Вы тут

Прэзідэнт правёў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў


Аляксандр Лукашэнка ўжо правёў нарады з палітычным — Адміністрацыя Прэзідэнта — і сілавым штабамі краіны. Учора настала пара эканамічнага штаба, прадстаўленага ўрадам. Пытанні ўзнімаліся самыя розныя — ад традыцыйнага «трыа» сацыялкі (цэны — занятасць — зарплаты) і ўборкі ўраджаю да выканання спецыяльных даручэнняў кіраўніка краіны па развіцці прамысловасці і сельскай гаспадаркі.


Фота БЕЛТА.

Аператыўнасць і тактыка

Як ужо планавалася раней, падобныя мерапрыемствы, своеасаблівыя рабочыя сустрэчы кіраўніка краіны са штабамі, адказнымі за розныя кірункі бяспекі краіны, павінны праходзіць штоквартальна.

— Хачу папярэдзіць і прэм'ер-міністра, і ўсіх прысутных, што гэта не мае нічога агульнага са справаздачай урада перад Прэзідэнтам, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Справаздача запланавана і будзе ў свой час. Такія нарады будуць насіць, можна сказаць, амаль аператыўны характар. У сувязі з гэтым і пытанні на нарадзе будуць разглядацца тактычнага характару.

Даволі часта ў розных ведамстваў узнікаюць пытанні, сітуацыі, якія хацелася б абмеркаваць з кіраўніком краіны. Але, безумоўна, гэта не заўсёды рэальна.
А вось такога кшталту аператыўныя сустрэчы якраз і прызваныя вырашыць гэтую праблему.

— Я на падобнай нарадзе гатовы адказваць на пастаўленыя пытанні і прымаць па іх пры неабходнасці рашэнні, — заявіў Прэзідэнт. — Сёння мы абмяркуем актуальныя пытанні, што ўваходзяць у кампетэнцыю кіраўніка ўрада.

Каб цэны не «танцавалі»

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што развіццё эканомікі прадвызначае стан сацыяльна-палітычнай абстаноўкі, матэрыяльнага дабрабыту людзей:

— Таму ад адказных службовых асоб урада я хацеў бы сёння пачуць, па-першае — адным радком, — як спрацавалі галіны эканомікі ў першым паўгоддзі і якія рэальныя магчымасці выканання гадавых прагнозаў. Невялікі — каля працэнта — рост нібыта ёсць, але наколькі стабільны гэты рост і якая будзе ў гэтым плане дынаміка?

Прэзідэнт пацікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні па кантролі за цэнамі ў краіне.

— З аднаго боку, інфляцыя знаходзіцца ў рамках, нашмат ніжэйшых за прагноз, — і гэта добра. Аднак з іншага боку, людзі скардзяцца, што цэны адкрыта «танцуюць» па асобных пазіцыях. Напрыклад, па леках, нават па асобных хлебабулачных вырабах. Няхай няшмат, але такія ваганні ў наяўнасці.

Якая сітуацыя на рынку працы? Прэзідэнт нагадаў, што яшчэ ў мінулым годзе дамаўляліся: на кожнае скарочанае працоўнае месца павінна быць створана новае, высокапрадукцыйнае.

— Але ў нас па-ранейшаму прадпрыемствы працягваюць больш звальняць, чым прымаць на працу, — звярнуў увагу ён. — Прынамсі, па той інфармацыі, якой я валодаю. У чым справа? Яшчэ больш нявызначаная сітуацыя з прадпрыемствамі, якія закрываюцца. Куды ідуць людзі? На паперы новыя працоўныя месцы нібыта і ствараюцца, а на справе — суцэльнае ашуканства. Калі гэта не так, хацелася б пачуць адказ на гэтае пытанне. Як мяне інфармуюць, лік занятых у эканоміцы скарачаецца.

Як заўсёды, вялікае значэнне надаецца заработнай плаце. Прэзідэнт спытаў, як урад адрэагаваў на яго даручэнне звярнуць асаблівую ўвагу на катэгорыі работнікаў, што атрымліваюць зарплату «па ніжняй мяжы». Гэта якраз тыя людзі, ад якіх напрамую залежыць дабрабыт дзяржавы, і занятыя яны ў сельскай гаспадарцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры, сацыяльным забеспячэнні.

Уборка ўраджаю — не гераізм

Зараз жа найважнейшы клопат — харчовая бяспека дзяржавы.

— Я ўважліва адсочваю тое, пра што пішуць асобныя сродкі масавай інфармацыі, — прызнаўся кіраўнік краіны. — Памылка журналістаў у тым, што яны пішуць пра нейкі гераізм на ўборцы ўраджаю, у тым ліку Прэзідэнта. Ніякага гераізму на ўборцы няма. Гэта спрошчаны падыход да таго, што раблю я і ўсе тысячы людзей, якія сёння занятыя ў тым ліку і ўборкай. Гаворка ідзе выключна пра харчовую бяспеку нашай краіны.

Па словах кіраўніка краіны, калі людзі будуць накормленыя, тады і ў краіне будзе мір і парадак.

