Вы тут

Сто гадоў таму нарадзіўся народны паэт Пімен Панчанка


«Звычайнае сонца звычайна ўзышло...» Гэты радок нездарма згадваецца менавіта сёння. Быў такі ж звычайны дзень. Ішла Першая сусветная вайна, бацькі будучага творцы, бедныя сяляне, жылі ў эстонскім Рэвелі (сёння Талін), дзе апынуліся ў пошуках заробку і дзе з'явіўся на свет таленавіты хлопчык.


Міхась Будавей. Партрэт Пімена Панчанкі, 1982 г.

Імя Пімена Панчанкі нам знаёмае са школьных падручнікаў па беларускай літаратуры, але сама постаць бачыцца не такой яркай. Каб зрабіць саму асобу паэта больш запамінальнай, расказаць пра адметныя старонкі яго жыццёвага шляху, супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры падрыхтавалі выстаўку «Пімен Панчанка. Кніга вандраванняў і любові...». Яе ўрачыстае адкрыццё пройдзе сёння ўвечары. Таксама сумесна з Белпоштай і Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі музей правядзе цырымонію гашэння юбілейнай маркі і канверта. Але, бадай, самай вялікай неспадзяванкай для прыхільнікаў літаратурнага таленту Пімена Емяльянавіча будзе тое, што ён быў шчырым заўзятарам мінскага «Дынама». Таму адмыслова для юбілею клуб падрыхтаваў майку ганаровага балельшчыка з нумарам «100».

Шлях паэта і расказ пра яго на стэндах і ў невялічкай экспазіцыі пачынаецца з 1917 года, калі ён нарадзіўся. Фотаздымкаў бацькоў, на жаль, захавалася не так многа. Гэта выявы толькі 1960-х гадоў, цытуецца верш «Шапка эстонца», які сімвалізуе месца яго з'яўлення на свет, ідзе гаворка пра першы паэтычны зборнік «Упэўненасць». Спынімся на самых яркіх і знакавых момантах выстаўкі.

Партрэт

Увагу наведвальніка, безумоўна, прывабіць партрэт паэта работы Міхася Будавея. Гэта дыпломная работа мастака, якую ён зрабіў у 1982 годзе.

— У фондах нашага музея ёсць яшчэ некалькі работ творцы з гэтай серыі. Выява Янкі Брыля, якую вельмі любіў сам пісьменнік, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча. Сёння вельмі складана знайсці маляваныя партрэты Пімена Панчанкі, ды і ўвогуле адказаць дакладна, ці ёсць яшчэ нейкія з такіх работ, — кажа загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Вольга ГУЛЕВА. — Унучка Кацярына ўспамінала, што яе дзядулю маляваў Міхась Савіцкі, але саму работу ніхто не памятае.

Лісты

Акуратненькі почырк Петруся Броўкі, крыху дзіцячы і наіўны — на паштоўцы ад Эдзі Агняцвет. На выстаўцы можна пабачыць як лісты, паштоўкі, адрасаваныя самому Пімену Панчанку, так і яго допісы бацькам і сябрам.

— А вось які цікавы ліст-цыдулку ён напісаў свайму суседу Сяргею Законнікаву ў пачатку 1990-х: «Дасылаю табе свае апошнія вершы. Хочаш друкуй, хочаш — бракуй. Вершаў больш пісаць не буду. Салют!», — зачытвае з усмешкай Вольга Гулева.

Па почырку творцы мы можам нейкім чынам прасачыць і яго душэўны стан. Роўныя літары, выведзеныя цвёрдай рукой маладога і моцнага Панчанкі, у апошняе дзесяцігоддзе ператварыліся ў ледзь чытэльныя значкі: з-за хваробы рука паэта амаль не працавала.

Асабістыя рэчы, рукапісы, кнігі ў музей гісторыі беларускай літаратуры некалі перадала жонка паэта Зоя Кірылаўна, але экспанаты, звязаныя з імем гэтага творцы, можна знайсці і ў фондах іншых пісьменнікаў: шмат з кім ён ліставаўся, падпісваў кнігі, рабіў сумесныя фотаздымкі, разам працаваў, бываў у рэдакцыях.

Дарэчы, наша газета таксама пэўным чынам паўплывала на лёс выдатнага паэта. Ён, равеснік «Звязды», неаднаразова прызнаваўся, што з задавальненнем чытае выданне. А вось рэдакцыйная вечарына творчай моладзі, дзе Панчанка паказваўся са звяздоўцамі, паспрыяла і больш блізкаму сяброўству з яшчэ адным выдатным паэтам — Максімам Танкам. Дарэчы, пра тую гістарычную вечарыну ў адным з інтэрв'ю Панчанка распавядаў: «Са мной здарыўся даволі кур'ёзны выпадак: няўдала павярнуўся і перакуліў на стол бутэльку віна. Так збянтэжыўся!»

