Вы тут

Каталонскія тэракты адабралі жыцці 14 чалавек


Страшныя навіны прыйшлі з Іспаніі: днём 17 жніўня на галоўнай турыстычнай вуліцы Барселоны Рамбла грузавы мікрааўтобус на хуткасці каля 80 кіламетраў за гадзіну ўехаў у натоўп прахожых. Фургон праехаў каля 600 метраў. Па звестках радыё Cadena SER, загінулі 13 чалавек, больш за 100 пацярпелі, не менш як 15 знаходзяцца ў цяжкім стане. Паліцыя, якая прыбыла на месца здарэння, практычна адразу заявіла, што адбыўся тэракт.


Кіроўца фургона забарыкадаваўся ў найбліжэйшым рэстаране і ўзяў у заложнікі супрацоўнікаў і наведвальнікаў. З ім вяліся перагаворы, аднак пазней стала вядома, што падазраванаму ўдалося ўцячы.

Познім вечарам таго ж дня паліцыя паведаміла пра двух затрыманых. Адзін з іх з'яўляецца грамадзянінам Іспаніі, другі — выхадцам з Марока. Па інфармацыі выдання El Paіs, другога чалавека завуць Дрыс Укабір. На наступны дзень стала вядома аб трэцім затрыманым.

Менавіта Дрыс Укабір быў аб'яўлены ў вышук як непасрэдны выканаўца тэракта ў Барселоне. У фургоне знайшлі дакументы на яго імя. Ён з'явіўся ў паліцыю сам, калі ўбачыў свае фатаграфіі ў СМІ, і заявіў, што яго дакументы былі ўкрадзеныя. У крадзяжы падазраецца 18-гадовы брат Укабіра, Муса.

Праз некаторы час пасля тэракта ў Барселоне стала вядома аб выбуху, які ў той жа дзень адбыўся ў каталонскім горадзе Альканар. У заяве паліцыі сказана, што выбух адбыўся ў працэсе вырабу ўзрыўчаткі. Крыху пазней паліцэйскія заявілі аб наяўнасці доказаў сувязі барселонскага тэракта і выбуху ў Альканары. Таксама з'явілася інфармацыя аб другім выбуху ў гэтым жа горадзе.

Ноччу на 18 жніўня ў каталонскім горадзе Камбрыльс, які знаходзіцца за 120 кіламетраў на паўднёвы захад ад Барселоны, тэрарысты на аўтамабілі зноў выехалі на пешаходную зону і збілі некалькі чалавек, але іх спыніў паліцэйскі кардон. Пацярпелі пяць чалавек, адна жанчына загінула. У выніку перастрэлкі адзін паліцэйскі застрэліў чацвярых тэрарыстаў, яшчэ адзін злачынец у цяжкім стане быў дастаўлены ў шпіталь — пазней стала вядома, што ён памёр у бальніцы. Па звестках паліцыі, магчыма, адзін з забітых у Камбрыльсе быў за рулём фургона, які збіваў людзей у Барселоне.

У іспанскіх праваахоўных органаў ёсць версія, што тэракты падрыхтавала ячэйка з 12 тэрарыстаў.

У твітар-акаўнце Міністэрства замежных спраў Беларусі з'явілася інфармацыя, што сярод пацярпелых у Барселоне беларусаў няма. У паведамленні таксама гаворыцца, што пасольства працягне адсочваць сітуацыю ў Іспаніі. МЗС рэкамендуе беларусам выконваць указанні ўладаў, а таксама звязацца з роднымі і блізкімі. Тэлефон гарачай лініі, адкрытай уладамі Іспаніі: +34902400012. Таксама створана дадатковая гарачая лінія для ўдакладнення інфармацыі аб пацярпелых у выніку тэракта ў Барселоне: +34900400012. У сувязі з тэрарыстычнымі актамі ў Іспаніі ў пасольстве Беларусі ў Мадрыдзе адкрыты тэлефон гарачай лініі: +34645577379.

Вядома, што сярод пацярпелых ёсць адна грамадзянка Расійскай Федэрацыі. Як паведамляе РІА «Навіны», такая інфармацыя была атрымана ў прэс-службе Растурызму. Іспанскія праваахоўныя органы, у сваю чаргу, заявілі аб тым, што ў тэракце загінулі і пацярпелі грамадзяне як мінімум 18 краін — Аўстраліі, Алжыра, Аргенціны, Бельгіі, Венгрыі, Венесуэлы, Германіі, Грэцыі, Ірландыі, Італіі, Іспаніі, Кітая, Кубы, Македоніі, Нідэрландаў, Перу, Румыніі і Францыі.

Адказнасць за тэракт у Барселоне ўзяла на сябе Ісламская дзяржава. Колькасць падобных здарэнняў значна ўзрасла пасля тэракта ў Ніцы ў 2016 годзе. З таго моманту падобным чынам тройчы быў атакаваны Лондан, аднойчы — Парыж, Берлін і Стакгольм.

У Іспаніі абвясцілі трохдзённую жалобу. Учора ў Барселоне адбылася хвіліна маўчання ў памяць аб загінулых. На плошчу Каталоніі прыйшлі тысячы людзей, сярод іх былі прэм'ер-міністр Іспаніі Марыяна Рахой і кароль Філіп VІ. Калі акцыя завяршылася, людзі сталі апладзіраваць і скандзіраваць
«Я не баюся!».

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Фота lenta.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?