Вы тут

«Якая ж я дачніца?! Тутэйшая, арэпіцкая»


Зірніце, які ўраджай жыта на сваім прысядзібным участку вырасціла дбайная гаспадыня з Арэпічаў. Прычым усё зжала сярпом у свае 84 гады сама! Атрымалася ажно 11 буйных снапоў. Цяпер клопат — абмалаціць іх. У мясцовай гаспадарцы руплівіцы паабяцалі выдзеліць камбайн.


Домік Вольгі Рыгораўны Кухарчук знаходзіцца непадалёку ад канторы ААТ «Арэпічы». Ён прыкметны: відавочна, пабудаваны даўно, на сваім вяку пабачыў нямала, аднак яшчэ такі моцны, дагледжаны, пафарбаванымі драўлянымі вокнамі паглядае на вуліцу. Да самых веснічак цягнуцца кветкі. Дарэчы, яны ў чысцютка прыбраным і выкашаным двары растуць паўсюль: у цыбулі, на градах з морквай і чырванабокімі памідорамі, у фасолі. Шмат кветак у вазонах на падаконніках.

— А як жа без іх? Не было б так утульна і «цёпла» ў пакоях і на падворку, — кажа Вольга Рыгораўна. — Я імі з дзяцінства захаплялася... Іншая рэч, што раней такога выбару не было — цяпер многа «заморскіх», капрызных кветак. А мне больш даспадобы палявыя, няхай просценькія — ды такія родныя, як у маім дзяцінстве...

Вольга Рыгораўна ўспамінае, як разам з бацькам будавала дом, у якім зараз жыве: «Старэйшы брат слабаваты здароўем быў, а малодшы — дзіця, які з яго памочнік?.. Бацька пушчанскі лес прывёз, сам бярвенне габляваў, рабіў хату сумленна, на доўгія гады. Кухню вялікую запланаваў, каб і нам, дзецям, і гасцям месца хапала. Бывала, са школы прыйду, партфель пад стол кіну і бягу ў лес мох драць. Яго паміж бярвёнамі клалі, каб цёпла зімой было. Хто ж думаў тады, што разам (кранае рукою шурпатую сцяну дома) век дажываць будзем?»

З мая па кастрычнік я тут і жыву. А зімою — у Брэсце. Суседзі кажуць пра мяне — дачніца. А якая ж я дачніца? Я ж тутэйшая, арэпіцкая.

У вёсцы работы заўжды многа — у хаце парадак навесці, на двары, грады папалоць. Я да працы звыклая — з пятага класа касіць навучылася, жаць, араць — таму і занятак сабе заўжды знайду. Вось і сёлета жыта пасеяла, каб зелле не расло, бо перад суседзямі сорамна.

Дарэчы, гэтая мілая жанчына 40 гадоў прапрацавала ў Брэсцкім раддоме акушэркай, дапамагала немаўляткам з'явіцца на свет.

— Падумаць толькі — колькі немаўлятак прыняла! — успамінае Вольга Кухарчук. — Неяк спрабавала падлічыць — і збілася. Прыемна было, калі на вуліцы жанчыны мяне пазнавалі, спынялі, «дзякуй» гаварылі, што дапамагла дзіцяці на свет нарадзіцца, хваліліся ружовашчокімі гарэзамі. А цяпер многія з іх не тое што сваіх дзетак — ужо і ўнукаў маюць. Асабліва шкадавала жанчын з вёскі — старалася такім і пялюшак паболей прынесці, і словам добрым падтрымаць.

Бывала, просяць мяне проста пабыць побач — заставалася, сядзела да раніцы, нават калі мая змена даўно скончылася. Радавалася разам з парадзіхай, калі немаўлятка нарэшце з'яўлялася на свет, клала яго маме на жывот. Вельмі прыемна было, калі мамачак праз некалькі гадоў зноў бачыла ў радзільнай зале і радасныя бацькі выносілі «канверцік» з чарговым падарункам лёсу.

Не разумела татаў, якія адпраўлялі жонак у раддом з наказам: «Ідзі, нараджай, толькі без сына можаш не вяртацца». А калі Бог даў дачку — то што, у свет ідзі? Даводзілася неаднойчы з такімі татамі размаўляць, ушчуваць. Так і карцела завесці такога ў радзільную залу, каб пабачыў, адчуў, як «лёгка» дастаецца маці дзіцятка.

Вольга Рыгораўна разумела і шкадавала парадзіх. Тут трэба быць не толькі высакакласным спецыялістам, а яшчэ і псіхолагам, сяброўкай, маці ў рэшце рэшт. Асабліва пачала разумець цяжарных, калі сама нарадзіла сына і дачушку.

— Я цяпер ужо двух унукаў і праўнука маю, — цёпла пасміхаецца, седзячы на лаўцы пад вокнамі сваёй хаты, Вольга Рыгораўна. — Сюды, у вёсачку, ездзяць, ды нячаста — у іх свой, малады, погляд на жыццё. А мне тут добра. Тут мая радзіма, тут мой родны дом.

Святлана БЯЛЯК

Жабінкаўскі раён

Фота Святланы КІСЛАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».