Вы тут

Гаючыя крыніцы Магілёўшчыны


На Магілёўшчыне ёсць нямала мясцін, якія прывабліваюць падарожнікаў. У вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна турыстаў чакае шыкоўны палац князёў Булгакаў — помнік архітэктуры позняга класіцызму, які выдатна захаваўся да нашага часу. Гэты палац лічыцца адным з самых вялікіх на Беларусі! Паломнікі добра ведаюць Свята-Успенскі манастыр, заснаваны ля цудадзейнай крыніцы мсціслаўскім князем Лугвенам, сынам вялікага князя Альгерда. У савецкі час манастыр быў амаль разбураны, але пачынаючы з 2003 года большасць манастырскіх будынкаў адрэстаўравана.

Многія вёскі і мястэчкі Магілёўшчыны маюць даўнюю гісторыю, а значыць, тут таксама можна адшукаць цікавыя напаміны пра наша мінулае.


Пятніцкая крыніца ў Палыкавічах

1. Выдранка (Краснапольскі раён)

Вёска Выдранка знаходзіцца на беразе рэчкі Каўпіты, і людзі жылі тут яшчэ ў далёкай старажытнасці. Сведчанне гэтага — Выдранскае гарадзішча, выяўленае напрыканцы ХІХ стагоддзя. Археолагі сцвярджаюць, што людзі пасяліліся тут яшчэ ў раннім жалезным веку. Гарадзішча знаходзіцца па правым беразе ракі, а на левым, каля вёскі, можна агледзець курганны могільнік, дзе налічваецца больш за 50 насыпаў. Ёсць у Выдранцы і знакамітая крыніца з чысцюткай вадой.

Зорным часам Выдранкі было ХІХ стагоддзе. Калі Выдранскі маёнтак трапіў да пана Ягора Бараноўскага, то стаў адным з культурных цэнтраў рэгіёна. У Бараноўскага быў прыгожы палац, а ў ім — вялізная бібліятэка, дзе захоўвалася каля 10 тысяч кніг. Выдранская бібліятэка лічылася адной з найбуйнейшых у Еўропе.

У 1918 годзе бальшавікі разрабавалі палац і пачалі раздаваць бібліятэку мясцовым сялянам. Многія кнігі былі ўратаваны, і некаторыя з іх знаходзяцца цяпер у Нацыянальнай бібліятэцы, але больш за ўсё ў асабістых калекцыях. Гэтыя кнігі можна пазнаць па экслібрысе, дзе напісана «Бараноўскі. Выдранка». Адзін з экслібрысаў (з выявай баброў) для Бараноўскага распрацаваў мюнхенскі мастак Бота Шміт.

Ягор Бараноўскі — губернатар Саратава і Уфы, вядомы абаронца сялян — меў дачку Марыю. Яна і стала апошняй гаспадыняй Выдранскага маёнтка. Сяляне згадвалі яе як добрую, гаспадарлівую пані. На яе грошы ў 1905 годзе была пабудавана драўляная царква па плане знакамітага архітэктара Барталамеа Растрэлі. Асвяцілі царкву ў гонар Дзмітрыя Салунскага. Царква дзейнічала і падчас другой сусветнай вайны за фашыстамі, і ў ліхалецце за камуністамі.

У адной з Выдранскіх цэркваў святаром быў Іван Кернажыцкі. На пачатку ХХ стагоддзя ў яго нарадзіўся сын Кастусь, які стаў вядомым беларускім гісторыкам.

2. Вейна (Магілёўскі раён)

У Сярэднявеччы гэтая вёска звалася Вена. У Вялікім Княстве Літоўскім слова «вена» азначала матэрыяльнае забеспячэнне жонкі маёмасцю мужа. Першая згадка пра вёску адносіцца да 1560 года. Тады праводзілі рэвізію Магілёўскай воласці і ў інвентары пералічылі 25 населеных пунктаў, сярод якіх згадваецца і Вена. У сяле налічвалася аж 112 дымоў. На тыя часы гэта было вялізнае паселішча, цэнтр войтаўства, якому падпарадкоўваліся навакольныя вёскі.

З архіўных дакументаў вядома, што Вейнаўскі маёнтак у XVІ ст. быў падораны Кіева-Пячэрскаму манастыру. Манахі Кіева-Пячэрскай лаўры здавалі яго ў арэнду Магілёўскаму замку.

