Вы тут

Вуглевадародная спакуса


Не так даўно Прэзідэнт ЗША заявіў: «У нас шмат варыянтаў у сувязі з Венесуэлай. І я, дарэчы, не выключаю ваеннага варыянта». Ці сапраўды ЗША могуць пачаць вайну з Венесуэлай для імпарту туды амерыканскай мадэлі дэмакратыі і ці адважацца яны на гэта?


На жаль, шанцы на рэалізацыю такога сцэнарыя ёсць. Як і ў выпадку з уварваннем у Ірак, у Венесуэлы ёсць вялікі прыз для заваёўнікаў — нафта. Пры гэтым ступень спакусы для амерыканскага капіталу яшчэ вышэйшая, чым у выпадку з Іракам — Венесуэла знаходзіцца на першым месцы ў свеце па залежах нафты. Пры падпарадкаванні краіны амерыканскім інтарэсам і эскалацыі яе здабычы барышы могуць быць проста неймавернымі.

Добрай навіной з'яўляецца тое, што ў амерыканскага ўрада ёсць мноства довадаў для таго, каб не пасылаць войскі ў Венесуэлу. Разгледзім іх па ступені значнасці.

Перш за ўсё, мінулі тыя часы, калі Лацінская Амерыка была задворкамі ЗША, дзе яны маглі рабіць усё, што ім уздумаецца. Вялізныя запасы прыродных рэсурсаў і ёмістыя рынкі робяць рэгіён усё больш цікавым для іншых буйных краін. Кітай становіцца ўсё больш важным партнёрам для краін Лацінскай Амерыкі, вялікая прысутнасць і Расіі. Агрэсіўныя паводзіны ЗША ў дачыненні да адной з краін рэгіёна паскораць працэсы пошуку імі партнёраў па-за рэгіёнам, якія змогуць дапамагчы ім абараніцца ад патэнцыйных пагроз з боку ЗША. Такім чынам, уварванне ў Венесуэлу — гэта прамы шлях да паскарэння працэсу страты кантролю над рэгіёнам, які вельмі важны для нацыянальнай бяспекі ЗША.

Амерыканскае ўварванне ў Венесуэлу ніколі не ўдасца правесці праз ААН. Так, у краіне ёсць праблемы. Але такіх краін на карце свету дзясяткі. І да тых з іх, дзе няма запасаў карысных рэсурсаў, важных для бізнесменаў ЗША, Амерыка не праяўляе ніякай цікавасці. На гэтым фоне Расія і Кітай стануць грудзьмі ў Савеце Бяспекі ААН, але не дадуць прыняць рэзалюцыю, якая легітымізуе ваеннае ўварванне амерыканцаў у Венесуэлу. А дзейнічаць без яе азначае ўзнікненне праблем не толькі з сапернікамі, але і з саюзнікамі. Далёка не ўсе краіны ЕС ухваляць такі сцэнарый.

Наступным фактарам з'яўляецца наяўнасць нашмат больш праблемных сітуацый для ЗША, чым Венесуэла, якая на самай справе не стварае выклікаў і пагроз для нацыянальнай бяспекі ЗША. На першым плане сітуацыя з КНДР, якая валодае ядзернымі боегалоўкамі і імкліва ўдасканальвае сістэмы балістычных ракет з тым, каб мець магчымасць атакаваць пры неабходнасці галоўныя гарады ЗША. Якую значнасць маюць для ЗША на гэтым фоне ўнутраныя праблемы ў Венесуэле? Да таго ж, з 2014 года рэзка абвастрыліся стасункі Вашынгтона і Масквы. Пры гэтым ЗША прыходзіцца мець справу з краінай, у якой другі ў свеце па памеры арсенал ядзернай зброі. Штучна раздзімаюцца праблемы з Іранам. Кіраўніцтва Ірана ўсур'ёз абмяркоўвае магчымасць вяртання да ядзернай праграмы, што адменена пасля здзелкі 2015 года, на фоне новых санкцый ЗША, якія ў Тэгеране лічаць парушэннем дамоўленасцяў 2015 года. Нікуды не дзеліся і праблемы з міжнародным тэрарызмам. Поспехі ў барацьбе з Ісламскай дзяржавай на тэрыторыі Ірака і Сірыі не азначаюць, што з ёй не будзе больш праблем у будучыні. Пры наяўнасці ўсіх гэтых выклікаў для нацыянальнай бяспекі ЗША, дарэчы, у большай ступені справакаваных самімі амерыканцамі, Вашынгтон не валодае неабмежаванымі рэсурсамі для рэакцыі на іх.

Наступнай праблемай для ўварвання ў Венесуэлу з'яўляецца той факт, што гэта далёка не бяскрыўдная ахвяра. Венесуэла — гэта не Панама або Грэнада, куды лёгка ўвайсці і ўстанавіць поўны кантроль. Ірак, з падобным па колькасці насельніцтвам, прынёс амерыканцам мноства клопатаў. Не менш можна чакаць і ад Венесуэлы. Тым больш што, у адрозненне ад Ірака, армія Венесуэлы па-сучаснаму добра ўзброеная. Адны толькі кантракты з Расіяй на трынаццаць мільярдаў долараў зрабілі венесуэльскую армію ўладальніцай шматлікіх непрыемных сюрпрызаў для любога патэнцыйнага агрэсара. Сярод іх асабліва небяспечныя для ЗША сістэмы С-300, «Тор», «Пячора», ЗУ-23/30М1-4. Падчас уварванняў апошніх гадоў амерыканцы робяць вялікую стаўку на сучасныя самалёты і верталёты, якія дастаткова ўразлівыя для сучасных расійскіх сістэм узбраення. А кошт асобных амерыканскіх самалётаў даходзіць да паўмільярда долараў, што робіць іх страту адчувальнай. Акрамя Расіі вялізныя пастаўкі зброі ажыццяўляе і Кітай, у якога таксама ёсць чым здзівіць амерыканцаў. Акрамя гэтага, горы і трапічныя лясы таксама робяць Венесуэлу ідэальнай для шматгадовай партызанскай вайны супраць любога захопніка.

З улікам апісаных фактараў, любы дасведчаны ваенны саветнік у Вашынгтоне павінен адгаворваць свой урад ад планаў уварвання ў Венесуэлу.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.