Вы тут

Як жыве самы маленькі паштальён Беларусі?


Антону Макаранку — 36 гадоў. Апошнія шэсць з іх ён працуе паштальёнам. Кажа, што, дзе б ні з'явіўся, на яго ўсе звяртаюць увагу... З-за росту. А рост у самага маленькага паштальёна Беларусі — усяго адзін метр трыццаць сантыметраў.


Падчас нашай размовы ўсмешка практычна не сыходзіла з твару маладога чалавека. Ён, дарэчы, нарадзіўся 1 красавіка, у дзень смеху. «Магчыма, таму люблю смяяцца, — кажа Антон. — Ды і ад таго, што я буду хадзіць паўсюль пануры, нікому добра не будзе — ні мне, ні іншым»

«Не хачу хварэць, таму стараюся як мага часцей усміхацца»

На сустрэчу Антон прыехаў на веласіпедзе. Адразу пасля працы. У парку Чалюскінцаў на лавачцы сядзела дзяўчына з гіраскутарам. «О, гіраскутар!» — узрадаваўся Антон. — А можна мне паспрабаваць праехацца?» — «Вядома», — усміхнулася незнаёмка.

— Антон, не кожны зможа штосьці папрасіць у незнаёмага чалавека. А ў вас гэта атрымалася надзвычай нязмушана...

— Як кажуць, хто пытае, той не блудзіць. Ніхто ж мяне за гэта біць не будзе, праўда? Калі Саша Мінёнак рыхтаваўся да Еўрабачання, я хадзіў да яго на фансустрэчу. Там пазнаёміўся з дзецьмі з падтанцоўкі. Яны рыхтавалі нумар на гіраскутарах і навучылі мяне кіраваць гэтай штуковінай. Дзеці, у адрозненне ад большасці дарослых, адкрытыя душой. Чым старэйшы чалавек, тым больш у яго стэрэатыпаў, страхаў. А ад мітусні ды пустых перажыванняў, не сакрэт, хваробы ўзнікаюць. Я не хачу хварэць, таму стараюся як мага часцей усміхацца.

Вось ужо 18 гадоў Антон працуе на Белпошце. Шэсць апошніх з іх звычайным паштальёнам — разносіць лісты, газеты мінчанам, якія жывуць на вуліцах Багдановіча, Някрасава, Усходняй, Бяды.

Лішніх грошай у сям'і ніколі не было, таму хлопец імкнуўся як мага раней стаць незалежным, каб дапамагаць бацькам. Не хацеў сядзець у іх на шыі. Скончыў дзевяць класаў і паступіў у каледж сферы абслугоўвання. Адвучыўся і адразу ж пайшоў працаваць у паштовае аддзяленне.

— Спачатку шчыраваў у офісе. Даводзілася па восем гадзін на дзень праводзіць за камп'ютарам. Вочы стамляліся, зрок пачаў псавацца. Раней пайсці нельга, нават калі ўсё зрабіў. Калі аддзяленне расфарміравалі, пайшоў працаваць простым паштальёнам. І вельмі рады гэтаму. Мая праца мне падабаецца. Чым раней развёз пошту — тым раней вызваляешся. Вось зараз людзі сядзяць у офісах, а я ўжо ў 15.30 сваю работу на сёння скончыў і даю інтэрв'ю.

Спачатку ў мяне не было веласіпеда, даводзілася разносіць пошту пешшу. Спіна балела, ногі. Стамляўся, і больш нічога не хацелася. Ды і жыву я ў Малінаўцы. Грошай шмат на транспарт ішло. На адзін з заробкаў купіў сабе веласіпед. І ведаеце, адчуваць стаў значна лепш. Ды і людзі, калі я еду на веласіпедзе, асабліва самі веласіпедысты, заўсёды мне ўсміхаюцца.

На працы Антону таксама часам дапамагаюць незнаёмыя людзі.

