На асабісты прыём грамадзян, які правёў у Клецку старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка, запісаліся пяць чалавек. Першы на чарзе — жыхар раёна Мікалай Пятровіч.
— Я трымаю трох дойных кароў, двух цялят, — гаворыць мужчына. — Прасіў дырэктара, каб адну з рагуль паставіць на зіму ў кароўнік, а вясной забраць назад, ды ён не пагадзіўся.
— І правільна зрабіў. Жывёліна не прайшла ветэрынарны кантроль. Ці мала якія захворванні можа мець. Па-другое, яна не прывучана да ўтрымання ў статку, аўтаматычнай дойкі, — адказаў старшыня Мінаблвыканкама.
Ураган пашкодзіў дах дома. Дасталася ад стыхіі і мясцовай ферме. Шабашнікі, што ліквідавалі яе наступствы, дазволілі грамадзяніну ўзяць тры лісты старога шыферу. Але давесці дадому ўдалося толькі адзін. «Наляцелі міліцыя, начальнік участка, сказалі: па астатняе нават не хадзі», — крыўдуе заяўнік.
У такім выпадку неабходна звяртацца да кіраўніка гаспадаркі, які павінен выдзеліць будаўнічыя матэрыялы, параіў старшыня Мінаблвыканкама.
У агракамбінаце «Клецкі» падчас стыхіі раскрыла восем дамоў. «Мы кінулі ўсе сілы, каб дапамагчы насельніцтву: падключылі сельгаспрадпрыемства, райспажыўсаюз, арганізацыі раёна. Усёй грамадой ліквідавалі непаладкі. У нас з гэтым ніколі не было праблем», — падкрэсліў Генадзь Салавей.
Анатоль Ісачанка даручыў выдаць грамадзяніну два лісты шыферу, якіх не стае.
Хрысціна Жукоўская і яе муж з 2014 года стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, з лістапада 2016-га — у статусе шматдзетнай сям'і. Яны хацелі ўзяць ільготны крэдыт для куплі дома. Але ім адмовілі. Прапанавалі два варыянты: гатовы дом у сельскай мясцовасці, а таксама будаўніцтва кватэры па дзяржзаказе.
— У нас трое непаўналетніх дзяцей, адно з іх вельмі хворае, неаднаразова ляжалі з ім у бальніцы. Пераехаць у вёску мы не можам, паколькі малому патрэбна медыцынская дапамога.
— Медыцынскае заключэнне ў вас ёсць? — пацікавіўся Анатоль Ісачанка.
— Так, дыягназ не зняты, але інваліднасці нам не далі, паколькі захворванне не прагрэсіруе, — адказала жанчына.
— Я не проста так пытаю. Калі ёсць інваліднасць, то вы маеце права на іншае жыллё, — заўважыў губернатар.
Заадно Анатоль Ісачанка пацікавіўся, ці падабралі сужэнцы дом.
Сям'ю пусціла часова пажыць сваячка з умовай, што будуць прыглядваць за домам. Гаспадыня збіраецца прадаць жыллё і прапанавала набыць яго кватарантам. «Калі мы не выкупім, то нас папросяць выселіцца, — кажа маладая маці. — Дом плошчай 110 квадратных метраў, ёсць цэнтралізаваная каналізацыя, ацяпленне. А пабудаваць свой мы не зможам — няма каму дапамагаць».
«Сапраўды, па заканадаўстве льготны крэдыт шматдзетным выдаецца не на куплю дома, а на будаўніцтва. Але з улікам гэтай сітуацыі я даручу спецыялістам дадаткова вывучыць пытанне і даць вам адказ. Думаю, на працягу двух тыдняў разбяромся», — паабяцаў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна.
Губернатар уважліва выслухаў кожнага заяўніка. Праблемы адных вырашылі на месцы. Іншым будзе дадзены афіцыйны адказ пазней, паколькі сітуацыя патрабуе дадатковага вывучэння.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.