Найвялікшае дасягненне

Што да малочнатаварных комплексаў, Прэзідэнт пацікавіўся, як ідзе іх будаўніцтва. Да гэтай тэмы ён звяртаўся зусім нядаўна ў самым практычным плане трошкі больш за тыдзень таму, падчас рабочай паездкі на Брэстчыну.

— Гэта ніякія не фермы, гэта комплексы. Калі мы мелі праект мадэрнізацыі і будаўніцтва новых фермаў, іх было колькі? — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

— Тысяча дзвесце восем, — паведамілі яму. — Плюс будаўніцтва трохсот дзвюх.

— Я ўжо казаў, што ў сувязі з некаторымі праблемамі на фінансавым рынку, я не напружваў па гэтых тэмах, маю на ўвазе завяршэнне мадэрнізацыі і будаўніцтва новых малочнатаварных комплексаў. Не напружваў — ні спецыялістаў, ні фінансавую сістэму. Таму што гэта патрабуе пэўных сродкаў. Сёння настаў час заняцца гэтымі праблемамі. Гэта найвялікшае наша дасягненне, што мы ў свой час схапіліся за гэтыя малочнатаварныя комплексы.

— Малако сёння рэнтабельнае, і ў асноўным на малочнатаварных комплексах, якія мадэрнізаваныя і адбудаваныя, — найвышэйшая якасць малочнай сыравіны, з якой мы вырабляем шыкоўную прадукцыю, што сёння карыстаецца попытам ва ўсім све-
це. Настаў час завяршыць гэты працэс, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба да канца 2018 года скончыць будаўніцтва і мадэрнізацыю старых малочнатаварных комплексаў там, дзе мы іх запланавалі, і забяспечыць іх якаснымі кармамі.

Суперкамбайн ад «Гомсельмаша»

Што да прамысловага комплексу, то Прэзідэнт нагадаў пра заданне, пастаўленае ім асабіста: да ўборачнай 2018 года абнавіць мадэль камбайна «Палессе».

— Увогуле, нам трэба спыніцца на нейкіх мадэлях, якія будуць запатрабаваныя на рынку. Той камбайн, які мы апрабавалі нядаўна ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях, — нядрэнны. Жне чыста, нічым не саступае імпартным аналагам, і добра, што цяперашнія канструктары «Гомсельмаша» на гэтым не спыняюцца. Яны заяўляюць пра тое, што ёсць кірункі, па якіх яшчэ можна палепшыць гэты камбайн.

Асобнае даручэнне — распрацаваць айчынны рухавік для нашых камбайнаў.
А далей — і найлепшы камбайн у свеце!

Дзяржпадтрымка без варыянтаў

Наступны пункт для абмеркавання на нарадзе з урадам — справы ў будаўнічай сферы.

— Жыллё, іншыя аб'екты... Што робіцца для зніжэння іх сабекошту? Мяне гэта сфера вельмі хвалюе. Калі нехта ва ўрадзе хоча згарнуць будаўніцтва жылля, я ім раю не марудзячы перайсці ў адна- і двухпакаёвыя кватэры разам са сваімі сем'ямі або зняць кватэру па найме і жыць з гаспадарамі, — заявіў Прэзідэнт.

Спытаў кіраўнік краіны і пра фінансавую стабільнасць у краіне: як яна забяспечваецца і якія меры прымаюцца для ўмацавання нацыянальнай валюты. Яшчэ адна тэма — экспарт тавараў і паслуг.

— Калі ў цэлым дзякуючы цэнавому фактару адбыўся рост экспартнай выручкі і сітуацыя палепшылася — гэта нядрэнна, але пакуль сур'ёзных зрухаў да дыверсіфікацыі, засваення новых рынкаў тавараў і паслуг няма. Трэба гэтыя пытанні абмеркаваць.

У тэму

Андрэй Кабякоў, прэм'ер-міністр:

— Па сямі месяцах (бягучага года. — Аўт.) у нас абазначыўся эканамічны рост. Ён пацвярджае тыя значэнні, якія былі ў нас, пачынаючы з вынікаў першага квартала. За сем месяцаў у нас тэмп валавога ўнутранага прадукту склаў 101,1%. І гэта нягледзячы на тое, што ў сілу аб'ектыўных прыродна-кліматычных умоў у нас тэрміны ўборкі ўраджаю зрушыліся на два-тры тыдні ў адносінах да мінулага года.

Кіраўнік урада канстатаваў: сёння важна не згубіць бягучую макраэканамічную ўстойлівасць, якую мае наша эканоміка.

— У нас устойлівая тэндэнцыя на зніжэнне інфляцыі. Ёсць перспектывы да таго, што па выніках — снежань да снежня — у нас інфляцыя можа не перавысіць 7%, што цягне за сабой іншыя, вельмі залежныя ад гэтага паказчыкі, параметры. Напрыклад, працэнтныя стаўкі па крэдытах.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Рост ёсць. Як забяспечыць дынаміку?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?