Вы тут

«Пісьмо пра шчасце я так і не атрымаў»


Я ехаў з турысцкага паходу па Карэльскім перашыйку. Шлях мой ляжаў праз Санкт-Пецярбург, горад, што заўсёды прыцягваў маю ўвагу сваёй багатай гісторыяй. І цяпер, карыстаючыся выпадкам, я яшчэ раз захацеў прайсціся па яго ажыўленых праспектах, шырокіх вуліцах. Гуляючы па горадзе, я звярнуў увагу на краму з вельмі ўжо яркай шыльдай «Ювелірныя вырабы». чамусьці захацелася зайсці туды.


У вітрынах з падсветкай з розных бакоў усё так і зіхацела. Выбар быў захапляльны, на любы густ і гаманец.

Ужо хацеў выйсці з крамы, але маю ўвагу прыцягнула постаць жанчыны, якая падалася вельмі знаёмай. Яна выбірала сабе пярсцёнак з каштоўным каменем. Падышоў бліжэй да вітрыны, жанчына павярнулася, І мы пазналі адно аднаго. Ды і як не пазнаць, калі гэта была мая вучаніца.

Галя энергічна працягнула мне руку. Я таксама быў вельмі рады такой сустрэчы, бо заўсёды настаўніку прыемна бачыць тых, каго ён калісьці рыхтаваў да самастойнага жыцця. Каб пагутарыць, мы выйшлі з крамы і пайшлі ў бліжні скверык. Успаміналі школьныя гады, Галіных аднакласнікаў. Я прыглядаўся да Галі і мне чамусьці падалося, што яе нешта трывожыць і не дае душэўнага спакою. Хоць прыгожы выгляд, шыкоўнае адзенне, дарагія для звычайнага дня ўпрыгажэнні гаварылі пра тое, што жыве яна ў спрыяльных умовах, матэрыяльна забяспечаная. І, як высветлілася крыху пазней, мае падазрэнні мелі падставу. Галя прызналася, што яна не знайшла свайго шчасця.

— Пётр Паўлавіч, відаць я вінаватая перад сваімі настаўнікамі, што пачала сваё жыццё не так, як вы мяне вучылі, — гаварыла яна. — Памятаеце, я ж была добрай вучаніцай.

Сапраўды, я добра памятаў Галю — выдатніцу, спартсменку, аматара мастацкай літаратуры, завадатара і арганізатара розных спраў. І прыгажуню — на яе ўпотай заглядваліся многія хлопцы. Памятаў, што, скончыўшы школу, яна паступіла ў Ленінградскі медінстытут. Што было далей, я не ведаў. Як расказала Галя, было вось што.

Ужо некалькі гадоў як Галя выйшла замуж. Яе муж — прадпрымальнік. Мае шэраг сваіх крам. Ён намнога старэйшы за яе, але гэта не стала перашкодай для стварэння сям'і.

А потым... Потым пачаліся сямейныя будні. Муж аказаўся не зусім такі, якім яго Галя лічыла спачатку. Праўда, ён ніколі не прыходзіў дадому п'яны, да маладой жонкі ставіўся заўсёды роўна і спакойна. І з цягам часу Галя заўважыла, што яна губляе сваю самастойнасць і становіцца ценем свайго мужа.

«Навошта табе інстытут? — пераконваў ён жонку. — Навошта табе гэтыя прыёмы хворых? Працаваць табе ўсё роўна не будзе патрэбы. Мы можам купіць тое, што нам трэба. І адпачыць на любым узбярэжжы, і дома ўсяго хапае...» І Галя кінула інстытут.

«Жанчына павінна быць заўсёды прывабнай, яна павінна паказаць сябе ў свеце», — казаў ён. І Галя пачала наведваць касметычныя кабінеты, набываць дарагія ўпрыгажэнні, каб выглядаць адпаведным чынам, быць такой, якой хацеў бачыць яе муж. Проста прыгожай, вельмі прыгожай рэччу яго дома. Мне чамусьці захацелася прыпыніць яе расказ, спытаць, як магла яна так хутка згубіць свае цудоўныя юнацкія мары, але я чамусьці ўстрымаўся. Бо ў Галіных вачах было столькі невыказанай разгубленасці. Як на споведзі, яна выкладала мне свае сумненні, усё, што было ў яе на сэрцы. Ёй так хацелася вярнуцца да сваіх юнацкіх мар, убачыць сябе такой, якой яна была ў школьныя гады.

— Вы памятаеце наш дыспут «Шчасце цяжкіх дарог». Памятаеце, як я спрачалася з Васем, які казаў, што для шчасця абавязкова патрэбны камфорт і розныя бытавыя выгоды. А я ж тады сцвярджала, што па-сапраўднаму шчаслівы той, хто выбраў сабе дарогу рамантыкі, хто ўвесь час у пошуках, хто перш за ўсё думае, што зрабіць добрага для іншых людзей. Шчаслівыя тыя, хто не баіцца цяжкасцяў, а пераадольвае іх.

Гэты дыспут праходзіў напярэдадні выпускных экзаменаў, і Галя тады гаварыла пра іншыя жыццёвыя дарогі, што выбіраюць смелыя і настойлівыя. І раптам гэты нечаканы фінал: шыкоўная кватэра-клетка, адсутнасць працы і сяброў.

«Раніцай праводжу мужа на работу. Вечарам сустракаю. Толькі і клопату, што прыбраць кватэру, наведваць розныя атэлье ды пагаспадарыць на кухні. І так дзень пры дні. А да мужа я ўжо не так і прывязана. Мы як бы жывём рознымі жыццямі. У яго свая праца, свае інтарэсы і хваляванні. Яны мне не заўсёды па душы, але што зробіш».

— Ці чула ты што пра Мікалая? — успомніў я юнацкае сяброўства Галі.

— О, у яго вельмі цікавае жыццё. Ён стаў мараком. Жыве ў Мурманску. Шмат падарожнічаў, многае перажыў, многае бачыў. Я яму зайздрошчу. Дарэчы, запрашаў мяне да сябе на работу. А можа, мне сапраўды паехаць, — нечакана сказала яна, апусціўшы вочы. — Я вам абавязкова напішу, раскажу, як склалася маё далейшае жыццё, — сказала яна пры развітанні.

Я доўга чакаў пісьма пра шчасце. Але так і не атрымаў. А хацелася. Бо яно было б сведкам таго, што Галя на дарозе да шчасця. Простага, чалавечага і так неабходнага кожнаму.

Пётр Сачыўка, заслужаны настаўнік Беларусі,

в. Цырын, Карэліцкі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.