрыемстваў. Яны маюць неблагі ККД — каля 25 працэнтаў. Сусветныя аналагі паказваюць трохі вышэйшы вынік — 27—29 працэнтаў, але і гэта ўжо вельмі добры ўзровень. Хацелася б, каб мы яшчэ асвоілі вытворчасць такіх элементаў на гнуткай падкладцы, гэта адкрыла бы для нас вялікую колькасць новых сфер прымянення. Таксама вылучыў бы беларускае ўгнаенне «Нанаплант» — яно ўжо вышла на прыбалтыйскі і скандынаўскі рынкі, прайшло праверку ў лабараторыі ў Мюнхене, якая пацвердзіла заяўленыя намі ўласцівасці. Гэты прадукт дае значны эфект у раслінаводстве. Дарэчы, насельніцтва можа знайсці яго ў адкрытым доступе ў крамах.

Сяргей Чыжык расказаў і пра іншыя распрацоўкі ў сферы НТ. Гэта, напрыклад, фільтры для ачысткі вады — шматузроўневыя мембраны, на поры якіх наносяць тонкія слаі рэчываў, што надаюць ім новыя ўласцівасці, напрыклад гідрафобныя ці гідрафільныя. Так, на айчынных газавых станцыях такія фільтры ўжо выкарыстоўваюцца для першаснай ачысткі прыроднага газу ад старонніх вадкасцяў.

Яшчэ адзін трэнд — электратранспарт. У НПЦ НАН па матэрыялазнаўстве на базе нанатэхналогій ствараюцца накапляльнікі энергіі (суперкандэнсатары) — у іх аснове ляжаць графенавыя пласціны, якія дазваляюць накапіць вялікі аб'ём энергіі. Апроч таго, сам кандэнсатар мае вельмі нізкую вагу. Яшчэ адзін кірунак — адытыўныя тэхналогіі і, у прыватнасці, 3D-друк. У НАН лічаць, што матэрыялы для гэтага друку могуць стаць нанаструктурнымі, што дазволіць надаваць новыя ўласцівасці гатовым вырабам. Так, у медыцыне вынікам развіцця гэтай тэхналогіі можа стаць друк клеткамі і біячарніламі.

У развіцці сферы нанатэхналогій у Беларусі задзейнічаны шэраг арганізацый. Сярод іх вылучаецца Рэспубліканская асацыяцыя нанаіндустрыі (РАНІ) — добраахвотнае аб'яднанне камерцыйных і некамерцыйных юрыдычных асоб, якія працуюць у сферы НТ і зацікаўлены ў яе прасоўванні ў нашай краіне, а таксама прадстаўленні сваіх інтарэсаў на ўзроўні органаў дзяржаўнага кіравання. Цяпер у асацыяцыю ўваходзіць каля 30 арганізацый.

— Мы ставім перад сабой чатыры глабальныя задачы, — расказаў выканаўчы дырэктар РАНІ Аляксей ТРУХАНАЎ. — У першую чаргу гэта экспертная функцыя — правядзенне маніторынгу рынку нанатэхналогій і нанаіндустрыяльнай прадукцыі, а таксама далейшая распрацоўка прапаноў для дзяржавы, якія будуць спрыяць развіццю НТ-сферы. Іншая задача — аналітычная, гэта выяўленне попыту на нанатэхналагічную прадукцыю на ўнутраных і знешніх рынках. Адзначу, што найбольш развітыя краіны, такія як ЗША, Японія, Паўднёвая Карэя і Германія, на працягу папярэдняга дзесяцігоддзя пастаянна павялічвалі аб'ём інвестыцый у НТ-сектар. Лідарамі па росце з'яўляюцца такія адгалінаванні, як радыёэлектронная і паўправадніковая прамысловасць, мікраэлектроніка, фармацэўтыка, авіякасмічная і лёгкая прамысловасць. Наступная функцыя — арганізацыйна-інфармацыйная: мы каардынуем сумесныя праекты, праводзім інфармацыйную падтрымку ўсіх членаў РАНІ, павышаем узровень кваліфікацыі супрацоўнікаў НТ-сферы праз семінары і трэнінгі. Маем праект з Міністэрствам адукацыі — хочам, каб нашы члены выступалі экспертамі пры распрацоўцы новых адукацыйных курсаў у галіне нанатэхналогій. Апроч гэтага, пашыраем сувязі паміж рознымі арганізацыямі ў Беларусі, а таксама з калегамі з замежжа.

Як адзначыў начальнік упраўлення навукова-тэхнічных праграм Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей КАБІШОЎ, праз ДКНТ у першую чаргу праходзяць праекты, якія накіраваны на атрыманне канкрэтных вынікаў. Паводле слоў эксперта, цяпер нанатэхналогіі, што прайшлі апрабацыю ў лабараторыях, пачынаюць выходзіць на прамысловы ўзровень. Для таго каб не «даганяць цягнік», трэба ўліцца ў супольнасць краін, у якіх нанаіндустрыя знаходзіцца на высокім узроўні. Сяргей Кабішоў упэўнены, што ў Беларусі для гэтага ёсць усе магчымасці. ДКНТ, са свайго боку, гатовы аказаць неабходную падтрымку, у тым ліку фінансавую, калі будзе гарантыя значных вынікаў. Цяпер Нацыянальная акадэмія навук рыхтуе галіновую навукова-тэхнічную праграму па нанатэхналогіях. Дакумент знаходзіцца на ўзгадненні ў Дзяржаўным камітэце. Магчыма, ужо ў наступным годзе будуць вядомы канкрэтныя кірункі работы.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сонечныя батарэі, фільтры, угнаенні

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.