 Галоўная славутасць вёскі — царква, асвечаная ў гонар Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы. У 1760 годзе вейнаўскія ўніяты на месцы старой драўлянай царквы пачалі будаўніцтва новага мураванага храма. Гэтая царква ўнікальная, вельмі прыгожая, усе вуглы тут паўкруглыя. Уніяцкія дойліды вучыліся ў еўрапейскіх навучальных установах, былі выдатнымі майстрамі, таму імкнуліся адыходзіць ад шаблонаў і будаваць адметныя храмы.

3. Гарадок (Глускі раён)

На вуліцах Гарадка.

Адразу гэтае паселішча звалася Глускам. Пасля — Старым Глускам. Потым — Глускам Пагарэлым. І толькі на пачатку XIX стагоддзя на картах з’явіўся сённяшні Гарадок.

Кажуць, гэтае паселішча ўзнікла яшчэ ў XII — XIII стагоддзях, на тым месцы, дзе зліваюцца рэкі Красная і Пціч. У летапісных крыніцах Глуск згадваецца ў XV стагоддзі. Тады ў цэнтры Глускай воласці стаяў драўляны замак, уладальнікам якога быў князь Юрый Гальшанскі.

У першай палове XV стагоддзя Глуск належаў адразу і Астрожскім, і Гальшанскім. Хутка ім стала цеснавата. Тады Юрый Іванавіч Гальшанскі-Дубровіцкі вырашыў ніжэй па цячэнні Пцічы пабудаваць новы замак, які таксама назвалі Глускам. А каб не блыталі два Глускі, новы Глуск атрымаў назву Глуск-Дубровіцкі (менавіта ён сёння лічыцца раённым цэнтрам). Ранейшы замак пачалі зваць Глускам Старым.

У 1814 годзе, калі паселішча ўжо насіла назву Гарадок, тут пачалі на намоленым месцы будаваць новую царкву. Ініцыятарамі будаўніцтва былі шляхцічы Жылінскія. Кажуць, такім чынам яны вырашылі ўшанаваць памяць землякоў, якія ўдзельнічалі ў вайне 1812 года. Асвяцілі храм у гонар Казьмы і Дзям’яна. Цяпер Казьмадзям’янаўская царква лічыцца помнікам драўлянага дойлідства пачатку XIX стагоддзя.

У 1846 годзе Гарадок атрымлівае статус мястэчка. А незадоўга да гэтай знамянальнай падзеі, у 1840 годзе, у суседнім маёнтку Калацічы на-радзіўся шляхціч Альгерд Абуховіч, будучы пісьменнік.

4. Мілаславічы (Клімавіцкі раён)

Мілаславічы — адно з найстаражытнейшых паселішчаў Клімаўшчыны. Яно знаходзіцца ў бойкім месцы і здаўна было цэнтрам войтаўства. У 1830 годзе гэта быў цэнтр воласці, тут працавалі тры вадзяныя млыны, маслабойня, хлебазапасны магазін. Быў добра развіты кавальскі промысел. Два разы на год у Мілаславічах ладзілі кірмашы.

У 1887 годзе ў мястэчку была пабудавана праваслаўная царква, асвечаная пад тытулам Ушэсця Гасподняга. Падчас другой сусветнай вайны на пачатку жніўня 1941 года ля мястэчка быў моцны бой. Царква была пашкоджана, але яе адрамантавалі, і ўсю вайну тут ішлі набажэнствы. Пасля ж другой сусветнай вайны храм ператварылі ў калгасны склад і давялі да амаль поўнага разбурэння. Узняў царкву з руін нямецкі пратэстант Адам Троер. Ён наведваў сем’і дзяцей, якія былі на аздараўленні ў Германіі пасля Чарнобыльскай трагедыі, і вырашыў дапамагчы братам-хрысціянам. Урачыста асвяцілі царкву Ушэсця Гасподняга 23 мая 2004 года.

Гучныя падзеі адбываліся ў Мілаславічах у 1917 годзе. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі тут быў створаны рэўкам. Але не ўсім спадабалася новая ўлада, і ў мястэчку ўспыхнула антыбальшавіцкае паўстанне, якое ўзнялі сыны міласлаўскага памешчыка Арлова. Гэта браты Уладзімір і Цімафей Арловы, а таксама гаспадар млына Фадзей Лукашэнка.

