Вы тут

Мясцовыя ўлады расказалі, чым паспрыяюць вяскоўцам у «гарачую пару»


Здалёк ад палёў чуваць водар спелага зерня і нагрэтай саломы — цудоўны для земляроба пах сабранага хлеба. Камбайны шчыруюць ад цямна да цямна, але заязджае тэхніка не толькі на калгасныя землі.


— Уборка збожжа на ўчастках вяскоўцаў — справа знаёмая і звыклая, з ёй мы спраўляліся ўсе гады. Не сказаць, праўда, што колькасць запытаў на тэхніку непад'ёмная, у нашай мясцовасці вялікі зямельны кавалак мала хто мае — стратна. Таму і сёлета не чакаем ажыятажу ні на камбайны, ні на бульбакапалкі, — кажа Уладзімір Гардзей, старшыня Любашаўскага сельскага Савета дэпутатаў Ганцавіцкага раёна.

Па яго словах, большасць жыхароў апрацоўвае зямлю, як гэта яшчэ дзяды рабілі — запрагаюць у плуг коніка. Так нават зручней атрымліваецца, бо трактару на пяці «сотках» развярнуцца няма як. Гаспадарам, якія вырашылі ісці па «тэхналагічным» шляху, дапамагае мясцовая гаспадарка. Попыт на паслугу бывае, звычайна, падчас вясновага цыкла работ. Апрацоўка палёў не бясплатная, расцэнка вагаецца ў межах 2 рублёў за «сотку». Калгасны работнік не толькі ўзарэ зямлю, але і пабарануе, пракладзе рады. Для сваіх механізатараў прадпрыемства выдзяляе ўжо разараны ўчастак, з праведзенымі радамі, а яшчэ выпраўляе трактар, каб падвезці насенне.

Наогул, як заўважае старшыня, жыхары ўсё часцей пачынаюць браць сабе зямельныя ўчасткі. Моладзь асвойвае новыя, прыбытковыя формы заробку. Як варыянт — вырошчваюць ягады. Цяпер «лясны промысел» некаторыя рупліўцы паставілі на паток, а для таго каб апрацоўваць ягаднікі, браць тэхніку ў калгасе няма патрэбы.

Старшыня Шайтараўскага сельскага Савета дэпутатаў Верхнядзвінскага раёна Таццяна Разумная не па чутках ведае, што такое каранцінная зона. У мясцовасці аб'яўлена забарона на свініну з-за хваробы жывёлы на АЧС. Тым не менш размову старшыня пачынае з асноўнага для любой гаспадаркі — зямлі.

— Кожны год у сельсавеце праходзіць інвентарызацыя зямель, перапісваем, колькі «сотак» маюць уласнікі. Бывае, што ў чалавека няма вялікай гаспадаркі, у такім выпадку дзейнічае прынцып «каб пустазеллем не зарастала»: землетрымальнікі перадаюць палі ў агульнае карыстанне. З гэтай акалічнасцю звязана яшчэ адна штогадовая работа — перасоўванне ўчасткаў. Напрыклад, жанчына звярнулася ў сельвыканкам з просьбай перадаць ёй у карыстанне зямлю недалёка ад дома, дзе ёй будзе прасцей яе апрацоўваць.

Трымаць на падвор'і свіней на тэрыторыі сельсавета нельга, таму мясцовы сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў прадае людзям бычкоў або, наадварот, купляе ў гаспадароў рагатую жывёлу. Маладыя сем'і ўсё часцей набываюць не адну, а адразу некалькі кароў. Для такіх уласнікаў калгас нават прапануе растэрміноўку на шэсць месяцаў. Па ініцыятыве старшыні СВК Міхаіла Гумнянкова наладжаны выпас для кароў уласнікаў.

Каб гадаваць буйную жывёлу, патрэбна зерне. Кожны год сельвыканкам вядзе статыстыку па ўборачнай, старэйшыны на вёсках складаюць спіс тых, каму патрэбна дапамога тэхнікай. Па калектыўнай дамове работнікі гаспадаркі аплачваюць толькі палову затрат ад апрацоўкі зямлі тэхнікай прадпрыемства. Такі ж самы «палавінчаты тарыф» дзейнічае і для іншых жыхароў сельсавета. Можна напісаць заяву, каб калгас правёў севазварот уласнымі сіламі. За пэўную плату СВК пасее, збярэ ўраджай, пачысціць і высушыць зерне, а потым аддасць яго заказчыку.

Пра вынікі ўборачнай у мінулым часе гаворыць Валянціна Кірыенка, старшыня Жгунскага сельскага Савета дэпутатаў Добрушскага раёна:

— У нашай мясцовасці збожжавыя культуры сабраныя поўнасцю. Як кажуць у народзе, надвор'е і прырода паспрыялі — зерне не трэба было нават сушыць. Напэўна, таму і зваротаў у гаспадарку было нямнога, сушылка людзям аказалася непатрэбная, а прасеяць ураджай гаспадары стараюцца ўласнымі сіламі. Калі наогул гаварыць пра апрацоўку зямлі, то работа «на кані» адыходзіць у мінулае. На многіх падвор'ях цяпер стаяць мотаблокі, тыя, хто не можа сабе дазволіць падобную тэхніку, карыстаюцца прапановамі ўласнікаў. Аднавясковец на мабільным трактарчыку дапаможа і пасадзіць, і сабраць тое, што вырасла на полі.

Як адзначае Валянціна Кірыенка, вострых пытанняў па ўборцы сёлета не было, і адсюль робіць выснову, што ў гаспадарцы пакуль нікому не адмовілі з дапамогай. Для пенсіянераў арганізаваны выезд камбайна і трактара, каб змалочанае зерне адразу даставіць на падворак. Асобныя грамадзяне заходзяць у сельвыканкам дазнацца, якім чынам можна купіць зерне, атрымліваюць тлумачэнні і накіраванне да старшыні калгаса.

Амаль поўнасцю за гэтыя выхадныя скончана ўборка збожжа і ў асобных сельсаветах Лідскага раёна.

— Людзі ведаюць, што спачатку ўсе сілы ідуць на ўборку масіва збожжа, і толькі калі будзе ўпарадкавана каля 75 працэнтаў ад агульных сельгасугоддзяў, камбайны заадно пачнуць выязджаць на палі вяскоўцаў. Брыгадзіры аддзяленняў СВК у рабочым парадку складаюць спісы для кіраўніцтва з імёнаў тых, хто мае зямельны ўчастак, — расказвае Валянцін Астравец, старшыня Тарноўскага сельскага Савета дэпутатаў.

Набыць гатовае зерне у калгасе складана, непадалёк знаходзіцца зернеперапрацоўчае прадпрыемства, так што лішкаў збожжа амаль не бывае. Затое механізатары могуць атрымаць зерне як меру заахвочвання. А гаспадары-ўласнікі звяртаюцца ў калгас, калі хочуць прагнаць ураджай цераз сушылку.

Старшыня таксама згадаў восеньскую дапамогу, калі сельвыканкам садзейнічае ў выдзяленні гародніны для адзінокіх і непрацаўладкаваных людзей. Грамадзянам бясплатна падвозяць бульбу, моркву, сталовыя буракі, капусту.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: З хлебам і да хлеба

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.