Вы тут

На другасным рынку жылля сталіцы пачаўся так званы студэнцкі бум


Новы навучальны год ужо зусім блізка, таму мы вырашылі даведацца, як гэта паўплывала на рынак доўгатэрміновай арэнды жылля, і на што цяпер можна разлічваць кватарантам і ўласнікам свабодных метраў.


Старшакурснікі выбіраюць перыферыю

— Штогод, у апошнія месяцы лета, вялікая частка запытаў на арэнду кватэры паступае ад студэнтаў і іх бацькоў. Не стаў выключэннем і гэты год, — расказвае намеснік начальніка аддзела арэнды жылля агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Юлія Іванова. — Студэнты старшых курсаў здымаюць кватэры самастойна, складаючы дагавор на саміх сябе, а для студэнтаў пачатковых курсаў гэта, як правіла, робяць іх бацькі.

Для студэнтаў першых курсаў пры пошуку важна, каб кватэра была як мага бліжэй да навучальнай установы. І іх можна зразумець — бо і бацькі, і самі наваспечаныя студэнты яшчэ слаба арыентуюцца ў сталіцы. Але тыя, хто ўжо не першы год у Мінску, здагадваюцца, што пры наяўнасці ў крокавай даступнасці прыпынку грамадскага транспарту, не кажучы ўжо пра метро, у любую кропку сталіцы можна дабрацца ў самыя кароткія тэрміны без істотных цяжкасцяў. Менавіта таму старшакурснікі ў першую чаргу арыентуюцца на суадносіны цаны і спажывецкіх якасцяў кватэры, а не на яе месцазнаходжанне адносна навучальнага корпуса. Але ў любым выпадку цікавыя прапановы кватэр па суадносінах «цана — якасць» з мікрараёна Шабаны іх не цікавяць — для студэнтаў гэта ўжо іншы горад.

У моладзі ўсё большай папулярнасцю карыстаецца фармат «калектыўнай арэнды», калі адна кватэра здымаецца для пражывання некалькіх чалавек. Гэта можа быць аднапакаёвая для двух ці двухпакаёвая для трох ці чатырох чалавек. Такая тэндэнцыя на сталічным рынку назіралася ўжо летась, але яна хутчэй мела ўстойлівы характар, калі кампаньёны шукалі кватэру самастойна.

Цяпер група студэнтаў смела заказвае сабе пэўнае жыллё праз агенцтва нерухомасці і ўжо нічога не баіцца. Не скажаш, што ўласнікі кватэр ахвотна ідуць на такое засяленне, але і катэгарычна «не» не гавораць. Як правіла, кансенсус знаходзіцца за кошт некаторага ўзняцця кошту арэнды. Напрыклад, калі аднаму чалавеку аднапакаёўка здавалася б за 180 долараў, то для некалькіх студэнтаў уласнікі часта ўжо просяць 200 «зялёных».

Гістарычны мінімум

Ёсць меркаванне, што ў свеце ўсё цыклічнае. Вось і цяпер кошт доўгатэрміновай арэнды кватэр у Мінску апусціўся да ўзроўню 12-гадовай даўнасці, а дакладней, лета 2005-га.

З надыходам стабільнага 2017-га арэндадаўцы спадзяваліся на спыненне зніжэння ставак арэнды, але гэтага не адбылося — паводле звестак нерухомасці «Твая сталіца», за першае паўгоддзе кошт арэнды кватэр у Мінску знізіўся яшчэ ў сярэднім на 7% да ўзроўню 180 долараў за аднапакаёвую, 220 долараў за двухпакаёвую і 250 долараў за трохпакаёвую кватэру. Як адзначаюць сталічныя аналітыкі, апошні раз падобны ўзровень цэн адзначаўся ў 2005 годзе.

Аднак у той час і даходы ў людзей былі зусім іншыя. Напрыклад, сярэдняя намінальная налічаная заработная плата беларуса летам 2005 года складала каля 230 долараў. Такім чынам, пасля аплаты за арэнду аднапакаёвай кватэры ў кватаранта заставалася толькі трэць ад заработнай платы, а двухпакаёвай — толькі 9%. І гэта без уліку кошту камунальных плацяжоў. А калі б сярэднестатыстычны беларус вырашыў арандаваць трохпакаёвую кватэру, то яму прыйшлося б для яе аплаты браць крэдыт.

У цяперашні час, сярэдняя намінальная налічаная заработная плата практычна ўдвая большая, а менавіта прыкладна 420 долараў. Прытрымліваючыся ранейшай методыкі разлікаў, можна канстатаваць, што летам 2017-га сярэднестатыстычны беларус можа на адну такую зарплату арандаваць не толькі аднапакаёвую, але нават і трохпакаёвую кватэру, і пры гэтым у яго будзе заставацца мінімум 40% ад заработнай платы.

Рэальныя цэны

Па цэнніку 170—190 долараў знайсці можна аднапакаёвую кватэру стандартнай якасці практычна ў любым раёне горада. Гэта будзе жыллё з нестарой мэбляй, бытавымі прыборамі, і калі пашанцуе — з пральнай машынай. Зразумела, што мінімальныя цэны кватэр знаходзяцца на ўзроўні 150 долараў для аднапакаёвых, 190 долараў для двухпакаёвых і 210 долараў для трохпакаёвых. Але трэба разумець, што за гэтыя сумы можна разлічваць у лепшым выпадку толькі на пустую кватэру, якая патрабуе правядзення тэрміновага касметычнага рамонту.

У жніўні-верасні найбольшай папулярнасцю карыстаюцца аднапакаёвыя кватэры — на іх долю прыпадае больш за палову ўсіх запытаў ад арандатараў. Двух- і трохпакаёвыя кватэры запатрабаваныя значна менш — іх доля ў попыце 30% і 20% адпаведна.

«Люксаў» не хапае

З асаблівасцяў бягучага перыяду можна назваць недахоп шматпакаёвых кватэр «Прэміум» і «Прэміум-Люкс» класаў. У апошнія гады ў Мінск усё часцей сталі прыязджаць замежныя грамадзяне (прадстаўнікі кампаній, бізнесмены), якія для пражывання шукаюць сучасныя камфартабельныя і цалкам укамплектаваныя мэбляй і бытавой тэхнікай кватэры. У іх разуменні гэта павінна быць кватэра з двума або больш пакоямі, якая размяшчаецца ў новым сучасным доме, пажадана як мага бліжэй да цэнтра горада ці на асноўных вуліцах. Часам падобныя арандатары згаджаюцца на па-дызайнерску ўладкаваныя «сталінкі», але ў большасці выпадкаў, нават калі ім падабаецца сама кватэра, то ўсё ўражанне псуе стан пад'езда такіх дамоў.

Парада ад падаткавікоў і практыкаў

Нягледзячы на магчымую спешку ў пошуку кватэры, я параіў бы ўсім кватарантам і гаспадарам не забываць заключаць дагавор арэнды і прапісваць у ім усе важныя моманты: такія, як стан кватэры, наяўнасць мэблі і бытавой тэхнікі. А таксама правільна афармляць унясенне страхавога дэпазіту. Але канкрэтна аб тым, як гэта рабіць, мы пагаворым пазней.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.by

Загаловак у газеце: У фармаце калектыўнай арэнды

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».