Паўстанцы выгналі з Мілаславіч усіх рэўкамаўцаў. Як пісала «Магілёўская праўда», мілаславіцкія бальшавікі далі тэлеграму ў Маскву да Леніна, і той загадаў, каб з Рослаўля прыслалі зброю і падмогу, што і было зроблена. Пасля баёў атрад братоў Арловых пакінуў Мілаславічы, яго далейшы лёс нам невядомы.

5. Благавічы (Чавускі раён)

Мясціна гэтая ў летапісах згадваецца ўпершыню ў 1560 годзе. Калісьці тут праходзіў старажытны шлях на Маскву. Месца было балоцістае, благое, і кажуць, што ад гэтага і пайшла назва паселішча. Ёсць у Благавічах старажытныя помнікі гісторыі — напрыклад, курган на ўскрайку вёскі, на якім ляжыць каменны крыж.

Калі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Благавічы апынуліся ў Расійскай імперыі, то вёска стала ўласнасцю Івана Рымскага-Корсакава, фаварыта імператрыцы Кацярыны ІІ. Напрыканцы XVIII стагоддзя Іван Мікалаевіч пабудаваў у вёсцы царкву, але праз стагоддзе храм ужо не змяшчаў шматлікіх вернікаў. Мясцовыя жыхары напісалі ліст да цара Мікалая ІІ, каб той вылучыў грошы на пабудову новай цаглянай царквы. Станоўчы адказ быў дадзены толькі праз 6 гадоў. План храма на 700 чалавек распрацаваў епархіяльны архітэктар Камбураў — у старажытнарускім стылі са званіцай. Царква была цёплая. Каб узімку прыхаджане не мерзлі, было зроблена 6 унутраных грубак. У 1904 годзе храм быў асвечаны ў гонар Мікалая Цудатворца і выдатна захаваўся да нашага часу.

6. Палыкавічы (Магілёўскі раён)

За вёскай Палыкавічы на правым беразе Дняпра знаходзіцца гарадзішча з дзвюма пляцоўкамі і складанай сістэмай умацаванняў. Напярэдадні другой сусветнай вайны археолагі знайшлі тут фрагменты глінянага посуду, жалезныя наканечнікі стрэл, лязо сякеры, касцяныя шылы і іголкі. Спецыялісты зрабілі выснову, што людзі прыйшлі сюды па Дняпры і пасяліліся тут яшчэ ў жалезным веку, у І тыс. да н.э.

У летапісы вёска трапіла ў 1501 годзе (паселішча тады мела назву Палуйкавічы). У канцы XVІІ стагоддзя ў Палуйкавічах размяшчаўся палац шляхціча Казіміра Сініцкага — вельмі прыгожы, вымаляваны, з балясамі, заламі, брамамі... Але Сініцкі тут адпачываў нядоўга, будынак быў знішчаны падчас Паўночнай вайны

Пад канец ХІХ стагоддзя ў Палыкавічах пражывала каля 1000 жыхароў — гэта быў цэнтр воласці. Тут дзейнічала шпалерна-запалкавая фабрыка, цэхі па пляценні кошыкаў, цагельня. У 96 дварах выраблялі льняную тканіну. Была ў Палыкавічах і царква, дзе захоўваўся загадкавы летапіс Отмунцкага прыхода. З летапіса можна было даведацца шмат цікавага пра гісторыю вёскі, але падчас другой сусветнай вайны ён быў страчаны.

Палыкавічы з даўніх часоў славіліся святой крыніцай. Гэтая крыніца завецца Пятніцкая, бо названа ў гонар святой Параскевы Пятніцы — апякункі дзяўчат, жанчын і шлюбу. Лічылася, што кожная дзяўчына, жанчына павінна прыйсці да крыніцы ў пятніцу пешшу. Мужчыны ж прыязджалі забіраць сваіх матуль, сясцёр і жонак дахаты. У такія дні працаваў паром, дзейнічаў кірмаш, збіраліся старцы, спявалі псалмы. Паломніцы куплялі шклоўскія абаранкі і адорвалі старцаў.

Каля крыніцы заўсёды стаяла капліца. За Саветамі яе не стала, а пасля ліхалецця людзі, у асноўным жанчыны, пачалі хадзіць па хатах і збіраць грошы на храм. У 2000 годзе Палыкавіцкая капліца была асвечана ў гонар святой пакутніцы Параскевы Пятніцы.

Юрый ЖЫГАМОНТ

Фота з сайта http://galeneastro.livejournal.com.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.