Вы тут

У Браславе з'явіліся ліхтары на сонечных батарэях і святлодыёдах


У горадзе былі таксама мадэрнізаваны і старыя ліхтары: 54 натрыевыя лямпы заменены на святлодыёдныя. Мерапрыемствы праведзены ў рамках праекта «Браслаўскі раён — першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт Беларусі», які рэалізуюць Браслаўскі раённы выканаўчы камітэт і Цэнтр экалагічных рашэнняў пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.


Такія пераўтварэнні дапамогуць зэканоміць электраэнергію: кожная натрыевая лямпа спажывала 150 ват у гадзіну, а новая святлодыёдная — усяго 53. Гэта значыць, што толькі на замене лямпаў Браслаў будзе эканоміць каля 11 731 кілават-гадзіны ў год.

— Акрамя таго, падлічана, што замена лямпаў на святлодыёдныя дазволіць скараціць выкіды СО2 на 10,347 тоны ў год! Для горада, які імкнецца максімальна знізіць выкіды і стаць кліматычна нейтральным, гэта ўпэўнены крок да пастаўленай мэты, — пракаментавала падзею каардынатар міжнароднага праекта ад Браслаўскага райвыканкама Алена Гірон.

Святлодыёдныя ліхтары маюць шэраг іншых пераваг: напрыклад, могуць выкарыстоўвацца даволі працяглы час, не наносяць шкоду навакольнаму асяроддзю, не награваюць прадметы, якія знаходзяцца пад імі, не ствараюць электрамагнітныя перашкоды ў электрычнай сетцы. У рамках міжнароднага праекта была мадэрнізавана частка вулічнага асвятлення — на вуліцах Кастрычніка і Садовай, што складае прыкладна пяць працэнтаў ад усіх гарадскіх ліхтароў. Агульны кошт замены лямпаў на святлодыёдныя склаў 35 тысяч беларускіх рублёў.

Новыя ліхтары на сонечных батарэях патэнцыйна зэканомяць гораду каля 280 кілават-гадзін у год (столькі б энергіі спатрэбілася, калі б яны працавалі ад сеткі, а не ад сонца!).

— Аднак ліхтары на сонечных батарэях устаноўлены ў горадзе не столькі дзеля эканоміі, колькі для папулярызацыі сучасных тэхналогій, у прыватнасці, аднаўляльнай энергетыкі сярод мясцовых жыхароў і турыстаў, — падкрэсліў кіраўнік энергетычнай праграмы Цэнтра экалагічных рашэнняў Дзмітрый Буронкін. — Мы хочам паказаць, што такія тэхналогіі можна паспяхова прымяняць у Беларусі. Акрамя таго, турысты змогуць прывезці з Браслава «кліматычна нейтральныя» фатаграфіі: пляцоўка «Брукаванка» з новымі ліхтарамі, мабыць, адно з самых папулярных у турыстаў месцаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Сонца «свеціць» і ўначы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».