Ведаў Панчанка і Янку Купалу, яны пазнаёміліся ў цягніку. Пімен Емяльянавіч ехаў у Мінск па службовых справах, сустрэў Петруся Броўку, і той сказаў, што ў гэтым цягніку Купала едзе, запрасіў да яго ў купэ. А паколькі было вядома, што Купала заўсёды з прыязнасцю ставіўся да маладых творцаў, то не пасаромеліся патурбаваць мэтра. «Пачаставаў нас віном — «За знаёмства!», — прыгадаў неяк Панчанка.

Рэчы і фотаздымкі

У невялікай экспазіцыі можна пабачыць сувеніры, якія паэту дарылі сябры. Лялькі ў нацыянальных строях, пакаёвы тэрмометр у выглядзе Еmріrе Stаtе Buіldіng, аловак, які па стылі нагадвае рог экзатычнай жывёлы.

— Ёсць у фондах і адмысловы каляндар, якім шмат гадоў карыстаўся Панчанка, — кажа спадарыня Вольга. — Для прадстаўлення на банерах з перасоўнай экспазіцыі мы спецыяльна адгарнулі на календары той дзень, калі нарадзіўся паэт, — 23 жніўня 1917 года. Гэта быў чацвер.

А вось фотаздымкі паэта, зробленыя ў розныя гады ў розных мясцінах і пры розных абставінах, можна аб'яднаць агульнай рысай. Яны свецяцца сапраўднай шчырай цеплынёй яго позірку і ўсмешкі.

Ды і іншыя калегі па пяры, якіх мы зазвычай памятаем з сур'ёзнымі тварамі і засяроджаным позіркам, нібыта паддаюцца гэтаму ўплыву і таксама пачынаюць усміхацца.

— Напэўна, Панчанка ўсё ж быў шчаслівым чалавекам, — задуменна прамаўляе Вольга Гулева, разглядаючы фота з экспазіцыі. І я з ёй цалкам згодная. Калі ўсмешкай, выразам твару можна падмануць аб'ектыў дзеля стварэння патрэбнага вобраза, то вачыма не падманеш ніколі. Ды і навошта гэта патрэбна, калі ёсць яшчэ і гранічная шчырасць паэзіі?

Панчанка паедзе за мяжу?

— Нашы выставачныя праекты арыентаваныя на зручнае перамяшчэнне ў розныя краіны і гарады, — кажа дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцер ЯЦКЕВІЧ. — Ёсць дагаворы аб прадстаўленні гэтай экспазіцыі на радзіме паэта, у Таліне, выстаўка «наведае» і Маскву. Фактычна ўсе перасоўныя праекты, якія мы падрыхтавалі, сёння вандруюць па Беларусі і замежжы. Працягваецца выстаўка ў Яраслаўскай вобласці, прысвечаная Максіму Багдановічу; экспазіцыя, якая расказвае пра Рыгора Барадуліна, падарожнічае па Латвіі; пра Васіля Быкава — па Эстоніі. Хутка выстаўка з музея Петруся Броўкі завітае ў Кіеў. Думаецца, мы прадоўжым гэтую традыцыю.

Наша задача — апавесці больш пра постаці паэтаў, пра якіх мы сёння не так і многа ведаем. Нават я сам згадаю не так шмат фактаў пра Пімена Панчанку, хоць некалі вучыўся ў той школе ў Кіраўску, дзе ён працаваў настаўнікам у 1930-я гады. Свае першыя творчыя крокі ён зрабіў менавіта на Магілёўшчыне, дзе пачаў працаваць яшчэ 16-гадовым юнаком. Спачатку быў настаўнікам, а потым загадчыкам пачатковай школы. Іншыя бакі асобы Пімена Панчанкі нас таксама яшчэ ўразяць. Напрыклад, адзін з іх — сувязны паміж краінамі і народамі. Неаднаразова перакладаўся на ўкраінскую мову і быў правадніком украінскай культуры ў Беларусі. Перакладаўся на туркменскую, а сёлета яго ўнікальны паэтычны «Іранскі дзённік» зацікавіў прадстаўнікоў пасольства Ірана ў Беларусі.


Пімен ПАНЧАНКА

* * *

А страціць годнасць — невыносна,

Які б ні быў там дабрадзей...

Глядзіце знізу ўверх на сосны,

На воблакі.

Не на людзей.

 

А калі вас уздыме слава,

Аб гэтым думайце радзей...

Глядзіце зверху ўніз на травы

Ці на ваду.

Не на людзей.

1975

Марына ВЕСЯЛУХА

vеsіаluhа@zvіаzdа.bу

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: «Звычайнае сонца звычайна ўзышло...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?