— У адным доме вельмі высока ўсталяваныя паштовыя скрыні. Не дастаю да верху, таму прылаўчыўся прасоўваць канверты знізу праз шчыліны ў скрынях. Газета туды не пралазіць, таму тэлефаную ў канкрэтную кватэру альбо чакаю, пакуль хтосьці з жыхароў вернецца дадому і дапаможа мне.

«Сонца ўсім аднолькава свеціць»

Антон прызнаўся, што марыць стаць багатым і знакамітым, таму не абмяжоўваецца адной працай. У вольны час зарабляе грошы ў начных клубах. Падпрацоўвае там аніматарам, шоуменам.

— Па клубах хаджу дзеля грошай. Калі шчыра, гэта ўсё не маё. Што там цікавага? Сядзяць людзі каля барнай стойкі і п'юць. А потым танцуюць ды дзеля забавы фатаграфуюцца са мной. А пасля зранку на працу складана падымацца.

Больш па душы Антону здымкі ў фільмах, кліпах.

— На здымкі ў фільме «Анастасія Слуцкая» я трапіў дзякуючы маме. Мы раней выпісвалі газету «Вячэрні Мінск». Менавіта там мама і ўбачыла аб'яву, што кінастудыя шукае акцёра невялікага росту на ролю пажа. Я, вядома, адразу згадзіўся. На працы мяне падтрымалі. Адпусцілі на тыдзень: шэсць дзён я правёў на здымачнай пляцоўцы разам з іншымі акцёрамі, у тым ліку са Святланай Зелянкоўскай, расійскім акцёрам Сяргеем Глушко, вядомым як Тарзан. Пасля гэтых здымак мяне заўважылі і пачалі тэлефанаваць. У асноўным прапаноўваюць ролі ў кліпах.

Ан­тон по­бач з Сяр­ге­ем Бяз­ру­ка­вым пад­час зды­мак «Улан­скай ба­ла­ды».

У прыватнасці, Антон зняўся ў кліпе Ларысы Грыбалёвай. А падчас здымак фільма «Уланская балада» яму пашчасціла пазнаёміцца з Сяргеем Бязрукавым.

— Мне падабаецца кантактаваць з творчымі людзьмі, таму, калі бачу аб'яву ў кінастудыі, не раздумваючы прапаноўваю сваю кандыдатуру. Чаго саромецца?! Сонца ўсім аднолькава свеціць.

Але больш за ўсё на свеце Антон любіць музыку. Кажа, пачаў спяваць раней, чым гаварыць. У дзяцінстве браў міскі і стукаў па іх лыжкамі ды відэльцамі, як па барабанах.

У рэпертуары паштальёна ў асноўным эстрадныя папулярныя песні. З задавальненнем выконвае кампазіцыі Тота Кутуньё на італьянскай мове, Томаса Андэрса на англійскай, Аляксандра Сярова, Валерыя Лявонцьева... Яму падабаецца, калі людзі ведаюць тэксты і падпяваюць.

— Я мару выступаць на вялікай сцэне, мець свой фан-клуб. Але пакуль што спяваю ў асноўным на працы, у актавай зале Белпошты. Зрэдку клічуць у караоке-клубы.

Я ж хачу, каб мяне часцей кудысьці запрашалі. Мне гэта прыносіць столькі задавальнення! А мара зняцца ў адным фільме з Брэдам Пітам не пакідае мяне ні днём ні ноччу. Абажаю гэтага акцёра.

«У дзяцінстве я адчуваў сябе іншапланецянінам»

З-за прыроджанай ахандраплазіі — гэта захворванне, пры якім парушаецца рост касцей, — Антона не бралі ў дзіцячы сад.

— Выхавальнікі баяліся, раптам са мной штосьці здарыцца. З-за гэтага я напачатку адчуваў сябе іншапланецянінам. Калі пайшоў у школу, мы жылі на вуліцы Багдановіча. Каля нашага дома хадзіла вялікая колькасць тралейбусаў. Мне чамусьці падабаўся гэты транспарт. Нават марыў стаць кіроўцам тралейбуса і развозіць людзей. Дачы ў нас няма, у летнік мяне таксама не бралі з-за росту. Мне было сумна аднаму на канікулах, таму вырашыў: буду сябраваць з кіроўцамі тралейбусаў. Знаёміўся з імі, залазіў у кабіны, яны мне дазвалялі націскаць кнопку, каб адчыняліся-зачыняліся дзверы. Затое цяпер я ведаю ўвесь Мінск як свае пяць пальцаў. Мне, на жаль, нельга працаваць кіроўцам тралейбуса, бо я не дастаю да педаляў, таму кірую веласіпедам.

— Ведаеце, у Львове ёсць кавярня, дзе афіцыянтамі працуюць дарослыя людзі маленькага росту...

— Гэта цудоўна! Сумняваюся, што ўладальнік нашай кавярні ўзяў бы такога, як я, на працу афіцыянтам. А ў Львове, самі ж бачылі, з гэтага робяць фішку. У іх там шмат розных тэматычных кавярняў.

Зараз Антон жыве ў двухпакаёўцы разам з бацькамі.

— Я вельмі ўдзячны ім, што выгадавалі мяне. Шмат выпадкаў, калі дзяцей аддаюць у інтэрнаты, адмаўляюцца ад іх. Гэта жахліва! Часам, калі нараджаецца дзіця з асаблівасцямі, мужчына сыходзіць з сям'і, не вытрымлівае. Але мае бацькі не развяліся, у мяне ёсць малодшы брат. Ён ужо жыве асобна. Усе мае сваякі звычайнага росту. Я рады за іх. І нікому не зайздрошчу. Лічу, што ў кожнага свой лёс, свая ўнікальная місія ў гэтым свеце.

Пакуль мы размаўлялі, міма праходзілі і дзеткі, і дарослыя. Усе рэагавалі на Антона па-рознаму: хтосьці глядзеў на яго, як на дзіва, большасць жа хуценька адводзілі позірк. Заўважыла, Антон вельмі абрадаваўся, калі яму ўсміхнулася маленькая дзяўчынка, а потым хлопчык.

— Мне адразу стала так добра, сапраўднае адчуванне палёту на душы. Мару пра сям'ю, уласных дзяцей. Магчыма, яны будуць мець нейкі талент. Бог, спадзяюся, запланаваў мне сустрэць жанчыну, якая пакахае мяне такога, які я ёсць. Калі вучыўся ў каледжы, мне падабалася адна дзяўчына. Але я свае пачуцці трымаў у сабе. Любаваўся яе прыгажосцю збоку. Стараўся добра вучыцца, каб прыцягнуць увагу. Разумею, што не ў грашах шчасце. Але ўсё адно мару зарабіць іх як мага болей, бо, каб стварыць сям'ю, трэба мець магчымасць яе забяспечваць.

— Якую дзяўчыну бачыце побач з сабой?

— Любы хлопец, не толькі я, марыць пра прыгожую, гаспадарлівую, разумную жонку. Хоць прыгажосць адноснае паняцце. Калі кагосьці пакахаю, той чалавек для мяне будзе самым прыгожым.

— А вы самі ўмееце што-небудзь рабіць па доме?

— Вядома. Я магу веласіпед адрамантаваць, а не толькі ў майстэрню завозіць. Навошта траціць грошы, калі можна самому навучыцца? Кожны чалавек, асабліва мужчына, павінен многае рабіць сваімі рукамі. Пачынаючы ад элементарнага — памыць падлогу — і заканчваючы рамонтам тэхнікі.

«Сумна, калі дзіця бачыць мяне і хаваецца за маму»

— Антон, заўважыла, што многія людзі, праходзячы міма, азіраюцца ўслед. Вас гэта не крыўдзіць?

— Няхай азіраюцца. Што ў гэтым такога? Я люблю быць у цэнтры ўвагі. Калі бачу, што на мяне пільна глядзяць, проста ўсміхаюся. І радуюся, калі мне ўсміхаюцца ў адказ. Але калі азіраюцца са злосцю, адчуваю сябе не ў сваёй талерцы. Быццам бы я ім чымсьці замінаю. А нядаўна пачуў краем вуха: «Глядзі, які маленькі дзядзя на веласіпедзе едзе!» І гэта кажа свайму сыну дарослы чалавек і паказвае ў мой бок пальцам. Таксама сумна, калі дзіця бачыць мяне і хаваецца за маму ці абзывае гномам. Часам і больш крыўдныя словы чую ў свой адрас. Бацькі ў такіх выпадках, як правіла, чамусьці сядзяць і маўчаць.

— А з якім казачным героем сябе асацыюеце?

— З Карлсанам, вядома. Я таксама люблю варэнне. І не лічу сябе злым чалавекам.

— Калі б вы былі на месцы тых бацькоў, як бы выхоўвалі дзіця?

— Адразу ж, з пялёнак, вандраваў бы з ім па свеце. Паказваў, расказваў. Я быў у Польшчы, Балгарыі, Турцыі, Ізраілі. За мяжой шмат розных людзей на вуліцах, у тым ліку на інвалідных калясках, маленькага росту. Як дрэваў аднолькавых не знойдзеце, так і людзей. Усе розныя. І гэта цудоўна. Я сваё дзіця навучыў бы знаходзіць падыход да любога чалавека. Мне здаецца, свет будзе дабрэйшым, калі ўсе людзі будуць адкрытыя для зносін.

— І ў Беларусі ёсць дарослыя маленькага росту. Але іх чамусьці практычна не відаць на вуліцах. Напэўна, яны замыкаюцца ў чатырох сценах...

— Я не замыкаюся. Навошта? Калі няма настрою, наадварот, саджуся на веласіпед і еду катацца. На свежым паветры настрой імгненна падымаецца. Каб не ўпасці ў дэпрэсію, стараюся кантактаваць з такімі ж жыццярадаснымі людзьмі, як сам. Пасля працы час ад часу гуляю ў футбол са школьнікамі. Заўважыў, што цяпер футбольныя палі пустуюць. У маім жа дзяцінстве за мячом пасля школы бегалі практычна ўсе хлопцы. А зараз і школьнікі, і моладзь сядзяць у інтэрнэце. Я люблю футбол, асабліва клуб «Рэал Мадрыд». Уяўляеце, нядаўна паставіў на яго дзве тысячы рублёў і выйграў вельмі вялікую стаўку.

— Антон, уявіце, што вы сам у сябе бераце інтэрв'ю. Якое апошняе пытанне задалі б сабе?

— Для чаго я тут, на гэтай зямлі? Якая ў мяне місія ў жыцці? Часта думаю пра гэта. Але пакуль дакладнага адказу не ведаю. Патрэбны ж, відаць, для чагосьці. Можа, кагосьці натхню, выратую... На вуліцах горада штодзень бачу шмат панурых людзей. Хочацца, каб чалавек, які не любіць сябе, паглядзеў, што я ўсміхаюся, радуюся жыццю, і зразумеў, што і ў яго не так ужо ўсё дрэнна.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Вялікія мары маленькага Антона

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў. 

Грамадства

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?

На якім этапе трэба распачынаць выхаванне будучага даследчыка: у аспірантуры, магістратуры або яшчэ ў школе? 

Грамадства

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі

Праведзеныя аператыўныя ўмяшанні — гэта надзея на радыкальнае вылечванне для тых, хто зараз з прычыны свайго захворвання прымае сур'ёзныя лекавыя прэпараты.

Грамадства

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Сваім вопытам дзеляцца чэшскія спецыялісты.